Ветэраны паліграфіі Альберт і Сабіна Сысы

15:33 / 12.11.2021
527

У рэдакцыйна-друкарскім калектыве было некалькі сямейных пар. Адна з самых трывалых і даўгавечных – Альберт і Сабіна Сысы.

Першай у рэдакцыю прыйшла Сабіна Францаўна, тады яшчэ Мілешка. Яна нарадзілася і вырасла ў Едакланях, пазней яе бацькі перабраліся ў Астравец – тут, на вуліцы Камсамольскай, жылі і старыя Мілешкі, і Сабіна з Альбертам, а цяпер жыве іх дачка Людміла.

На работу ў друкарню “Сталінскай праўды” дзяўчына прыйшла ў 1952 годзе. Яна была ўжо дыпламаваным спецыялістам – рэдкая з’ява па тым часе, калі прафесію, як правіла, набывалі адразу на рабочым месцы. Сабіна закончыла вучылішча паліграфістаў, атрымала спецыяльнасць друкара высокага друку і найвышэйшы, шосты, разрад. Напэўна, работа ёй падабалася, бо неўзабаве і малодшую сястру Галіну ўладкавала ў друкарню вучаніцай наборшчыцы ручнога набору. Але тая доўга не затрымалася: выйшла замуж і пераехала ў Літву.

5.jpg

Альберт Сыс з’явіўся ў рэдакцыі ў 1957 годзе. Ён нарадзіўся ў вёсцы Гайголі. Закончыў школу, працаваў нейкі час у Вільнюсе на заводзе, пайшоў служыць. Вярнуўшыся з арміі, завітаў у Астравец праведаць сястру. Прыйшоў на кватэру, што яна здымала, раненька, хацеў зрабіць сюрпрыз: накрыў сонную дзяўчыну шынялём і даваць казытаць. А калі тая вырвалася з “палону”, убачыў зусім іншую, спалоханую і разгневаную, але вельмі сімпатычную дзяўчыну. Юнак сумеўся, стаў прасіць прабачэння… Так і пазнаёміліся Альберт і Сабіна, якая жыла на кватэры разам з яго сястрой Лёдзяй і ложкі якіх ён тым ранкам пераблытаў…

Калі і былі ў Альберта якія планы на будучыню, то знаёмства з Сабінай іх перакрэсліла: ён уладкаваўся ў “Сталінскую праўду” друкаром.

Маладыя сябравалі, справа ішла да вяселля, але чамусьці многім здавалася, што вясёлая, агністая, няўрымслівая Сабіна – не пара спакойнаму і памяркоўнаму Альберту. Працівіліся яго бацькі-літоўцы, якія хацелі, каб сын жаніўся на “сваёй”. І ў калектыве знайшліся тыя, хто вырашыў адгаварыць хлопца браць у жонкі легкадумную, як некаму здавалася, дзяўчыну. Паплаціліся: абураны непаважлівымі словамі ў адрас сваёй абранніцы Альберт схапіў чарнільніцу і пляснуў змесціва прама ў твар “добразычлівіцы”. Ветэраны друкарні ўспаміналі, што яна потым тыдзень на работу не выходзіла: чарніла ў Савецкім Саюзе было якасным, не змывалася.

–Ніколі б не падумала, што тата быў на такое здатны, – даведаўшыся пра гэты выпадак з жыцця бацькоў, які расказалі іх былыя калегі, здзівілася Людміла, дачка Сысоў. – Мама – тая магла б, яна ўвогуле была баявая, рызыкоўная. А тата – ураўнаважаны, спакойны. Яны цудоўна дапаўнялі адзін аднаго. Мама была генератарам ідэй, арганізатарам усіх спраў, а тата – іх выканаўцам. Я таму і замуж да 26 гадоў не выходзіла – шукала мужа, каб быў падобным на бацьку.

Ураўнаважанасць, стараннасць, працавітасць Альберта Фларыянавіча хутка заўважылі і ацанілі ў рэдакцыі: яго прызначылі брыгадзірам друкарні.

Калі ў 1962 годзе раён і газету скасавалі і друкарню закрылі, Сысы, як і Уладзімір Царэвіч, Уладзімір Таранда, Марыя Даўляш, паехалі ў Смаргонь, знялі там кватэру і сталі працаваць у друкарні. Але нядоўга – праз паўгода звольніліся. Магчыма, таму пасадзейнічаў выпадак, які ледзь не каштаваў Альберту Фларыянавічу жыцця: аднойчы ў час работы яго моцна ўдарыла токам. Работніка, з-за недагляду якога ток прабіла на друкавальны станок, пакаралі загадам па рэдакцыі.

Сысы вярнуліся ў Астравец. Альберт Фларыянавіч вырашыў набыць новую спецыяльнасць. Ён паехаў у Слонім вучыцца на экскаватаршчыка. Закончыўшы вучылішча, да 1965 года працаваў у Астравецкім БМУ меліярацыі. А калі рэдакцыю аднавілі, зноў прыйшоў у друкарню: работа з ранку да вечара на скразняках вельмі хутка адазвалася болямі ў суставах, і жонка настаяла, каб муж вярнуўся на ранейшую работу: усё ж пад дахам, у цяпле, хоць і адносным. А можа, яны проста не маглі адзін без аднаго?

Так і працавалі Сысы ўсё жыццё разам. Грошай, як і ўсім, і заўсёды, не хапала. Каб зарабіць лішнюю капейку, жонка прыбірала памяшканні друкарні і рэдакцыі, калі яна размяшчалася ў будынку былога райкама партыі. Альберт Фларыянавіч, калі з’явіўся машынны набор, плавіў свінцовыя так званыя чушкі для лінатыпа. У старой друкарні “плавільны цэх” уяўляў сабой звычайную печку, устаноўленую ў двары. У новым будынку на вуліцы Набярэжнай для яго было абсталявана спецыяльнае памяшканне – вядома ж, толкам неабуладкаванае, без належнай вентыляцыі. Ці не гэта затым стала прычынай заўчаснай смерці Альберта Фларыянавіча?

–Мы, можна сказаць, выраслі ў друкарні, – успамінаюць дзеці Сысоў Тадэвуш і Людміла. – З дзіцячымі садкамі тады была праблема, ды і не працавалі яны да таго часу, як нашы бацькі заканчвалі работу. Таму мы часцей за ўсё бавіліся побач з імі.

Тадэвуш Альбертавіч з усмешкай расказвае, як ён, “сын палка”, дакладней, рэдакцыі, гуляўся з няхітрымі цацкамі на рулонах газетнай паперы, і кожны, хто праходзіў міма, лічыў сваім абавязкам пазабаўляць малога, пачаставаць нечым смачненькім.

2.jpg

А Людміла ўпэўнена, што і сёння з заплюшчанымі вачыма пройдзе па кожным закутку будынка на Набярэжнай. Асаблівым гонарам для яе было, калі маці дазваляла крышку папрацаваць на невялікай цігельнай машыне – надрукаваць з дзясятак запрашальных білетаў.

Сысы працягвалі працаваць у друкарні і калі яна стала ўчасткам Ашмянскай узбуйненай. А потым Альберт Фларыянавіч перайшоў на завод агульнапрымяняльных вузлоў і дэталяў, пазней забраў туды і жонку.

–У нас дома была вельмі цёплая атмасфера, – успамінае Людміла Альбертаўна. –Мы часта разам хадзілі за Астравец “на шашлыкі” – іх ролю выконвала сала, смажанае на палачцы. І такое ж яно было смачнае! Неяк знаёмы хлопец сказаў: “Як бы я хацеў пажыць у вашым доме хоць дзень…” У нас і праўда заўсёды было весела, дружна, непрадказальна…

Альберт Фларыянавіч памёр ад сардэчнага прыступу ў 60 гадоў – толькі і паспеў атрымаць першую пенсію. Сабіна Францаўна перажыла мужа на 10 гадоў – яшчэ дапамагла дачцэ падгадаваць яе траіх дачушак.

І ўсё жыццё заставалася такой жа няўрымслівай, цікаўнай, энергічнай, баявой, як і ў маладосці.

4.jpg

6.jpg

1.jpg

3.jpg


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений