Міласэрнасць і жорсткасць крочаць побач

12:41 / 04.12.2021

Тэлефаную жанчыне, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю, каб напісаць матэрыял. У такія моманты заўсёды хвалююся, бо колькі б ні існавала азначэнняў – людзі з абмежаванымі магчымасцямі, з асаблівымі патрэбамі, з цяжкімі захворваннямі, – не магу выгаварыць іх, каб не запнуцца і не адчуць незразумелую няёмкасць. На гэты раз такія ж ноткі чую і ў голасе сваёй суразмоўцы: “Прабачце, але не варта пра нас пісаць”. Далей, збіваючыся і апраўдваючыся, бы ў нечым вінаватая, жанчына тлумачыць, чаму, – і на душы становіцца сумна.

На жаль, людзі бываюць не толькі міласэрнымі і спагадлівымі, але жорсткімі, злымі і зайздроснымі. Настолькі, што нават у бядзе здольныя разгледзець выгаду. Прычына адмовы жанчыны простая: шмат гадоў назад разам з іншымі сем’ямі, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю, яна атрымала матэрыяльную дапамогу і сродкі рэабілітацыі для сына. Тады ж абмовілася, наколькі неабходна такая падтрымка і як важна зразумець, што ты не адзін. Здавалася б, проста падзякавала за нераўнадушша і ўвагу, аднак знайшліся “добразычліўцы”, якія ўгледзелі зусім іншы сэнс. Неаднойчы пасля жанчына чула за спінай перашэпты і папрокі, як соладка ёй жывецца за чужы кошт, і як хапае сораму прасіць дапамогі яшчэ. Асабліва балюча чаплялі словы: “Добра ж табе…” Аднак яна прыходзіла дадому і ўсміхалася свайму дзіцяці – любімаму і дарагому.

“Прабачце, але не хачу лішні раз засяроджваць на сабе ўвагу. Калі хто лічыць, што нам лёгка, хай так і будзе. Дзякуй Богу, дзяржава цяпер дапамагае, ды і, хочацца верыць, добрых людзей на свеце больш”, – сказала на развітанне мая суразмоўца.

Пасля гэтага ўспомніўся падслуханы дзесьці выпадак. Маладая жанчына прагульваецца з дачкой, якая сядзіць у калясцы, у дзяўчынкі – аўтызм. Насустрач ідуць дзве знаёмыя, спыняюцца, і адна з іх пачынае размаўляць з малой, гладзіць па галаве, забаўляцца з ручкамі, усміхацца – і дзяўчынка ўсміхаецца ў адказ. Калі яны разыходзяцца, другая жанчына пытаецца ў першай: “А табе не агідна дакранацца да такога дзіцяці?”

Можна доўга разважаць пра маральныя каштоўнасці, законы этыкі, чалавечую сутнасць, жыццёвыя абставіны і спрадвечныя каноны. Я ж раскажу пра фільм, які глядзела шмат гадоў назад. Падзеі адбываліся ў 70-я гады, калі да афраамерыканцаў у ЗША адносіліся вельмі непрыязна. Дзяўчынку-падлетка з цёмнай скурай жорстка гвалтуюць двое белых мужчын. Расследаваннем ніхто займацца не хоча, і злачынцы ўпэўнены, што застануцца без пакарання. Сям’я пацярпелай прадае амаль усю маёмасць і наймае вядомага адваката – таксама белага. Ён неахвотна, але бярэцца за справу, сутыкаецца з мноствам перашкод і несправядлівасцю, мяняе свае адносіны да іншай расы і амаль апускае рукі ў безнадзейнасці. Аднак у выніку выйграе справу. На рашаючым пасяджэнні падчас апошняга слова адвакат просіць усіх, хто знаходзіўся ў зале, заплюшчыць вочы, і расказвае, як мужчыны здзекваліся над дзяўчынкай, падрабязна апісваючы ўсе жудасныя агідныя рэчы, якія адбываліся, а ў завяршэнні пасля невялікай паўзы дадае: “А зараз уявіце, што яна – белая”.

Вам здаецца, што гадаваць дзяцей з захворваннямі лёгка? Схадзіце ў карэкцыйны цэнтр ці наведайце такую сям’ю і правядзіце там хоць бы дзень. Вам здаецца, што ім не патрэбна матэрыяльная дапамога? Паглядзіце цэны на падгузнікі, не кажучы ўжо пра сродкі рэабілітацыі. Вам агідна дакрануцца да малога з дыягназам? А вы заплюшчыце вочы і ўявіце – на яго месцы магло быць і вашае дзіця.

Текст: