Знаёмцеся: гонар раёна – аператар па штучным асемяненні Галіна Лукша

12:00 / 01.12.2021
802
Па вялікім рахунку гераізмам можна лічыць не толькі пэўны, зроблены па поклічы сумлення ў няпростай жыццёвай сітуацыі добры ўчынак, але і штодзённую знаёмую да драбніц і звыклую работу, якую на працягу многіх дзесяцігоддзяў выконвае чалавек…

Аператара па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі Галіну Лукша, здымак якой сёлета змешчаны на Дошку гонару Астравеччыны, па праве можна лічыць гераіняй. Яна на прадпрыемстве з першых дзён яго ўтварэння, а ў сельскай гаспадарцы раёна – ажно 40 гадоў. 

Прафесія «за кампанію»

Галіна нарадзілася ў вёсцы Петраполь у шматдзетнай вясковай сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей. У вольны ад школы час яны дружна дапамагалі бацькам па гаспадарцы.

– Вучылася ў Быстрыцкай вась­мігадовай школе. Атрымаць сярэднюю адукацыю можна было ў Варнянскай сярэдняй, але большасць дзяцей з нашай і суседніх вёсак чамусьці вучыліся ў школе-інтэрнаце ў Ашмянах – і я таксама, – успамінае Галіна Рамуальдаўна. – Мы не задумваліся пра будучую прафесію, як цяперашнія выпускнікі. Галоўным для нас было атрымаць якую-небудзь спецыяльнасць і пайсці на свой хлеб. 

За кампанію з сяброўкамі Галіна паехала паступаць у Ваў­кавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум – усе дзяўчаты па­ступілі і, больш таго, цягам сарака гадоў працуюць у агра­прамысловым комплексе Аст­ра­веччыны. 

– Пасля тэхнікума вярнулася ў родныя Петраполі. У гаспадарцы вакантным было толькі месца асемянатара. А мне, дваццацігадовай, сорамна – на вёсцы гэтую прафесію называлі «бык». Памятаю, як толькі падумаю, кім буду працаваць, адразу чырвань па твары разбяжыцца, – з усмешкай узгадвае маладосць жанчына. – Тагачасны начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Васільевіч Галай прапанаваў мне месца ў Кямелішках – згадзілася. Я, хоць і ўчарашняя студэнтка, але тое-сёе ведала не толькі па кнігах: у тэхнікуме мы праходзілі вытворчую практыку ў розных гаспадарках і на мясакамбінаце… Заатэхнікам-асемянатарам ў саўгасе «Кямелішкі» працавала  Баляславаўна, прозвішча – Субач. Жанчына шмат работ у гаспадарцы закрывала. Пака­зала яна мне, як правільна праводзіць штучнае асемяненне кароў, – і ўсё на гэтым, маўляў, спраў і клопатаў і так хапае. Памятаю, стаю я з даяркай на ферме ля рагуль і ледзь не плачу. Але нічога – справілася! Нездарма кажуць, што ў страха вочы вялікія. (Усміхаецца.) 

1.jpg

Лёсавая сустрэча на адпрацоўцы

Едучы на адпрацоўку ў Кя­мелішкі, Галіна нават падумаць не магла, што тут сустрэне свой лёс, што гэта вёска стане для яе роднай на ўсё жыццё. 

– У Кямелішкі я прыехала ў 1981 годзе. Кватаравала ў адной пажылой жанчыны. Маладыя, мы не толькі работай жылі – кожную суботу едзіла на танцы ў Рытань. У дарозе, дарэчы, і пазнаёмілася з будучым мужам, – усміхаецца жанчына. – З сяброўкай мы сядзелі ў кабіне «самазвала», а хлопцы – зверху, у кузаве. Ехалі праз поле, машына спынілася, хлопцы саскочылі, каб назбіраць саломы і падсцяліць сабе – мулка ім было ехаць. Мой позірк спыніўся на адным маладым чалавеку – з ім я нават знаёмая тады не была! – у галаве пранеслася думка: «Ён будзе маім мужам». 

На танцах Эдзік не адыходзіў ад Галі, калі гучала павольная мелодыя – адразу запрашаў на танец, каб хто з хлопцаў не апярэдзіў. Відаць, дзяўчына яму моцна глянулася. 

– Сустракаліся мы год. Эдзік прыгожа заляцаўся: дарыў па­лявыя кветкі і шакаладныя цукеркі. А я іх не люблю – слодычы аддавала гаспадыні, а яна за гэта майго кавалера моцна хваліла, – працягвае жанчына. – Летам мы пажаніліся. 

Браць шлюб маладыя паехалі ажно ў Вільнюс у вострабрамскі касцёл. Па даў­нейшай завядзёнцы вяселле было на два бакі – у Кямелішках і Петраполі.

– Ад саўгаса нам падарылі кватэру ў будынку, дзе раней размяшчаўся сельскі Савет. Тут нарадзіўся наш першынец. Праз некалькі гадоў на час рамонту гэтага дома мы пераехалі ў Свіранкі, дзе роўна праз год, месяц і дзень з’явіўся на свет другі сынок, а значна пазней і дачушка Марыяна знайшлася, – з  пяшч­отай у голасе гаворыць Галіна Лукша. – З прыходам у гаспадарку Івана Дужыка ў саўгасе пачалося будаўніцтва катэджаў – нам далі ў ім кватэру. У дэкрэце з дачушкай была толькі месяц – моцна прасіла галоўны заатэхнік, каб выйшла на работу. А гаспадыня, у якой я некалі жыла, няньчыла малую. У 9 месяцаў аддалі дачушку ў дзіцячы садок – ён побач з нашым домам быў. 

Кямелішкі – прыстань жыцця

Напрыканцы 80-х у саўгасе быў дружны згуртаваны ка­лек­тыў. 

– На работу едзілі разам: я, ветэрынарны ўрач, ветурач-гінеколаг, асемянатар. Кожны з нас перажываў за агульную справу. Увесь час абмяркоўвалі рабочыя моманты, даходзіла і да спрэчак – але па-добраму. Цяпер, калі пасварацца, – то, лічы, ворагі на ўсё жыццё, – расказвае жанчына. – Спачатку я працавала асемянатарам буйной рагатай жывёлы толькі ў Кямелішках, пазней дадалася Рытань. Сама на калгаснай «Яве» ганяла! Пазней была арганізавана раённая племстанцыя – і мы з шафёрам Уладзіславам Каспяровічам перайшлі сюды. Ён ужо 20 гадоў мяне возіць па фермах! А я па-ранейшаму абслугоўваю комплексы і фермы саўгаса і часткова КСУП «Міхалішкі».

Галіна Лукша любіць сваю работу. За гэты час яна стала сапраўдным прафесіяналам. Ведамі і ўменнямі жанчына без шкадавання деліцца з маладымі спецыялістамі. 

– Цяпер лягчэй працаваць, – гаворыць жанчына. –  На комп­лексах каровы, якія ў ахвоце, стаяць асобна. Раней, бывала, сядзем у машыну раніцай – і па палях, дзе пасвяцца рагулі, да вечара ездзім.

Па словах Галіны паспяховасць сцельнасці цялушкі ці каровы залежыць не толькі ад аператара па штучным асемяненні, але і ад догляду, кармлення, а галоўнае – своечасовага выяўлення, якая з іх у ахвоце.

– Так званы чалавечы фактар таксама прысутнічае. Работу на ўсіх фермах раблю аднолькава – а вынікі атрымліваюцца розныя, – працягвае жанчына. – Узяць, напрыклад, ферму «Талюшаны»: з 50-ці асемянённых галоў усе аказаліся сцельнымі. А справа ў тым, што тут талковая загадчыца Люцыя Дземідовіч.

…Але, як кажуць, не працай адзінай. Як і любую жанчыну, Галіну Лукша шчаслівай робіць яе сям’я. З мужам яны выгадвалі траіх дзяцей і дача­каліся ўнукаў. 

– Кватэру ў катэджы, калі ажаніўся сын, аддалі яму. Самі купілі хату на водшыбе і пакрысе ўласнымі сіламі адбудавалі. Другі сын сваё шчасце знайшоў на Літве. Воддаль ад нашага жытла стаяў дом – ён яго набыў пад дачу. Шкада толькі, што з-за каронавіруса даўно бачыліся, – расказвае жанчына. – Дзеці выраслі талковымі, з мужам таксама пашчасціла, хоць у жыцці рознае здаралася. Ён у мяне ўжо на пенсіі. У апошнія гады рукі сталі балець, але іх не варта апускаць – трэба працаваць! (Усміхаецца.)

Доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі, пакуль муж разгадвае крыжаванкі, Галіна Лукша не сядзіць без справы. Цэлы год жанчына пляла з газетных трубачак розныя кошычкі і шкатулкі, а ў апошні час захапілася вязаннем кручком: незвычайныя пледы, ажурныя сурвэткі, цікавыя шапачкі – дзякуючы падказкам з інтэрнэту ў Галіны Рамуальдаўны атрым­ліваюцца ўсе рэчы, якія яна задумала. А летам у выхадны жанчына ходзіць у грыбы ці ягады… Відаць, дзякуючы прыроджанай энергічнасці, неймавернай працавітасці Галіна Лукша і працуе цягам 40 гадоў на адным месцы. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений