Марыя Багаева ўзгадвае вайну, свой лёс і пошукі магілы брата

15:18 / 24.01.2022

IMG_5996.JPG

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Марыя Аляксе­еўна Багаева цудоўна помніць даты і прозвішчы, з задавальненнем чытае прэсу, у тым ліку і «раёнку», і часта ўзгадвае родных, якіх ужо няма ў жывых, – асабліва загінулага падчас Вялікай Айчыннай вайны брата Івана, магілу якога атрымалася адшукаць амаль праз 70 гадоў…

Дзяцінства і вайна
З кожным годам усё менш і менш становіцца сведак Вялікай Айчыннай вайны – але памяць жывая.
Марыя Аляксееўна нара­дзі­лася ў расійскай вёсцы Мунякова Старажылаўскага раёна Разанскай вобласці ў сям’і каваля. Сям’я была вялікай. Кудрыны гадавалі пяцёра дзяцей, тры­малі жывёлу, садзілі агарод – жылі, як і ўсе, са сваёй працы і мазаля. Вайну Марыя Аляксееўна сустрэла 13-гадовым дзяўчом…
– У кожным двары было па 20 і больш авечак, а вось моды гадаваць свіней у нашым краі не было. Памятаю, што ў 1939 годзе здарылася вялікая засуха – складана было выжываць. Мама ўмудралася варыць поліўку з лебяды. Праўда, на той час старэйшая сястра з намі ўжо не жыла: выйшла замуж у Маскву, – узгадвае Марыя Аляксееўна. – У нашай вёсцы была завя­дзёнка, што кароў пасвіў адзін чалавек. З кожнай хаты яму дапамагалі дзеці. Надышла і мая чарга, маці з вечара мяне раней за астатніх  спаць паклала. Раніцай я не паспела расплюшчыць вочы, як на парозе з’явілася сплаканая суседка. Маці выбегла ёй насустрач, спытала, што здарылася. «Вайна пачалася»,  – толькі вымавіла яна. 
Бацька ў гэты час ужо завіхаўся ў кузні. Калі пачуў ад жонкі страшную навіну, доўга не мог прыйсці да сябе, быццам прадчуваў, што не ўся сям’я ўратуецца ад гэтай страшэннай навалы. 
– У той дзень кароў так і не пагналі – выпусцілі ў поле. Раней на пашу яны ішлі па гуку ражка, а тут – самі па сабе. Жывёлы так пачалі равець, што рабілася не па сабе, –  працягвае Марыя Аляксееўна. 
Па ўспамінах жанчыны, бацьку забралі на фронт ў 1942 годзе. Аляксей Кудрын служыў у танкавых войсках, дзе вельмі спатрэбілася яго кавальскае майстэрства. Брат Іван неўзабаве сам папрасіўся на фронт, за ўвесь час ён даслаў родным толькі 2 лісты…
– Мы спазналі і голад, і холад. Працаздольных мужчын у вёсцы не было, а зямлю апрацоўваць трэба. Два падлеткі цягнулі плуг, а трэці ззаду кіраваў, –  узгадвае Марыя Аляксееўна. – У кожнай сям'і вырошчвалі табак – з кожнага дому трэба было здаць па 8 кілаграмаў. Зімнімі вечарамі вязалі шкарпэткі, рукавіцы, якія потым маці клала ў пашытыя кісеты і перасыпала табаком – гэтыя рэчы адпраўлялі на фронт. Капалі «лесвіцай» супрацьтанкавыя рвы. У тыле мы дапамагалі чырвонаармейцам, чым маглі…
Найбольш ярка ў памяці жанчыны застаўся момант, калі яны даведаліся, што скончылася вайна. 
– Ніхто не ведаў, калі ў вёсцы могуць з’явіцца немцы. Спачатку меркавалі, што ўсе схаваемся ў склепе, але потым адна жанчына, добрая душа, параіла, што лепш у лесе паратунку шукаць – нехта, ды ацалее. Мама сабрала кожнаму з нас вузельчык і наказала, калі ледзь развіднее, бегчы ў лес, – працягвае жанчына. – Раніцай у пакой зайшла ўсхваляваная матуля і пачала нас па чарзе цалаваць. Мы падумалі, што яна развітваецца… А яна закрычала: «Дзеткі, родненькія, адбілі нашы немца, адбілі!»
Да радасці блізкіх, галава сям’і вярнуўся з фронту, у адрозненне ад свайго сына. Пасля вайны сям’і прыйшло паведамленне: Іван Кудрын прапаў без вестак.
– Тату прывезлі з Дабравешчанска інва­лідам І групы. На жаль, хутка яго не стала. А пра Івана мы нічога доўга не ведалі. Мама да апошняга спадзявалася, што ён вернецца жывым, – расказвае жанчына. 

Водны шлях да шчасця
Нягледзячы на ўсе выпра­баванні, якімі часам сыпле на чалавека лёс, маладосць бярэ сваё: юнацтва – пара мар і веры ў тое, што наперадзе абавязкова ўсё будзе добра. 
– Вайна скончылася. Куды падацца? Вырашылі з сяброўкай шукаць шчасця ў вялікім горадзе. Праўда, некалькі разоў хадзілі пешшу за 20 кіламетраў за паш­пар­тамі – на трэці раз далі, – успамінае пачатак свайго дарослага жыцця Марыя Аляксееўна. – За ліцейным леніградскім мастом узводзілі горад Васільеўск. Я вывучылася на электрыка і ўладкавалася на гэтую будоўлю электраманцёрам. А кожны вечар мы з сяброўкай хадзілі на шпацыр любавацца Нявой. 
Напэўна, штовечаровае сузіранне рачной гладзі, па якой плылі кацеры і адбіваліся залатыя сонечныя промні, натхнілі сябровак на пошукі лепшай і цікавейшай работы.  
– Мы трапілі на розныя баржы. Я да сямейнай пары – мужчына быў шкіперам, а яго жонка – матросам, – успамінае жанчына. – Якраз адкрылася школа шкіпераў. Я адвучылася, на «добра» здала экзамены і кіравала баржай грузападымальнасцю да пяцісот тон. Спачатку працавала ў Ленінградскім рачным порце, пазней нехта падказаў, што ў марскім больш плацяць. Мае прыстойнасць і працалюбства хутка заўважылі – і перавялі шкіперам у Беламорска-Анежскае параходства. Выйшла замуж. Так удваіх мы і працавалі. Трэба было прайсці 19 двухкамерных шлюзаў Беламорска-Балтыйскага каналу: спачатку зайсці ў адзін, гадзіну прастаяць, затым – у другі. Абавязкова трымаць швартавыя, каб судна не гайдалася, пры гэтым ні ў якім разе «не выбіць» вароты…
Марыя Аляксееўна з замілаваннем згадвае той час: «водныя паходы», Карэлію, безліч грыбоў і ягад у мясцовых лясах, калі атрымлівалася ступіць з вады на зямлю…
– З Беламорска мы везлі груз, у асноў­ным рамы і дзверы, у Паўночна­дзвінск – гэты горад толькі будаваўся. Потым вярталіся ў Ленінград, загружаліся – і зноў у дарогу, – жанчына прыпыняецца. 
Калі Марыя нарадзіла сына – ім з мужам давялося мяняць месца працы.
– На баржы дзейнічаў няпісаны закон: пары з дзецьмі не ўхваляліся, – тлумачыць жанчына. – Муж уладкаваўся ў лясніцтва, а потым вярнуўся на радзіму – ён з-пад Дзяржынска. Праз некаторы час абуладкаваўся, зняў кватэру ў Фаніпалі і забраў нас з Сашкам да сябе. 
Марыя Аляксееўна не цуралася ніякай работы: дапамагала пячніку насіць гліну, прадавала марожанае, заведвала складам…  Ужо даўно ў жывых няма мужа і сына. Бабулю да сябе ў Астравец забраў унук Аляксей, у якога атрымліваецца сумяшчаць догляд за блізкім чалавекам з работай у дрэваапрацоўчым цэху доследнага лясгаса. 

Пошукі даўжынёй амаль у 70 гадоў
Для Марыі Аляксееўны брат, які загі­нуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, на­заўсёды застанецца маладым. 
Жанчына ніколі не забывала пра роднага чалавека і ў апошнія гады марыла толькі аб адным: знайсці апошняе месца спачыну Івана. 
У дырэкцыі тэлеперадачы «Чакай мяне!», куды жанчына патэлефанавала, па­ра­ілі ад­правіць запыт у Цэнтральны архіў Міні­стэр­ства абароны Расійскай Федэрацыі. 
З атрыманых звестак яна даведалася, што чырвонаармеец Іван Кудрын, сувязіст 657-га артылерыйскага палка 204-й стралковай дывізіі ў 1944 годзе ўзнагароджаны медалём «За адвагу», аднак адзнакі пра атрыманне ўзнагароды няма, толькі пазначана – «загінуў». У кнізе ўліку памерлых у 385-м медыка-санітарным батальёне за 1944 год напісана: «…радавы Іван Кудрын памёр ад ран <…> пахаваны: 300 метраў паўднёва-усходней вёскі Бітоўка Суражскага раёна Віцебскай вобласці».
– Адшукаць дакладанае месца пахавання дапамог настаўнік Вячаслаў Марозаў, – расказвае жанчына. – Мой брат загінуў 11 лютага 1944 года. Пахаваны каля вёскі Мішуткі Вымнянскага сельскага Савета Віцебскага раёна. Шэфства над брацкай магілай узяла мясцовая школа. Праз некаторы час на помніку з’явілася імя і прозвішча майго брата… 
Нераўнадушныя да душэўнай бяды жанчыны людзі ў 2014 годзе дапамаглі Марыі Багаевай наведаць брацкую магілу, у якой ляжыць яе брат. Пошукі, даўжынёй амаль у 70 гадоў, нарэшце, скончыліся… 

IMG_5979.JPG

Р.S. Напярэдадні  навагодніх святаў з падарункамі і віншаваннямі да Марыі Аляксееўны завіталі прадстаўнікі Астравецкага доследнага лясгаса. Праз газету жанчына выказвае шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву і калектыву лесагаспадарчай установы за ўвагу, клопат і памяць.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алена Ганулич