Новая Канстытуцыя: прынялі – а што далей?

11:58 / 17.03.2022

Здавалася б, тое, да чаго рыхтаваліся доўга і старанна – вычытвалі, абмяркоўвалі, прапаноўвалі, уносілі або, наадварот, выкрэслівалі з праекта – прайшло: абсалютнай большасцю галасоў беларусы сказалі “так” новай Канстытуцыі – зводу законаў, па якім ужо ў бліжэйшай перспектыве будзем жыць мы і нашы дзеці. Дзякуючы зладжанай рабоце адказных і людзей, якія разумелі ўсю важнасць, неабходнасць і прагрэсіўнасць новага Закона, прымалі ў яго абмеркаванні актыўны ўдзел, усё прайшло як па масле, хоць падводныя камяні то тут, то там сустракалася…

У апошнюю нядзелю лютага мы зрабілі свой выбар, і многія думалі, што Асноўны Закон пачне працаваць прама з наступнага дня. А вось тыя, хто ўважліва чытаў праект Канстытуцыі або ні слова не прапускаў з таго, пра што гаварылася на дыялогавых пляцоўках, адчувалі сябе спакойна – яны ведалі, што “нешта пачынаць” будзе магчыма толькі пасля падпісання Прэзідэнтам Рашэння рэспубліканскага рэферэндума. Каб новая Канстытуцыя не проста была, а “працавала”, патрабуецца не дзень і нават не тыдзень: каля 100 законаў і кодэксаў трэба прыняць для гэтага. Прычым дакументы гэтыя павінны быць простымі і зразумелымі для нас. Становіцца зразумелым, чаму на так званы пераходны перыяд прадугледжана два гады.

У жыцці я прытрымліваюся прынцыпу “цішэй едзеш – далей будзеш”. Толькі тады любая сістэма будзе працаваць добра, калі яе “абсмакавалі” з усіх бакоў, узвесілі “за” і “супраць”, разгледзелі ўсе магчымыя варыянты развіцця і выслухалі ўсіх зацікаўленых. Гэта тычыцца не толькі нейкага аднаго закона, але і цэлага напрамку. Калі ж гэтым напрамкам лічыць нашу агульную будучыню, спяшацца тым больш нельга.

Новая Канстытуцыя дае новыя магчымасці не толькі людзям, якім патрэбна сацыяльная падтрымка, не толькі шматдзетным або хворым. Мне яна таксама гарантуе – што гісторыя маіх продкаў і краіны не будзе забыта або перапісана і што мае дзеці будуць разумець не толькі паняцце “мне абавязаны”, але і “я павінен”. Сёння, калі ў зоне палітычнай і эканамічнай турбулентнасці апынуўся ўвесь свет, менавіта гэта для мяне важна. Бо веру, што пакуль мы памятаем урокі гісторыі і пакуль ведаем, што азначае слова “абавязак”, наша прыгожая, мірная краіна будзе ісці ў правільным напрамку – далейшага развіцця. Прарвёмся, як кажуць, праз церні да зорак. У тым ліку дзякуючы новай перадавой і дэмакратычнай Канстытуцыі.

Новая Канстытуцыя: прынялі – а што далей? Хотянович

#конституция #референдум

Текст: