Ці задавалі вы сабе пытанне, да якога калена ведаеце свой род?

10:29 / 10.11.2021

У памінальныя дні я заўсёды ўзгадваю сваіх бабулю і дзядулю па матчынай лініі – Франца і Яніну Юркойцяў. Яны давялі мяне да касцёла, вучылі ў любой сітуацыі заставацца чалавекам і былі прыкладам любові, якую пранеслі праз усё жыццё. Іх дом у Кярнянах, які мы цягам апошніх гадоў пакрысе адбудоўваем і абуладковаем уласнымі сіламі, – наша радавое гняздзечка, сакральнае месца, дзе я ўнутрана ачышчаюся і чэрпаю сілы…

Асабіва шкадую і перажываю, што ў свой час не запісала сямейныя гісторыі, лёсы, цікавыя выпадкі, пра якія доўгімі зімовымі вечарамі на печы расказвалі бабуля і дзядуля, калі мы ехалі ўлетку на вазе на сенакос. У спадчыну мне засталіся дзіцячыя ўспаміны пра сямейныя паданні, разабраць у якіх, што праўда, а што мана, на жаль, ужо немагчыма. З цягам часу забываюцца важныя дэталі, у лепшым выпадку застаюцца прозвішчы і імёны прашчураў, добра, калі захаваюцца даты іх нараджэння і смерці…

Дзесьці з месяц ці два назад вечарам у нядзелю да нас завітаў матчын стрыечны брат Алесь Юркойць з сям’ёй. Ён узяў на сябе клопат па аднаўленні помніка на магіле дзеда Антонія. Алесь пацікавіўся, ці не захавалася ў нас звестак аб нараджэнні прадзеда: на пастаменце выбіты толькі дата смерці і надпіс звесткі на польскай надпіс, што Антоній Юркойць памёр ва ўзросце 46 гадоў.

Ніякіх дакументаў у нас не было. Але да гэтага часу я памятаю бабулін расповед пра гісторыю (ці ўсё ж легенду?) смерці яе свёкра. Антоній быў вядомым на ўсю ваколіцу кавалём, меў вучняў і перадаваў ім усё, што ведаў. Ён узначальваў парафіяльны камітэт варнянскага касцёла Святога Юрыя, ля якога была выкаваная ім прыгожая, з рознымі выкрунтасамі, мудрагелістымі пялёсткамі і кветкамі агароджа. На зямлю, якую адстойваў Антоній для касцёла, паклаў вока мясцовы аптэкар. Дайшло да спрэчак, але прадзед не адступіў ад свайго. Калі Антоній узімку моцна захварэў, лекар ці то адмовіў, ці то даў яму атруты пад выглядам лякарства… Прадзед памёр, а яго жонка Алена, мая прабабуля, засталася з чатырма сынамі, цяжарная пятым. Што ёй давялося перажыць і праз што прайсці – не дай Бог нікому. Але не зламалася. Больш таго, усіх дзяцей выгадавала і паставіла на ногі, няньчыла ўнукаў і, па ўспамінах сваякоў, да глыбокай старасці заставалася неймаверна працавітай, строгай, патрабавальнай і адначасова вельмі душэўнай…

1.jpg

З дзяцінства я лічыла – нават не ведаю чаму, – што мае прадзеды па лініі Юркойцяў, хоць і былі сялянамі, але вылучаліся прыроджаным розумам і інтэлектам, якіх не здабудзеш ні ў якіх універсітэтах. У гэтым я ўпэўнілася толькі сёлета.

Якраз на Задушкі Алесь ў мэсэджары даслаў маёй маці столькі фотакопій дакументаў пра нашых прадзедаў з роду Юркойцяў, што мы пасля наведвання могілак з ёй яшчэ доўга разглядвалі іх, адкрываючы для сябе такую каштоўную і важную інфармацыю пра нашых продкаў, ды і, прызнацца, пра нас саміх…

Аказваецца, маіх прапрадзедаў – да гэтага я нават не ведала, як іх завуць, – звалі Ян і Разалія. Згодна з дакументам першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі на аснове зацверджанага палажэння ад 5 чэрвеня 1895 года, яны жылі ў Кярнянах у крытай саломай хаце і гадавалі пяцёра дзетак: Адама, Марысю, Эльжбету, Аўгусціна і Антонія – распачынальніка нашай лініі Юркойцяў. Для ўсіх сямі душ сям’і майго прапрадзеда роднай мовай была беларуская. Прапрадзед Ян, аказваецца, умеў чытаць і пісаць –быў самавучкам, а вось Антоній – не (падчас перапісу яму было 10 гадоў), толькі старэйшы Адам валодаў граматай, якой навучыўся дома. У картцы ваеннага ўліку прадзеда Антонія ўжо пазначана, што ён валодаў і беларускай, і польскай мовамі – ім уласнаручна напісана імя і прозвішча. А яго жонка, мая прабабуля Алена, на месцы роспісу ставіла толькі 3 няроўныя крыжыкі… Думаю, можна меркаваць, што і мой прапрапрадзед Міхась быў пісьменны…

Хоць звесткі, атрыманыя з гістарычных дакументаў, скупыя, сухія, але не перадаць словамі, наколькі яны важныя для мяне. Я разумею, што, па вялікім рахунку, мае продкі былі такімі ж, як і мы: кожны са сваім характарам, звычкамі, асаблівасцямі; яны таксама кахалі і ненавідзелі, былі шчаслівымі і засмучанымі… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, якой я, на жаль, ніколі не даведаюся.

Пакуль жывыя вашы дзяды, бацькі ці іншыя сваякі, не шкадуйце часу на стасункі з імі, часцей наведвайцеся ў родную хаціну і не лянуйцеся слухаць, на першы погляд, нікому не патрэбныя старэчыя гісторыі. Ведаю па сабе, што рана ці позна і ў вас настане той час “ікс”, калі, як дыхаць, захочацца ведаць, хто вашы продкі і адкуль вы ёсць. Але будзе вельмі позна: па блізкіх, якія яшчэ маглі нешта ўспомніць і расказаць, застанецца толькі запальваць лампадкі памяці на могілках у Задушны дзень.

…Злавіла сябе на думцы: яшчэ шмат чаго не ведаю пра сваіх прадзедаў, але нам з мамай, сястрой і дачушкай у гэтым сэнсе двойчы пашчасціла. У нас ёсць Алесь – як сказаў бы светлай памяці дзядуля Франак – дабітны: дзядзька ўсё ж адшукаў неацэнныя звесткі пра прашчураў. І, у рэшце рэшт, нам у спадчыну засталіся нашы Кярняны – радавое гняздечка, месца духоўнага ачышчэння і напаўнення жыватворнай энергіяй, адкуль і пачаўся род Юркойцяў…

2.jpg

3.jpg


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: