Па сцяжынцы да школьнага парога Завельцаўскай школы прайшлася яе былы дырэктар Яніна Іванаўна Ермак

11:00 / 28.02.2022
464

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

З гісторыі школы

Лёс звязаў Яніну Іва­наўну Ермак, у дзявоцт­ве Трамбовіч, з Завель­цаўскай базавай школай у 1962 годзе: пасля заканчэння Ашмянскага педкласа яе накіравалі сюды на працу. А ў 1977 годзе яна ўзначаліла гэтую ўстанову і працавала там да яе закрыцця.

– Як расказвалі старыя людзі, у доме Ермакоў працавала чатырохкласная школа. Першым настаўнікам быў Цынунін. А дырэктарам – Сярэднякоў. Пры ім пабудавалі першы будынак на 3 пакоі. Другім дырэктарам быў Мілюць. Ён перавёз сюды яшчэ адзін будынак – былой школы з Багданішак, – ён і цяпер тут стаіць. 

Калі я прыехала ў Завельцы, установу ўзначальваў Ста­ніслаў Вікенцьевіч Урбан. Ён гісторыкам быў, але вучыўся на завочным аддзяленні. А яго жонка ўжо мела вышэйшую адукацыю – яна скончыла біяфак універсітэта. Праўда, праз 2 гады Урбан адвучыўся і разам з сям’ёй вярнуўся на радзіму ў Нясвіжскі раён.  За 15 гадоў, што я адпрацавала ў Завельцаўскай школе настаўнікам, у нас змяні­лася 8 дырэктараў.

Калі Станіслаў Вікенцьевіч выехаў, установай кіраваў До­мань, але нядоўга: хутка выехаў у Адэсу. Дырэктарам пры­зна­чылі Фаіну Львоўну Вінакур. Здаецца, цяпер яна жыве ў Смаргоні. 

Потым школу ўзначаліў Ням­кевіч – добры быў гаспа­дарнік, строгі, але разумны настаўнік і кіраўнік. Многае ён тут зрабіў. Перш за ўсё – закупіў добрую нагляднасць. Узяў на работу сталяра, купіў каня. Навёў парадак і ў школе, і на яе тэрыторыі. 

Мы ўдзячны яму былі. Трэба было ездзіць на канферэнцыі, а да аўтобуса далёка – 7 кіламетраў. А снегу – не сёння, платоў не бачна. Эдзька (столяр) кабылку запражэ, мы ўкулімся ў санкі – і паехалі. У Рымдзюнах перапраналіся-пераабуваліся – хацелася прыгожа выглядаць – і на аўтобус.

Пасля школай загадваў Пекар. Ён прыехаў да нас з Навагрудскага раёна. Жонка яго працавала ў пачатковых класах. Хутка яго перавялі ў Варняны сакратаром партыйнай арганізацыі.

Дырэктарам прызначылі Га­ліну Барысаўну Шынкарэнка. Яна на той час ужо філфак скончыла, вышэйшую адукацыю атрымала, працавала спачатку ў Гірах, Рымдзюнах, а потым ужо ў нас. Талковая была настаўніца і добры кіраўнік. Да 1972 года яна школу ўзначальвала, а потым таксама выехала. 

І дырэктарам прызначылі Дануту Пятроўну Рамацкую, яна матэматыку ў нас выкладала. А потым яна сакратаром Гудагайскага сельсавета стала. 

Гады 3 дырэктарам у нас быў Уласевіч з Варнян.

А потым начальнік РАНА, на той час ім быў Леанід Батура, прапанаваў узначаліць школу мне. Першым маім дарадцам была бабуля – яна параіла згаджацца. Я ўсё сумнявалася: што, калі не атрымаецца, адна справа ўрокі праводзіць, другая – кіраваць? А бабуля кажа: «Зга­джайся, у другую сферу ты ўсё роўна не пойдзеш. Даюць воз – бяры і цягні!» І я згадзілася.

Так з 1977 да 1999 года і была дырэктарам, пакуль школу не закрылі. 

З марай аб вучобе

– Родам я з Загазі. А вучылася ў Газе. У мяне вельмі добрыя настаўнікі былі. 

Найлепшыя ўспаміны пра Вольгу Пятроўну Палятаеву, першую настаўніцу Ганну Якаўлеўну, а таксама Зою Аркадзье­ўну. Нямецкую мову ў нас выкладала Валянціна Абра­маўна Дубянец, а матэматыку – Валянціна Аляксееўна Саковіч. Добрым словам заўсёды ўспамінаю дырэктара школы Івана Барысавіча Жарыкава – вельмі разумным чалавекам быў. Ён у нас выкладаў рускую мову. 

У Газе я скончыла 7 класаў. У вёсцы звычайна на гэтым адукацыя і заканчвалася, бо, каб пайсці ў 8 клас, трэба было плаціць грошы. Першыя з Загазі, хто атрымаў адукацыю, – мая траюрадная сястра: пасля 7-мі класаў яна скончыла ў Маладзечне гадзічныя курсы бухгалтараў і працавала ў «Запаветах Ільіча» галоўным бухгалтарам. Марыя Закрэўская і Вяслава Мільгуй былі першымі з нашай мясцовасці, хто атрымаў сярэднюю адукацыю. 

Мне вучыцца хацелася, а мама была супраць: дзе грошы ўзяць на вучобу? І я ў 14 гадоў пайшла ў райкам камсамола прасіцца на работу піянерважатай. Першы сакратар райкама распытаў, як я школу скончыла і чаму далей вучыцца не іду. Выслухаў мяне і сказаў: «Ідзі вучыцца. Скончыш 10 класаў, паступіш на завочна, будзеш працаваць – усё ў цябе будзе добра».

Тата, у адрозненне ад мамы, вельмі хацеў, каб я вучылася. Ён сам паехаў у Варняны ў школу, пайшоў да дырэктара, паказаў маё пасведчанне. І якая ж была радасць, калі той сказаў, што могуць узяць мяне, бо плату за навучанне адмянілі. Гэта быў 1957 год. На радасцях бацька купіў мне ўсе патрэбныя падручнікі і стос сшыткаў.

Больш за ўсё ўспамінаецца наш выпускны ў 10 класе. Як мы жылі – страшная бяднота, бацькі далі па пару рублёў, мы стол зрабілі. А да нас на выпускны прыехаў загадчык РАНА Расціслаў Арсенцьевіч Герт са сваёй жонкай Ганнай Іванаўнай і наш дырэктар Аляксандр Іванавіч Яфімчык са сваёй жонкай Валянцінай Яфімаўнай прыйшлі. Мы глядзелі на іх, любаваліся: такія прыгожыя, разумныя, інтэлігентныя! І так хацелася быць да іх падобнымі.

А якая ж я была шчаслівая, калі пасля 10 класа Аляксандр Іванавіч прапанаваў мне работу! Які ён быў цудоўны чалавек! Працаваў дырэктарам, будаваў інтэрнат, а яшчэ і ў аспірантуры вучыўся, гаспадарку трымаў…

Ён навучыў мяне друкаваць на машынцы, і я працавала сакратар-машыністкай. А потым дырэктар перавёў мяне ў бухгалтэрыю.

У Варнянах я адпрацавала год, пасля Аляксандр Іванавіч адправіў паступаць у педклас у Ашмяны. І нават даў машыну, каб даехаць туды. 

Хоць у педклас я паступіла, пашпарта не мела. А без яго – ні туды і ні сюды. У пашпартным стале на той час працаваў Сяргей Блахін – чалавек слова і справы. Мы знаёмы з ім былі па маёй працы ў інтэрнаце – я выпускнікам рабіла пашпарты, а ён заўсёды дзівіўся, чаму сабе не раблю. А мне даведкі з сельсавета не давалі. Менавіта Блахін падказаў ісці да першага сакратара райкама партыі Калакольнікава. І я пайшла, расказала сваю гісторыю – разам мы паехалі ў Чэхі, тады там быў сельсавет, і мне адразу ж даведку выпісалі. У той жа дзень у мяне быў пашпарт. І я шчаслівая паехала ў Ашмяны.

У педкласе нас вучылася дзве групы – 60 дзяўчат. Пасля яго заканчэння дырэктар Касабокаў прапанаваў паступаць у Гродзенскі педінстытут, нават паклапаціўся, каб уступныя экзамены ў Ашмянах праходзілі. Так мы з сяброўкамі паступілі на завочнае аддзяленне на пачатковы факультэт.

Накіраванне на месца работы я атрымала ў Завельцаўскую школу, праўда, чамусьці ў ім было напісана настаўнік хіміі і біялогіі. Весці мне далі пачатковыя класы. Мы працавалі ўдзвюх: я выкладала прадметы ў 1-м і 3-м класах, Лідзія Мікалаеўна Гаркевіч працавала ў 2-м і 4-м.

Помню, прыводзіць мяне дырэктар у клас, а там сядзяць такія цудоўныя дзеці: валосікі курчавыя, сапраўдныя анёлачкі. Усе такія прыгожыя былі, як шкада, што тады не было фотаапаратаў. 

Справа пайшла добра – ведала, як працаваць, старалася. Калі выпусціла 4-ты, пачала набіраць першакласнікаў – іх было ажно 17. І мне далі адзін клас. Амаль ўсе былі падрыхтаваны да школы – і літары ведалі, і лічыць умелі. Дзеці былі жывыя, жвавыя. 

Дырэктар дагрузіў яшчэ фізкуль­турай у старэйшых класах. У школе былі лыжы, і зімой мы каталіся са Шнэравай гары. Як ні баялася, не ведаю. З трампліна скакалі – і я разам з дзецьмі, выскоквалі аж на Вілію. Бог сцярог – ніколі ні з кім нічога не здарылася. Гэта сёння разу­мею, што былі ў кроку ад бяды, а тады не думалася пра гэта.

А потым замуж выйшла, дачушку нарадзіла. На чарговую сесію ехаць, а дзіця няма на каго пакінуць. Маме да пенсіі заставалася паўтара гады. Давялося адмовіцца ад вучобы. Гэта сёння 3 гады ў дэкрэтным адпачынку можна сядзець і грошы плацяць – тады такіх выгод не было. І садкоў не было, уся вёска маю дачушку гадавала. Неаднойчы адну дома пакідала і ішла ўрокі праводзіць. Прыбягу на перапынку, гляну праз акенца, што яна робіць, і зноў у школу. Летам муж з сабой у трактар браў. А калі дачушка падрасла, я паступіла ў Мінск на біялагічны факультэт і скончыла яго праз 5 гадоў. А потым і школу ўзначаліла.


Патрыётамі былі, патрыётаў выхоўвалі

– Выгодаў у школе не было. Цяжка даводзілася, але ж мы былі патрыёты. Цяпер, мне здаецца, маладыя не хочуць так працаваць. Ім трэба ўсё і адразу: камфортныя ўмовы, добрая заработная плата. У нас гэтага не было, мы жылі сціпла, але працавалі ад душы.

Калі я прыехала ў Завельцы, стаяў адзін будынак школы на 3 пакоі. Потым Галіна Барысаўна дабудавала яе, прывезла зруб Бязданскай школы – у ім была сталовая, цяпер тут наша капліца месціцца. Уласевіч пабудаваў добры склеп. Пазней ужо я прывезла будынак школы з Гялюн на 4 пакоі з вялізным калідорам. Планавала перавезці Навасёлкаўскую, ды не паспела.

Добрыя вучні ў нас вучыліся. Многія сталі настаўнікамі: Генадзь Рэкець і яго сястра, Ядзя Ражко, Яня Недалтоўская, Валя Варабей, Люда Васілёнак, Люда Дашкевіч і многія іншыя. 

І настаўнікі ў нас цудоўныя працавалі. Напрыклад, Ларыса Ярмоліч. І Эдуард Свірыд у нашай школе пачынаў. Люда Дарафей, Таня Астроўская, Валя Праўлуцкая, Міра Саўко, Марыя Васілёнак… – пра кожнага захаваліся толькі самыя лепшыя ўспаміны.

Мы не сядзелі па хатах – шмат падарожнічалі з настаўнікамі і дзецьмі. Прычым рабілі гэта штогод. Не раз былі ў Маск­ве, Ленінградзе, Пскове, пада­рожнічалі па пушкінскіх мясці­нах, былі ў Пячорскай лаўры і ў многіх іншых гарадах. 

І працавалі шмат: не толькі вучылі і выхоўвалі дзяцей, але і грошы на школу зараблялі – нам ніхто не даваў. Садзілі бульбу, капусту, моркву – і прадавалі. Мелі каня, а потым трактар купілі – насадзім, насеем, зда­дзім – і грошы маем. І калгасу дапамагалі – па 2 месяцы бульбу капалі і дзеці, і настаўнікі.

Нам дапамагаў Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі, старшыня гервяцкага калгаса. Калі трэба машына – да яго ідзём. І ён слухаў. Помню, падлогу грыб з’ёў. Пайшла да дырэктара Астравецкага лясгаса – ім Аляксандр Іванавіч Буй быў – дошкі прасіць. Не адмовіў, зрабіў, а забраць няма чым. Я да Адахоўскага. А на двары жнівень – якраз уборка. Ён паслухаў і кажа: «Прасі Бога, каб дождж пайшоў, і адразу ж, каб тут была». І праз 2 дні хлынуў дождж, я ў Гервяты – а нас ужо шафёр з машынай чакае. Прывезлі дошкі, замянілі падлогу…

Увогуле, мне добрыя людзі сустракаліся на шляху. І я да кожнага адносілася па-добраму. Бо разам мы рабілі галоўную справу – вучылі і выхоўвалі нашых дзяцей!

За плячыма Яніны Іванаў­ны Ермак амаль 40 гадоў педагагічнага стажу, 22 з якіх яна адпрацавала дырэктарам Завельцаўскай базавай школы, і вельмі перажывала, калі было прынята рашэнне аб яе закрыцці. 


У 1962 годзе ў школе вучылася 125 вучняў, у 1977-м – 92, у 1999-м – 27.

З 1962 да 1999 года ў школе працавала 98 настаўнікаў.



Адзін з будынкаў былой Завельцаўскай школы



Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений