Удзельнік Алімпійскіх гульняў астраўчанка Анастасія Рароўская без спорту не ўяўляе жыцця

09:02 / 05.11.2021
518

Невысокая стройная дзяўчына з абаяльнай дзіцячай усмешкай і прамяністымі вачыма. Але за знешняй далікатнасцю хаваецца загартаваны стрыжань, які дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі і дасягаць пастаўленых мэт. 

Майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе, прызёр рэспубліканскіх і еўрапейскіх спаборніцтваў, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Токіа, гонар Астравеччыны і проста ўлюбёная ў свой від лёгкай атлетыкі дзяўчына – гэта наша зямлячка Анастасія Рароўская. Каля трох гадоў назад яна ўсур’ёз заявіла аб сабе, дэманструючы годныя вынікі і крок за крокам скараючы новыя спартыўныя вяршыні. І нямногія ведаюць, з чаго пачынаўся гэты няпросты ўхібісты шлях.

“Не патрэбен мне ваш спорт”

Гэта не было прызваннем. У гурток па лёгкай атлетыцы да Святланы Раманоўскай, якая ў той час вяла фізкультуру ў Гудагайскай СШ, яна трапіла выпадкова, за кампанію з іншымі. А калі змяніўся трэнер – ім стаў Васіль Марцішэўскі, Насця пасля ўрокаў уцякала дадому, каб не ісці на трэніроўкі. Аднак Васіль Уладзіміравіч хутка зразумеў стратэгію дзяўчынкі і пільнаваў яе, адразаючы ўсе шляхі да адступлення. Пры гэтым Насцю нельга было назваць свавольнай ці лянівай – наадварот, трапіўшы на трэніроўку, яна добрасумленна выконвала ўсе заданні: бегала, скакала, штурхала ядро. Але, спакойная і сціплая па натуры, яна не любіла быць у лідарах і адчувала сябе камфортна, калі нічым не вылучалася сярод іншых. Да таго ж спорт яе зусім не цікавіў. Пакуль…

“Навучыце мяне хадзіць”

Гэта не быў гром сярод яснага неба, раптоўнае ўсведамленне ці імгненная любоў да каралевы спорту. Хутчэй – маленькае зярнятка зацікаўленасці да таго, чым яна займаецца. Васіль Марцішэўскі інтуітыўна адчуваў, што ў дзяўчыне ёсць добры патэнцыял, але не мог дакладна зразумець, у чым менавіта яна моцная, і таму спрабаваў розныя варыянты. Калі Насця была ў 7-м класе, трэнер рабіў акцэнт на трайным скачку – выхаванка паслухмяна выконвала практыкаванні, але без асаблівага жадання. І вось падчас адной з размінак на стадыёне дзяўчынка ўбачыла аднакласніцу, якая займалася спартыўнай хадзьбой – яна трэніравалася побач. Грацыёзнасць, лёгкасць, элегантнасць, з якой яе равесніца хадзіла па стадыёна, так уразілі Насцю, што яна тут жа падумала: я таксама так хачу! І пры нагодзе папрасіла Васіля Уладзіміравіча: “Мне не падабаюцца скачкі, навучыце мяне гэтак жа хадзіць!” Трэнер згадзіўся. Канешне, Рароўская адразу зорак з нябёс не хапала, але настаўнік заўважыў, што яна пачала трэніравацца з задавальненнем. І нешта Марцішэўскаму падказвала, што дзяўчынка яшчэ пакажа, на што здольная. Неўзабаве з’явіліся і вынікі: лідарства ў раённых спаборніцтвах, нядрэнныя паказчыкі на абласных. Таму Васіль Уладзіміравіч сказаў, што будзе рэкамендаваць яе да паступлення ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Абласны цэнтр, дакладней, дарогу ў сотні кіламетраў да яго, Насця ніколі не любіла, таму на прапанову адрэагавала адмоўна, упарта паўтараючы: “Я не паеду ў Гродна! Не патрэбны мне вашы перспектывы, я наогул закіну спорт!” Вось у Мінск дзяўчына была згодна ехаць вучыцца хоць заўтра – сталіца падабалася, цягнікі хадзілі часта, 2-3 гадзіны – і ты дома. Васіль Уладзіміравіч нават размаўляў са сталічным калегам, але нічога не атрымалася. Угаварыць Насцю паступаць менавіта ў Гродна дапамаглі яе родныя. “Дзіця, выбівайся ў людзі, пакуль ёсць магчымасць. Бог дае шанс – не ўпусці яго”, – аргументавала маці, якую падтрымаў старэйшы брат. Яна ж праз некалькі месяцаў, калі дачка патэлефанавала і са слязьмі прасіла забраць яе з вучылішча, сцяўшы мацярынскія пачуцці ў кулак, цвёрда адказала: “Ты ў мяне моцная. Калі выбрала гэты шлях, ідзі да канца”.

1.jpg

“Нічога не мае сэнсу”

У вучылішчы Насці было няпроста – гарадскія і дзелавыя аднакурсніцы падсмейваліся з яе мовы-“трасянкі” і спакойнага, зусім не спартыўнага характару. Дзяўчына замыкалася ў сабе, але давала волю эмоцыям на трэніроўках, дэманструючы добрыя вынікі. Так яна і прайшла гэтую своеасаблівую школу даросласці.

Вучылішча скончыла, наперадзе былі планы і надзеі, да здзяйснення якіх Насця ўпэўнена ішла: выканала нарматыў майстра спорту, ездзіла на зборы, рыхтавалася да першай “маладзёжкі”, але… Раптам памерла мама. І быццам хтосьці выбіў апору з-пад ног, абрэзаў крылы і выпусціў з лёгкіх паветра. Усё стала непатрэбным. Час праходзіў, але не лячыў. Дзяўчына трэніравалася, але нічога не атрымлівалася. Рукі апусціліся, ногі не ішлі – усё здавалася бессэнсоўным. Малады чалавек, з якім Насця сустракалася, прапанаваў паехаць з ім у Маскву. І яна ўхапілася за гэтую саломінку, убачыўшы ў ёй выратаванне: кінуць усё – і ўцячы. Калі Васіль Марцішэўскі, стрыманы і разважлівы чалавек, даведаўся аб рашэнні Рароўскай, то не на жарт расхваляваўся і не мог супакоіцца, узрушана паўтараючы: “Якое каханне, якія адносіны? У яе цяпер пік спартыўнай кар’еры! З яе патэнцыялам яна магла б трапіць на Алімпіяду!”

“Масква мяне загартавала”

Ад’язджаючы ў расійскую сталіцу , Насця абяцала сабе, што будзе працягваць трэніравацца, але слова не стрымала. Масква не Мінск і тым больш не Гродна. Дабірацца да бліжэйшага стадыёна было нязручна і доўга, узніклі праблемы са здароўем , і Рароўская вырашыла часова завязаць са спортам. Калі ў яе пыталі, ці сумуе па лёгкай атлетыцы, яна адказвала: “Не”. І не хлусіла. Так працягвалася год, а затым пачалася “ломка”. Гучыць дзіўна, але Насці стала катастрафічна не хапаць таго, ад чаго яна ўцякала ў дзяцінстве: пакутлівых трэніровак, гвалтавання свайго арганізму, фізічных практыкаванняў да сёмага поту. Цела быццам выварочвала ад недахопу нагрузак, а сутнасць сцвярджала: немагчыма ўцячы ад самой сябе, трэба вяртацца, ты яшчэ не ўсяго дасягнула ў спорце. З маладым чалавекам яна разышлася і прыехала назад у Гродна. Насця не шкадуе аб страчаным часе. Той год быў своеасаблівай перазагрузкай, каб зразумець, чаго яна хоча і на што здольная. Да таго ж Масква загартавала дзяўчыну, яна хутка зразумела, што калі не хочаш, каб мегаполіс перажаваў і выплюнуў цябе, трэба навучыцца жыць у яго шалёным тэмпе. Таму пасля вяртанння на Радзіму першы час Насця здзіўлена глядзела на прахожых, не разумеючы, чаму яны такія павольныя. Ёй так і хацелася крыкнуць: “Людзі, вы ж нічога не паспееце зрабіць!”

“На дасягненні мяне штурхаюць крыўды”

Гродзенскі трэнер Сяргей Следзь хоць і без асаблівага энтузіязму, але прыняў яе назад. Аднак першыя паўгода толькі нямногія ведалі, што Анастасія Рароўская вярнулася, – ёй было сорамна. Становішча ў дзяўчыны было незайздроснае: ні жылля, ні работы, а сэканомленых грошай хапіла толькі на некалькі месяцаў.

Рароўская не любіць успамінаць той няпросты перыяд жыцця. На першы час яна спынілася ў родзіча, пасля жыла ў сяброўкі; хадзіла на падзаробкі, не ганьбуючы ніякай працай. Асноўны ж час праводзіла на манежы, трэніруючыся да шаленства і апошняй кроплі сіл. У моманты, калі стомленасць валіла з ног і здавалася, што яшчэ крыху – і яна не вытрывае, дзяўчына ўспамінала пачутыя аднойчы словы: “Рароўская? Ды яна нічога не вартая ў спорце”. І, сцяўшы зубы, зноў і зноў наразала кругі па манежы, пакляўшыся самой сабе, што абавязкова дакажа сваю вартасць. Нішто так не матывуе да самаўдасканалення, як крыўды.

“Хачу, каб мной ганарылася мама”

Сёлета на летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа ўраджэнка Астравеччыны Анастасія Рароўская прадэманстравала лепшы вынік сярод беларускіх удзельніц у спартыўнай хадзьбе. І дзяўчына не думае спыняцца на дасягнутым.

– Я вельмі ўдзячная Васілю Уладзіміравічу Марцішэўскаму, што ён калісьці паверыў у мяне і не дазволіў уцячы ад спорту, – з усмешкай гаворыць наша зямлячка. – За тое, што і цяпер падтрымлівае, дае парады, а часам і проста выслухоўвае. Не ведаю, чым бы я займалася, калі б не хадзьба, проста не магу гэтага ўявіць. Я ўдзячная ўсім, хто верыць у мяне і перажывае за мае поспехі. Галоўнае для любога спартсмена – рэалізаваць сябе, я таксама хачу рухацца далей, мару ўбачыць Парыж і паўдзельнічаць у сапраўднай Алімпіядзе без абмежаванняў супраць каронавіру – спадзяюся, гэта стане магчымым. Але самае важнае – хачу, каб мной ганарылася мама, якая заўсёды са мной...

Калі я папрасіла Анастасію прадоўжыць простыя фразы “Я не люблю…” і “Я люблю…” – яна ўсур’ёз задумалася.

– Прызнаюся, што не вельмі люблю вучыцца, хоць разумею, што гэта патрэбна (Анастасія Рароўская скончыла факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце на юрыдычны. – Заўв.аўт.) Не люблю крыўды і абразы, а яшчэ – публічнасці і неабходнасці стасавацца з многімі людзьмі.

Я люблю радаваць людзей – гэта надае сілы. З дзяцінства проста да дрыжыкаў у захапленні ад коней і мару, што калі-небудзь у мяне будзе свой гадаванец. А яшчэ я люблю мора, цяпло і палявыя кветкі.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений