Мікалай Савіч: партызан, журналіст, адвакат

10:34 / 02.11.2021
Пошукі звестак пра Мікалая Савіча і яго пераемніка на пасадзе адказнага сакратара Канстанціна Собаля ішлі амаль адначасова і практычна аднолькава. 

Спачатку знайшлі ў архіўных падшыўках «Сталінскай праўды» публікацыі за подпісам Н. Савіч – трэба сказаць, бойкія і смелыя. Яны сталі з’яўляцца ў «раёнцы» са снежня 1952 года. У час адсутнасці рэдактара газету падпісваў адказны сакратар Н.І. Савіч. Пазней гэтае прозвішча сустракаецца ў газеце як сакратара Астравецкага райвыканкама, затым – намесніка старшыні. 

Са спісу астравецкіх ветэранаў даведаліся, што Мікалай Іосіфавіч Савіч партызаніў у атрадзе імя Хмяльніцкага брыгады імя Варашылава, узнагаро­джаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Астраўчане старэйшага пакалення расказвалі, што ведалі Мікалая Савіча – праўда, ніхто не памятаў, каб ён працаваў у газеце. 

1.jpg

І толькі дзякуючы дапамозе Іны Іванаўны Прусаковай удалося адшукаць дачку ветэрана Аляксандру Мікалаеўну, якая і расказала пра бацьку і ўвогуле пра іх сям’ю. 

Мікалай Іосіфавіч Савіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Негарэлае пад Мінскам – цяпер гэта Дзяржынскі раён. Калі пачалася вайна і прыйшлі немцы, ні Іосіфа Савіча, ні яго сына Мікалая, якому толькі споўнілася 18 гадоў, не паспелі прызваць на фронт. У 1941 годзе бацька з сынамі – апроч Мікалая, забраў з сабой і 16-гадовага Канстанціна – падаўся ў лес, да партызанаў. Маці з дзвюма дочкамі засталася ў хаце – дапамагала сваім, хавалася ад немцаў, калі тыя наязджалі ў вёску. 

Ім пашчасціла: у гады акупацыі ўсе ацалелі. Міка­лай Іосіфавіч нават быў удзельнікам леген­дарнага партызанскага парада ў Мінску.

Потым яго прызвалі на фронт. Але доўга паваяваць не давялося: неўзабаве захварэў на тыф і пракачаўся па шпіталях амаль да самай Перамогі.

Пасля вайны юнак паступіў на юрыдычны факультэт Бел­дзяр­жуніверсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1952 годзе паехаў працаваць у Астравец у рэдакцыю «Сталінскай праўды».

 Чаму такі дзіўны выбар, чаму не па спе­цыяльнасці? – напрошваецца пытанне. Адказ, трэба думаць, хаваецца ў драматычных пасляваенных падзеях, пра якія ў сям’і не любілі ўспамінаць. Пасля вызвалення бацьку Мікалая, партызана Іосіфа Савіча, рэпрэсіравалі. Чаму, за што – невядома. З лагераў ён не вярнуўся, памёр у няволі.

Астравец стаў для Мікалая Іосіфавіча прыстанню жыцця. Тут ён сустрэў будучую жонку – Анжаліна Фёдараўна Голікава працавала ў райкаме камсамола. 

Яе лёс таксама склаўся няпроста і ў нечым падобна: бацьку, Фёдара Арцемьевіча Голікава, прыслалі ў Астравец перад вайной, як толькі быў створаны раён. У чэрвені 1941-га ён пайшоў на фронт. Жонка з дзецьмі паспела эвакуіравацца, ліхалецце перажылі ў Чувашыі. Пасля вызвалення Беларусі вярнуліся ў Астравец, сталі чакаць мужа і бацьку з фронту. І не дачакаліся: яго, маёра Чырвонай арміі, які прайшоў усю вайну, арыштавалі па даносе як ворага народа: калі гналі канфіскаваных нямецкіх кароў, камандзір дазваляў нямецкім сялянкам, што даілі рагуль па дарозе, пакінуць сабе малако. Фёдар Арцемьевіч, на шчасце, вярнуўся са ссылкі  і дажыў да глыбокай старасці са сваёй сям’ёй. 

2.jpg

Пакуль яго не было, сям’і было нясоладка: жонка магла ўладкавацца толькі пры­біральшчыцай. Анжаліну ж, якая працавала ў райкаме камсамола, пад­тры­маў тагачасны першы сакратар райкама партыі Максім Логінавіч Язычэнка: ён сказаў, што дачка за бацьку не адказвае і пакінуў на рабоце. За гэта Анжаліна Фёдараўна была яму ўдзячна ўсё жыццё. 
Мікалай Савіч пра­ца­ваў у раённай газеце крыху больш за год – да лютага 1954-га. Публікацыі яго вызначаліся васт­рынёй, канкрэтыкай. Вось урывак з адной з іх – «Прышліце каня!»

«(…) Астравецкай МТС  у калгас «Новае жыццё» накіраван на пасаду агранома спецыяліст Каралёў. Аднак пераязджаць у вёску Каралёў не думае. Ён жыве ў м. Астравец і адсюль вядзе сваю работу. У калгасе ён рэдкі госць. Дапамога яго калгаснікам і яго парады па ўздыму арцельнай гаспадаркі вельмі патрэбны, іх чакаюць калгаснікі. У арцелі дрэнна арганізавана зімоўка жывёлы, выдаткаванне кармоў. Маруднымі тэмпамі вядзецца апрацоўка і здача ільнопрадукцыі дзяржаве,  не засыпаны насенныя фонды, не вядзецца іх ачыстка. Прастайвае тэхніка МТС. Каму як не аграному займацца гэтымі і іншымі пытаннямі. Але як Каралёў можа гэта рабіць, жывучы не ў калгасе, а за дзесяць кіламетраў у м. Астравец.

– Прышліце за мною каня, – гаворыць ён, – тады я прыеду ў калгас. 

Ці ведае пра гэта дырэкцыя МТС? А калі ведае, то чаму не прымае мер».

Пасля смерці Сталіна ўспомнілі пра вышэйшую юрыдычную адукацыю Мікалая Савіча – спецыялістаў такога ўзроўню ў раёне па тым часе было няшмат – і прызначылі следчым пракуратуры. Пазней Мікалай Іосіфавіч працаваў сакратаром райвыканкама, намеснікам стар­шы­ні райвыканкама. 

Але заканчваў сваю пра­цоў­ную кар’еру ўсё ж юрыс­там: доўгі час, да самага выхаду на пенсію, ён быў адзіным у Астраўцы адвакатам.

Памёр Мікалай Іосіфавіч Савіч 7 ліпеня 1990 года. Пахаваны ў Астраўцы.

3.jpg

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик