Якім было надвор’е ў трэці тыдзень сакавіка ў розныя гады

13:00 / 15.03.2022
15-21 сакавіка

Сёлетні сонечны і марозны пачатак сакавіка некага парадаваў, шчодра ружовячы шчокі і паддаючы настрою дзённым цяплом, кагосьці засмуціў, падмарозіўшы першацветы і раннія ўсходы… Усім ужо хочацца сапраўднай вясны: яркай, цёплай, звонкай…

Але сакавік не толькі ў гэтым годзе дражніцца цяплом. Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі трэці тыдзень сакавіка быў марозным чатары гады запар, з 1996-га па 1999-ты: сярэдняя тэмпература ніжэй за нуль, у асобныя дні апускалася да 13, 15 і нават 17 градусаў марозу.

Холадна было таксама ў 2005 і 2013 гадах. А ў 1992-м Стэфан Рамэйка 16 сакавіка запісаў: «Ноч і дзень снег, завея, месцамі намяло па калена». У 2001 годзе ён жа зафіксаваў, што «намяло да 20 сантыметраў снегу». А ў 2013-м 15 сакавіка ў Беларусь завітаў цыклон «Хаўер», наступствы якога добра памятаюць і астраўчане, асабліва тыя, каго непагадзь заспела ў дарозе.

А ў 1990 годзе ў гэты час радаваліся сапраўднай вясне: сярэдняя тэмпература тыдня склала +80С, 19 сакавіка слупок тэрмометра ўздымаўся да 20 градусаў. Ранняй выдалася вясна ў 1991, 1993, 2002, 2004, 2007, 2011, 2012, 2014, 2015, 2017, 2019 і 2020 гадах: сярэдняя тэмпература трэцяга тыдня складала ад чатырох да сямі градусаў цяпла.

Гракамі, жаўранкамі і журавамі ў другой палове сакавіка ўжо нікога не здзівіш. А вось буслы звычайна прылятаюць пазней, у апошнія дні месяца. Тым не менш, Стэфан Рамэйка запісаў, што «17 сакавіка прыляцелі шпакі і бачылі бацяна». Масавы прылёт шпакоў зафіксаваў 22 сакавіка Станіслаў Памецька. Ён жа 17 сакавіка 2020 года бачыў бусла.

Народныя прыкметы

14-17 сакавіка (1-4 сакавіка па старым стылі) па павер'ях вызначалі надвор'е на ўвесь год: 14 сакавіка прадказвала, якой будзе вясна, 15-га – лета, 16-га – восень, 17-га – зіма.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 



Текст: Главный администратор
Фото: Вероника Бойкова