Сляды Мальдзіса на Спондаўшчыне

13:27 / 14.02.2022
Сёлета ў жніўні нашаму слыннаму земляку Адаму Мальдзісу споўнілася б 90 гадоў. 

Да юбілею «Астравецкая праўда» планавала падрыхтаваць шэраг публікацый, у якой землякі расказалі б пра сустрэчы з Адамам Восіпавічам, пра яго уплыў на іх асабістае жыццё і ўклад у гісторыю Астравеччыны.

Юбілей адбудзецца – без юбіляра. І рэдакцыя не адмаўляецца ад задумы. Сёння публікацыямі Алеся Юркойця і Іаланты Валуевіч мы адкрываем рубрыку «Помнім, шануем, вучымся» Спадзяемся, што нашы чытачы падзеляцца сваімі ўспамінамі пра Адама Восіпавіча Мальдзіса – і прыадкрыюць невядомыя старонкі яго жыцця, рысы характару, здабыткі і ўнёсак у жыццё Астравеччыны і яе людзей.

Чакаем вашых допісаў!
Мне, бібліятэкару, імя Адама Восіпавіча Мальдзіса стала вядома гадах у 70-х. А ў 1977-м выйшла яго кніга «Астравеччына – край дарагі» – і выклікала небывалую цікавасць у чытачоў. У нашу бібліятэку трапіў толькі адзін экзэмп­ляр. Перш-наперш я сама прачытала кнігу, потым – мая сям’я, затым – усе жадаючыя, якіх было так шмат, што выданне  амаль не затрымлівалася на паліцах. Пакуль не знікла зусім. Шкадавала – і радавалася, што мае землякі цікавяцца гісторыяй раёна. Чакала перавыдання. Не дачакалася: Адам Восіпавіч неаднойчы гаварыў, што гэтую кнігу трэба пісаць па-новаму, бо цэнзура і самацэнзура прымусілі выкінуць з яе самае каштоўнае.

У Спондаўскай бібліятэцы было некалькі кніг Мальдзіса. Яго літаратуразнаўчыя нарысы дапамагалі студэнтам пры напісанні навуковых работ, часта станавіліся асновай тэматычных кніжных выстаў. 

Адама Восіпавіча часам запрашалі на мерапрыемствы ў цэнтральную бібліятэку – і я слухала яго аповеды і здзіўлялася эрудыцыі, глыбокім і разнастайным ведам, яго ўменню данесці ўсё да слухача лёгка, проста і зразумела. Ён здаваўся мне недасягальнай асобай! Але лёс падарыў магчымасць пазнаёміцца з гэтым выдатным вучоным, пісьменнікам і чалавекам.

Напачатку 90-х, калі, дзякуючы нястомнай працы Мальдзіса, усплыло з небыцця імя Казіміра Сваяка, я ладзіла ў бібліятэцы літаратурную вечарыну да 100-годдзя з дня нараджэння нашага слыннага земляка. Кіраўніцтва прапанавала запрасіць Мальдзіса. Да апошняга не верыла, што прафесар прыедзе ў Спонды! А ён прыехаў. Памятаю, як уважліва слухалі людзі яго аповеды пра Казіміра Сваяка і іншых ксяндзоў-адраджэнцаў. А пасля Адам Восіпавіч падштурхнуў мяне збіраць звесткі пра Сваяка, пакуль яшчэ ёсць у каго спытаць. Я пайшла ў народ – і, дзякаваць Богу, паспела знайсці цікавыя фотаздымкі, запісаць успаміны сучаснікаў. 

У 1993 годзе да 110-годдзя другога выбітнога святара-паэта, нашага земляка Янкі Быліны Адам Восіпавіч прывёз у Клюшчанскі касцёл беларускі хор з Мінскага парафіяльнага касцёла на Залатой Горцы на чале з пробашчам Міхалам Сапелем. Дзень быў суботні, вераснёўскі, калі работ у вяскоўцаў вышэй галавы, і я перажывала, што людзі не збяруцца на ўрачыстасць. А прыйшло столькі, што не ўмяшчаліся ў касцёл. Упершыню з часоў Казіміра Сваяка ў клюшчанскім касцёле гучала беларуская мова. Доўга яшчэ абмяркоўвалі гэтую падзею ў акрузе… 

Тады Адам Мальдзіс падарыў мне Новы Запавет на беларускай мове – гэта і сёння адна з галоўных кніг у маёй прыватнай бібліятэцы. 

Слухаць Мальдзіса можна было бясконца, веды ў яго энцыклапедычныя, ён памятаў даты, імёны, мясціны. Мне здавалася, што гэты чалавек ніколі не выходзіў з сябе, спакойна, але трапна мог паставіць на месца любога апанента. 

Не адважуся назваць сяброўствам нашы адносіны, але мы перапісваліся, часам сазвоньваліся. Я ўдзячна Адаму Восіпавічу, што ён абудзіў у ва мне цікавасць да краязнаўства. З вялікім захапленнем збірала тапонімы, паданні, фальклор, раскрывала гісторыі вёсак Спондаўскага краю, шукала звесткі пра знакамітых землякоў. 

Часам дзялілася набыткамі з Адамам Восіпавічам – і ён прапанаваў выдаць кнігу і абяцаў сваю дапамогу. Так з’явілася мая кніжка тапонімаў «Як называць цябе, родны мой куточак?» (назву таксама прапанаваў Мальдзіс), якую ён рэдагаваў – тады і зацікавіўся паданнем пра напалеонаўскі скарб, які нібыта схаваны ў нашых мясцінах.

…У 2016 годзе мы з Мальдзісам і яшчэ двума супрацоўнікамі інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі прыехалі ў Кісялі. Зайшлі да маёй сяброўкі Зофіі Шапель, якая расказала чутае ад дзядоў пра камень паблізу вёскі, які адны называлі Адам-камень, іншыя – Чортаў камень. Мальдзісу, канешне, больш спадабалася першая назва. Ён панаракаў, што валун зарос хмызняком. Зофія намерылася расчысціць пляцоўку каля валуна, ды за вясковымі клопатамі прызабыла. Сёлета, пачуўшы сумную вестку, што наш знакаміты зямляк адправіўся ў лепшы свет, паабяцала, як толькі растане снег, заняцца ачысткай прыроднага помніка, каля якога ў апошні раз у нашым краі быў Адам Восіпавіч. І яшчэ яна марыць прымацаваць да яго таблічку з назвай «Адам-камень». 

Бо і Мальдзіс быў, як гэты камень – волат, глыба!


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

 




Текст: