Аздараўленне 2021: восеньскія маршруты варнянскіх “Нашчадкаў”
У школьным аздараўленчым лагеры “Сонечная планета” Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы адпачыла 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. З першага дня канікул яны пабудавалі маршрут восеньскага падарожжа, поўны загадак, прыгод, таямніц.
За 6 дзён юным вандроўнікам скарыліся ўсе кропкі восеньскіх маршрутаў. Дзеці пабывалі на мосціку памяці, дзе даведаліся аб гісторыі і традыцыях святкавання Дзядоў, апынуліся ў “музеі ў чамадане”. Яшчэ адной кропкай на карце стаў востраў добрых спраў, наведванне якога дапамагло выхаванцам прайсці “дарогай дабрыні”, стаць вучнямі “школы маленькага прафесара”. На анлайн-гульні “Экалагічная місія – 2021” яны паказалі веданне законаў прыроды, прадэманстравалі спрыт і кемлівасць. А на наступным прыпынку выхаванцы раскрывалі сакрэты здароўя.
Не абышліся восеньскія маршруты без вясёлых гульняў, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў, падарожжаў і музычных забаў. Прыемным бонусам для юных падарожнікаў сталі сувеніры і граматы за актыўнасць, творчасць і кемлівасць.
Таццяна Лакевіч, намеснік дырэктара лагера.