Знаёмцеся: творчы тандэм дзіцячай школы мастацтваў Алена Субач і Нерынга Лукша

11:19 / 29.11.2021
«Калі зоркі запальваюць – значыць, гэта каму-небудзь патрэбна» – казаў класік. На сцэнічным небасхіле Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў зорачкі запальваюцца, дзякуючы карпатлівай, стараннай, самаадданай працы настаўніка і вучня. Менавіта ў іх зладжаным творчым саюзе і нараджаецца ўзнёслае, прыгожае, вечнае.

Сёння мы раскажам пра адзін з такіх тандэмаў, які аднойчы «запаліўся» ў Гервяцкім філіяле школы мастацтваў.

Настаўнік

Алена Субач – настаўнік харавога класа. Родам з Ваўкавыска, на Астравеччыну трапіла па размеркаванні ў 1994 го­дзе. Прыехала ў Гервяты на адпрацоўку, але засталася і ўжо шмат гадоў вучыць дзяцей спяваць. Праўда, сама Алена Анатольеўна заканчвала музычную школу па класе баяна.

– Я наогул хацела пайсці на фартэпіяна, але для вучобы пажадана было мець музычны інструмент дома – а яго кошт доб­ра «кусаўся», – успамінае Алена. – Затое сярод родзічаў па татавай лініі было шмат музыкантаў, і яны паабяцалі, што могуць дастаць мне баян. Вось мама і сказала, маўляў, калі хочаш займацца музыкай – згаджайся, бо фартэпіяна мы, на жаль, дазволіць сабе не можам. Я спачатку крыху засмуцілася, а пасля прыгледзелася, як віртуозна граюць на баяне настаўнікі, – і ўнутры нешта ёкнула. Мне захацелася таксама навучыцца гэтаму майстэрству.

Алена Анатольеўна прызналася, што з дзяцінства хацела стаць настаўнікам – усе гульні былі звязаны толькі са школай. Але ж і музыка ёй моцна падабалася. Выйсце зноў падказала мама: «Дык паступай у Лідскае музвучылішча, будзеш дзяцей гэтаму вучыць».

– У выніку я так і зрабіла – і паступіла на харавое аддзяленне, – з усмешкай расказвае жанчына. – Вучыцца было няпроста. Акрамя спеваў мы асвойвалі фартэпіяна і трэба было замацоўваць зададзеную праграму. А як гэта зрабіць, калі ў інтэрнаце музычных інструментаў адзін-два – і аблічыўся. Даводзілася ўставаць у 5.00, каб пайсці ў вучылішча і там пазаймацца. А ў гарачую пару сесіі нават з самага ранку можна было не знайсці свабоднага інструмента – студэнтаў шмат, іграць трэба ўсім. 

Не толькі спяваць, але і на фартэпіяна іграць Алена Анатольеўна цяпер вучыць сваіх выхаванцаў – гэта ўваходзіць у абавязковую праграму харавога класа. Ды і сама жанчына з задавальненнем выступае на сцэне. А рэпертуар падбірае пад свой голас і ўражанні: калі ёкнула нешта ўсярэдзіне, значыць, яе песня.

– А як жа па-іншаму? – здзіў­ляецца настаўнік. – Чым спяваць без душы, лепш наогул не выходзіць на сцэну. Гэта стараюся і вучням прывіць. Канешне, дзеці ёсць дзеці, ім часам зусім не хочацца вучыць ноты, граць на фартэпіяна, правільна дыхаць пры спевах. Да кожнага з іх трэба знайсці падыход, каб зацікавіць. Адны любяць, каб да іх адносіліся сур’ёзна і неабходная інфармацыя была раскла­дзена па «палічках». А другія, наадварот, аддаюць перавагу гульнявой і жартаўлівай формам заняткаў, бо інакш яны хутка стамляюцца і губляюць канцэнтрацыю ўвагі. Напрыклад, як наша Нерынга. (Усміхаецца.)

1.jpg

Вучаніца

Весялуха, шустрык і гарэза са знешнасцю анёла, але задорным характарам – так настаўнік жартаўліва ахарактарызавала сваю вучаніцу Нерынгу Лукша. Між іншым, у канцы мінулага навучальнага года дзяўчынка стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І гэта найлепшае пацвярджэнне, што юная спявачка ўпэўнена скарае творчыя вяршыні.

Праўда, спачатку Нерынга хацела танцаваць – яна з захапленнем глядзела, як прыгожа рухаюцца пад музыку іншыя дзяўчынкі, і ўяўляла сябе на іх месцы. Да таго ж танцамі займаліся старэйшыя сёстры – ну чым не прыклад для малодшай! А мама запісала яе ў харавы клас. Ды каб толькі на заняткі па вакале (Нерынга любіла спяваць дома перад люстэркам) – давялося вучыцца іграць на фартэпіяна, дзе трэба і на ноты глядзець, і памятаць, калі якую клавішу націснуць – гэта атрымалася не адразу. Дзяўчынка прызнаецца, што ўцячы з муз­школы хацелася, і нават неаднойчы, але нешта стрымлівала. Ды і настаўнік пастаянна падба­дзёрвала: «Пацярпі, пастарайся – і ўсё абавязкова атрымаецца». Сапраўды, неўзабаве Нерынга навучылася спраўляцца з дыханнем, выцягваць складаныя ноты, а галоўнае – атрымліваць ад заняткаў задавальненне. Нават з ненавісным спачатку музычным інструментам яна стала ладзіць.

Рэпертуар у Нерынгі скла­даец­ца пераважна з народных песень, яе звонкае сапра­на цу­доўна для гэтага пады­ходзіць. Ды і ў сцэнічны вобраз дзяў­чынка ўжываецца без праб­лем – гледзячы, як яна задорна, па-заліхвацку выконвае песню, ніхто і не падумае, што спявачка хвалюецца.

– Спяваць мне падабаецца, а вось на сцэну выходзіць заўсёды боязна, – прызнаецца Нерынга. – Алена Анатольеўна кажа, што ўсе артысты звычайна хвалю­юцца. Сярод любімых песень – «Маков цвет». А дома слухаю ўсялякую музыку, можна сказаць, што я меламан. Дарэчы, за матэрыяльную дапамогу, якую атрымала летам як стыпендыят, купіла мабільны тэлефон – і вельмі гэтым задаволена.

За апошнія 2 гады дзяўчынка ўдзельнічала ў шматлікіх рэгія­нальных, абласных, рэспуб­лі­кан­скіх, а часцей – міжна­родных конкурсах і ўжо зараз можа прадэманстраваць добрую калекцыю Дыпломаў лаўрэа­та розных ступеней. Вядома, бацькі ганарацца дачкой, а настаўнік радуецца поспехам вучаніцы. Толькі стана­віцца спявачкай Нерынга ў будучым не збіраецца, ёй падабаецца прафесія архітэктара-дызайнера.

– Мне здаецца, гэта так цікава – прыдумваць і маляваць праекты арыгінальных прыгожых збу­да­ванняў, – кажа дзяўчынка. – Уявіце: ідзеш па горадзе і бачыш сваю работу – ну крута ж! Але пакуль аб гэтым рана гаварыць, я толькі ў 7 класе. А спяваць я буду для душы. (Усміхаецца.)

Таленавітых творчых тандэмаў «настаўнік – вучань» на Астравеччыне нямала. І пакуль запальваюцца на небасхіле такія зорачкі, нашай Радзіме ёсць чым ганарыцца.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: