Лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі Астравеччыны атрымалі ўзнагароды на абласным свяце аграрыяў

18:50 / 19.11.2021

У пятніцу, 19 лістапада, лепшыя працаўнікі вобласці прымалі віншаванні ў Гродне з нагоды прафесійнага свята. Словы падзякі ім адрасавалі прадстаўнікі ўлады, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, грамадскіх аб’яднанняў і многія іншыя.

Астравеччыну на ўрачыстасці прадстаўлялі 16 чалавек, на чале са старшынёй Астравецкага райвыканкама Ігарам Шалудзіным і яго намеснікам Іванам Карнілам.

Хоць гэты сельскагаспадарчы год быў няпростым, але сейбіты, камбайнеры, аператары машыннага даення і жывёлаводы годна супрацьстаялі выклікам надвор’я.

1.jpg

Па выніках корманарыхтоўчай кампаніі лепшымі ў вобласці сталі Сяргей Урлік з КСУП “Гудагай” і Іван Зімніцкі з КСУП “Міхалішкі”. Звяно аператараў машыннага даення малочна-таварнага комплексу “Малі” КСУП “Гудагай” у складзе Наталлі Маргентал, Марыны Юркойць, Таццяны Кулевіч, Таццяны Лучынскай заняло першае месца, а сам комплекс (начальнік Вольга Яцэнка) – другое. Адным з лепшых на Гродзеншчыне стаў і КСУП “Гудагай”, а яго дырэктар Эдуард Садоўскі быў узнагароджаны Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Высока ацэнены плён галоўнага эканаміста гэтай гаспадаркі Ірыны Юцкевіч, якая атрымала Грамату Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. А трактарыст-машыніст КСУП “Гервяты” Віктар Гродзь – Падзяку аблвыканкама. Трактарыста-машыніста Івана Юшчыка, партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару Астравецкага раёна, адзначылі прафсаюзы, а трактарыст-машыніст РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Віктар Мундуць атрымаў медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем у Беларусі”. Другі год запар трэцім у вобласці быў прызнаны комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы КСУП “Гервяты” (начальнік Сяргей Палачанскі). Не забыліся ў гэты дзень і пра людзей, якія шмат гадоў адпрацавалі ў сельскагаспадарчай галіне: на абласным свяце аграрыяў была адзначана галоўны бухгалтар КСУП “Гервяты” Гелена Валэйка.

Віншуем землякоў з узнагародамі і нагадваем, што святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ўжо заўтра, 20 лістапада, пройдзе ў аграгарадках Астравеччыны. Узнагароды знойдуць сваіх герояў.

Цікавыя моманты са святкавання шукайце на нашым сайце.

Фото grodnonews.by

Текст: