Іван Граблеўскі прайшоў шлях ад карэктара “АП” да кіраўніка Гродзенскага тэлебачання

16:49 / 20.12.2021
Іван Станіслававіч Граблеўскі працаваў у «Астравецкай праў­дзе» даўно – у 1958-1962 гадах, і не вельмі доўга. Тым не менш, яго памятаюць і ветэраны журналістыкі, і чытачы. Зрэшты, не толькі ў Астраўцы, дзе ён зрабіў першыя крокі ў прафесію і дзе жывуць яго родныя і блізкія, сябры дзяцінства, а і ў Смаргоні, Шчучыне, Бераставіцы, абласным цэнтры, дзе Граблеўскі працаваў у розныя гады. 

Нарадзіўся Іван Граблеўскі 22 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Сакольнікі – хіба што старажылы памятаюць, што так называлася частка сённяшніх Філіпан. У сям’і было пяцёра дзяцей – чатыры сыны і дачка, Янка – апошні. Перадваенны час, прыход са­ве­таў, нямецкая акупацыя, вызвален­не, усталяванне савецкай улады, стварэнне калгасаў – усё гэта прайшло праз яго дзяцінства. Ён самастойна навучыўся чытаць і ў Філіпанскую школу пайшоў не ў першы, а адразу ў другі клас.

Вучыўся хлопец добра – у адным з пасляваенных нумароў раённай газеты знайшлася заметка аб экзаменах у Філіпанскай школе, якія выдатна здаў Іван Граблеўскі. Сярэднюю школу заканчваў у Варнянах, потым служыў у арміі. 




У студыі абласнога тэлебачання (крайні справа Іван Граблеўскі)

Дэмабілізаваўшыся, ён прый­шоў працаваць у рэдакцыю «Аст­ра­­вецкай праўды». Гэта быў выпад­ковы збег абставін: у ваен­­­камаце, дзе станавіўся на ўлік, пад­казалі, што рэдакцыі патрэ­бен вадзіцель – правы Іван Граб­леўскі атрымаў у арміі. Але вадзіцелю ў «Астравецкай праўдзе» работы не знайшлося, бо не было машыны – а вось карэктар патрабаваўся. І юнак напісаў заяву аб прыёме на работу – гэты крок вызначыў яго далейшае жыццё.

На карэктарскай пасадзе Граб­леўскі доўга не засядзеўся. У 1958 годзе ў «Астравецкай праўдзе» з’явілася першая яго публікацыя «50 год у кузні», дзе Іван расказвае пра 70-гадовага каваля калгаса «Радзіма» Рафаіла Іванавіча Мілэйшу. Нават у гэтай пробе пяра бачны вялікі творчы патэнцыял пачынаючага журналіста.

«Стукнуўшы апошні раз малатком па лемяху, каваль Мілэйша сунуў яго ў ваду загартоўваць. Калі дэталь астыла, ён узяў яе ў рукі. Лемех адліваў бліскучай сінявой» – так пачыналася замалёўка.

Каб вы разумелі: пры тагачаснай практычна поўнай адсутнасці транспарту – наўрад ці для пачаткоўца запрагалі каня, а на ровары да Сакалой­цяў круціць педалі замучышся, усё ж не блізкі свет – ін­фармацыю журналісты час­цей за ўсё здабывалі па тэлефоне ці ў гутарках з начальствам. Вось і Граблеўскі, падобна, аднекуль даведаўся, што немалады каваль прыдумаў, як зрабіць для калгаса шчэпарэзку. А чытаеш – і складваецца ўражанне, што работнік рэдакцыі стаяў побач, калі каваль рабіў лемех, слухаў яго размову са старшынёй, да паўночы шчыраваў з ім у кузні, пакуль той рабіў такое неабходнае ў той час механічнае прыстасаванне. І хоць такі прыём стаў улюбёным у тагачасных журналістаў, часам яны нават грашылі падобным «эфектам прысутнасці», у Граблеўскага гэта атрымлівалася натуральна і прыгожа.

З таго часу публікацыі Івана Граблеўскага сталі з’яўляцца на старонках «Астравецкай праўды» рэгулярна. У 1959 го­дзе на «Літа­ратурнай старонцы» нават змешчана яго апавяданне «Шляхам жыцця».

Актыўным і творчым Іван, па­добна, быў не толькі ў газеце. 10 кастрычніка 1959 года ў «Астравецкай праўдзе» змешчана інфармацыйнае паведамленне аб 12-й камсамольскай канферэнцыі і кіруючых органах РК ЛКСМБ. Членам бюро райкама і няштатным сакратаром быў абраны Граблеўскі.

У 1960 годзе Васіль Шкаеў перайшоў на работу ў райкам партыі, Валянціна Налівайка разам з мужам, першым сакратаром райкама партыі Ула­дзі­мірам Пархоўчанкам, пакі­нула Астравец, Ірына Палер па сямейных абставінах звольнілася з рэдакцыі і паехала ў Мінск. А Іван Граблеўскі і Яўген Кулакоў сталі асноўным творчым тандэмам раённай газеты. Яны пісалі шмат і на розныя тэмы. І, акрамя таго, рабілі здымкі – штатнага фотакарэспандэнта ў рэдакцыі тады яшчэ не было, як і адпаведнага абсталявання, і хлопцы, каб зрабіць газету лепшай, больш інфармацыйнай і прыгожай, здымалі ўласнымі апаратамі, невядома толькі, дзе з іх рабілі клішэ. Фота Івана Граблеўскага, якія з’яўляліся на старонках раённай газеты, вылучаліся густам і прафесіяналізмам.

Калі ў 1962 годзе Астравецкі раён расфарміравалі і раённую газету закрылі, Івана Граб­леў­скага прызначылі інструк­тарам Гродзенскага абкама кам­са­мола.

А ў сакавіку 1953 года абласны камітэт партыі накіраваў яго на работу ў Смаргонскую між­раённую газету, дзе на той час ужо працавалі былыя аст­ра­­вецкія калегі – рэдактар Уладзімір Таранда і яго намес­нік Уладзімір Царэ­віч. Свае людзі! У той час Граб­леў­скі ўжо завочна вучыўся на факультэце журналістыкі белдзярж­універсітэта.




Непрацяглы смаргонскі перыяд жыцця Івана Граблеўскага стаў адметным тым, што менавіта тут ён сустрэў сваю другую палавінку: з жонкай Галінай яны пражылі ў любові і згодзе ўсё жыццё, выхавалі дачку Ірыну, разам працавалі на Гродзенскім тэлебачанні: ён – кіраўніком, яна – эканамістам.

У 1966 годзе пасля закан­чэння ўніверсітэта Івана Граб­леўскага прызначылі рэдактарам бе­ра­ста­­віцкай раённай газеты.

А ў 1970 годзе паступіла новая прапанова: Івана Станісла­вавіча прызначылі галоўным рэдактарам студыі тэлебачання Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Гродзенскага аблвыканкама. 

Абласное тэлебачанне толькі стваралася, тэлецэнтр у Гродне адкрылі за два гады да таго – ён быў самым маладым у рэспубліцы, ніхто толкам не ведаў, што і як рабіць. Тым не менш, Граблеўскі з усёй адказнасцю, напорыстасцю і талентам узяўся за новую  справу. Ён вучыўся – і вучыў, кіраваў – і працаваў. 

Аляксандр Ласмінскі ўспамі­наў, што Граблеўскі ўвёў у прак­тыку работы так званую вобразную публіцыстыку, якая затым многія гады вызначала твар Гродзенскага тэлебачання і заваявала для яго рэпутацыю лепшага ў рэспубліцы. Ён зрабіў асобу галоўнай персонай у эфіры. Цыкл яркіх штотыднёвых перадач «Гродна і гродзенцы», якія вёў Іван Граблеўскі, прыцягваў увагу жыхароў усёй вобласці. Іван Станіслававіч умеў проста і шчыра гутарыць з любым госцем у студыі, адкрываў невядомых раней людзей усёй вобласці – і яны ўмо­мант рабіліся знакамітымі. Перадача была вельмі папулярнай. 

– Іван Станіслававіч усё жыццё вучыўся сам – і вучыў іншых, – гаворыць Аляксандр Ласмінскі. – Тактоўна, паважліва, як умеў толькі ён, мудра і па-добраму, з бацькоўскім клопатам ён рэдагаваў сцэнарыі маладых, часам перапісваючы іх, – але ніхто не крыўдзіўся, бо бачыў: яны станавіліся лепшымі. Калег і падначаленых уражвалі энцыклапедычны склад розуму Івана Станіслававіча, яго педантычныя, любоўныя адносіны да слова, адданасць роднай мове, гісторыі і культуры гродзенскага краю. Школа Граблеўскага многіх тэлевізійных журна­ліс­таў зрабіла майстрамі сваёй справы, сапраўднымі пра­фе­сія­наламі.

У 1979 годзе Івана Станісла­ва­віча прызначылі загадчыкам сектара друку, радыё і тэлебачання абкама партыі. 

Але праз тры гады ён вярнуўся, на гэты раз – старшынёй Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні. 

На новай пасадзе Граблеўскі працягваў развіваць тэлебачанне, зрабіў яго тэхнічнае пера­ўзбраенне, перавёўшы ў колер, – гэта была цэлая рэвалюцыя. І пра­цягваў ствараць новыя цык­лы тэлеперадач, шукаць тэмы і герояў, расціць маладых журна­лістаў і рэжысёраў. «Перспектывы» – так называўся цыкл тэлеперадач аб раёнах вобласці, які вёў старшыня Камітэта – нават калі цяжка захварэў і сілы сталі яго пакідаць. 

Іван Станіслававіч Граблеўскі памёр у 1994 годзе. Пахаваны ў Гродне.

Іван Граблеўскі – аўтар кніг «Юныя героі Гродзеншчыны», «Гродзенская вобласць», перакладзенай на літоўскую мову «Неман – рака дружбы». А скла­дзены ім энцыклапедычны даведнік «Гродна і гро­дзенцы» стаў настольнай кнігай края­знаўцаў. Ён узнагароджаны медалём «За доблесную працу», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР.

І пры гэтым вядомы журналіст і партыйны работнік заставаўся сціплым, добрым і шчырым чалавекам, крыху сарамлівым хлапчуком з Астравеччыны. Вельмі любіў сваю малую ра­дзіму – часта прыязджаў сюды, сустракаўся з блізкімі, блу­каў па дзіцячых сцежках. Калі зразумеў, што жыць яму засталося няшмат, прыехаў у Астравец, каб развітацца.

…Кажуць, гены пальцам не расціснеш. Ужо пасля смерці Івана Граблеў­скага, у 1998 годзе, у «Астравецкую праў­ду» прыйшла працаваць яго пляменніца Ганна Чакур – таленавітая журналіст­ка з дыпломам агранома.

Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…



Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Нина Рыбик