Што значыць калядны пост для астраўчан
11:05 / 08.12.2021
Марына Бразевіч, катэхэтка:
– У католікаў калядны пост называецца Адвэнтам – гэта значны перыяд для нашай сям’і. Важны сімвал Адвэнта – калядны вянок. У першую нядзелю посту вернікі варнянскай парафіі прынеслі на імшу самаробныя вянкі для асвячэння. Я зрабіла два: адзін павесіла на ўваходныя дзверы як знак таго, што ў гэтым доме жывуць практыкуючыя католікі, а другі, з чатырма свечкамі, паклала на стол. З мужам запальваем свечку перад малітвай. Вельмі прыгожая традыцыя Адвэнту – ранішняя імша, якая называецца Рараты. У нашым касцёле гэтае богаслужэнне адбываецца тры разы на тыдзень. Калі ёсць магчымасць, вернікі з дому выходзяць з запаленымі свечкамі і накіроўваюцца ў храм.
Дзяніс Юцкевіч, педагог дадатковай адукацыі:
– Сёлета я больш радасна і лёгка перажываю Адвэнт, чым летась. Кожную раніцу хаджу ў касцёл на імшу, хоць, прызнацца, крыху складана гэта сумяшчаць з работай: даводзіцца рана прачынацца. Рараты – духоўна насычаюць мяне. У аўторак, чацвер і суботу мы з моладдзю спяваем. Адвэнт – цудоўны час, каб праз добрыя ўчынкі, словы, думкі наблізіцца да Дзіцяткі Езуса.
Марыя Граблеўская, дыспетчар:
– Жыву ў Гудагаі, таму, на жаль, трапіць на Рараты сярод працоўнай нядзелі не магу, але заўсёды бываю на ранішняй службе ў суботу.
Свята Божага Нараджэння – адно з самых галоўных, радасных і чаканых як дарослымі, так і дзецьмі.
Марыя Шах, пенсіянерка:
– Калядны пост не такі строгі, як Велікодны: можна ўжываць рыбу, алей, малочныя прадукты. Стараемся з мужам прытрымлівацца абмежаванняў у ежы, але ўзрост і хваробы даюць пра сябе ведаць. Па магчымасці стараюся бываць у царкве кожныя суботу і нядзелю. Па вялікім рахунку, пасціцца трэба не толькі цялесна, але і духоўна: не дапускаць злосці, адганяць крыўды і вучыцца прабачаць.
Радаслаў Раўдановіч, пенсіянер:
– З малых гадоў маці да веры прывучыла. Цяпер добра: столькі моладзі ў касцёле, а мы ўпотайкі хадзілі ў храм. Мне 72 гады – і я ніколі не адварочваўся ад веры. Я не падзяляю людзей па веравызнанні, католік ты ці праваслаўны – не істотна – мы ўсе хрысціяне і Бог у нас адзін.
Галіна Вайцяхоўская, пенсіянерка (без фота):
– Улічваючы ўзрост, сёлета ў бацюшкі ўзяла паслабленні ў посце. Муж не пасціцца, але згаджаецца, калі я прапаноўваю, напрыклад, адмовіцца ў пятніцу ад мяса. З-за пандэміі каронавіруса ў царкве бываю менш – толькі на вялікія святы. Богаслужэнні гляджу па тэлевізары. На гэты пост узяла сабе пастанову кожны дзень чытаць Евангелле. Запомніліся пачутыя ад знаёмай словы: у адным з манастыроў старац сказаў паломнікам, што пост у першую чаргу павінен быць у душы кожнага чалавека.
Запісала Алена ЮРКОЙЦЬ.