Чым “чапляе” турыстаў храм у Альхоўцы

15:30 / 20.09.2021
Рэлігійны турызм, як і любы іншы, а можа, нават і больш, займае ў нашым жыцці не апошняе месца. Рэдка хто зможа, праязджаючы міма цэркаўкі або касцёла, не павярнуць у іх бок галаву – ёсць у гэтых месцах нейкае прыцягненне.

І ніхто не адмовіцца ад магчымасці спыніцца і зайсці ў храм або проста пастаяць побач – каб адчуць сакральнае пачуццё адзінства з Богам, з іншымі людзьмі, з усім светам…

3.jpg

Храм у атачэнні бяроз

Сярод рэлігійных кропак Астравеччыны невялічкая царква Святога прарока Іллі ў Альхоўцы нічым не выдзяляецца, не кожны знойдзе яе і на турыстычнай карце нашага краю. Аднак той, хто хоць аднойчы пабываў тут, пацвердзіць яе магнетычнае прыцягненне.

У чым яно? Магчыма, у месцы, дзе пабудаваны храм: на адкрытай пляцоўцы, амаль на беразе вадасховішча, у атачэнні маладзенькіх бяроз і яблыняў – здаецца, і дыхаецца тут прасцей, і паветра тут чысцейшае.

Магчыма, у нейкай казачнасці, калі не сказаць лялечнасці, будынка: невялічкі па памеры, ён уражвае аксамітнай «знешнасцю». Дадае яму велічнасці і арыстакратычнай высакароднасці невялічкі купал, які, здаецца, адбівае ад сваёй паверхні залацістыя сонечныя промні.

А можа, і ўтульнасцю: пераступіўшы парог храма, адразу адчуваеш, як цябе ахутвае супакаенне. І хоць месца ўнутры няшмат, яно нібы пашыраецца ў жаданні абняць і прытуліць. 
Расказвае Мікалай Сяргей, мясцовы жыхар:

– Будаўніцтва царквы ў Альхоўцы пачалося стараннямі маёй цешчы. Менавіта яна прасіла светлай памяці пратаіерэя Паўла Варановіча, настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы, каб праваслаўны храм з’явіўся ў нашай мясцовасці.

У 2001 годзе фундамент быў закладзены. Але на гэтым будаўніцтва прыпынілася – амаль на 10 гадоў. Спадвіжкі пачаліся ў 2008-м, і 12 верасня 2010 года наш храм быў асвечаны архіепіскапам Гурыем.

Службы праходзілі спачатку толькі па суботах – вёў іх айцец Павел. А пашырыўся наш прыход дзякуючы тады яшчэ семінарысту айцу Вячаславу Шасцітку. Шмат у той час людзей прыходзіла ў храм – часта і вялікімі сем’ямі…

У будаўніцтве царквы дапамагалі райвыканкам, мясцовая фабрыка, прыхаджане астравецкага храма. Уклалі свае сродкі жыхар Астраўца і маскоўскі прадпрымальнік, які меў дачу непадалёк Альхоўкі. Дах і купал узведзены за грошы мінскага прадпрымальніка. Давалі на будаўніцтва, колькі маглі, і альхоўцы.

Айцец Павел задумваў пабудаваць царкву па праекце храма ў Смаргоні, аднак давялося яго карэкціраваць – каб хапіла сродкаў. Так атрымалася ў нас невялічкая цэркаўка з адным купалам – у смаргонскай іх 5. Затое там яны ацынкаваныя, а ў нас «залачоны»!

Сцены ўзводзілі прыхаджане пад кіраўніцтвам міхалішкаўскага прад­пры­маль­ніка Баркоўскага, які, да слова, і цыліндраваў драўніну для зруба.

З зямлёй, каб падсыпаць тэрыторую, дапамог сельвыканкам. Дарэчы, на месцы, дзе стаіць царква Святога прарока Іллі, у савецкія часы быў клуб. З часам яго закрылі, потым будынак знеслі – і прыгожае месца ў цэнтры пасёлка нейкі час пуставала…

Расказвае настаяцель храма Святога прарока Іллі іерэй Леанід Чарняеў:

– Храм у Альхоўцы невялічкі, але намолены. Больш за 10 гадоў яго існавання я тут трэці настаяцель – пасля айца Вячаслава Шэсціткі і айца Ігара Пятроўскага. Фармат багаслужэнняў даводзіцца карэкціраваць – я служу таксама ў Варнянах, – аднак яны праходзяць рэгулярна. І калі вянчанні тут яшчэ не праводзіліся, то хрышчэнне дзяцей – даволі часта, нават зімой – у храме, дзякуючы ўстаноўленаму катлу, цёпла і ў вялікія маразы.

Турысты, якія ў апошні час з-за пандэміі бываюць у Альхоўцы радзей, не абмінаюць наш храм. Кагосьці цікавіць яго вонкавы выгляд, а некаму пашанцуе і службу наведаць.

Альхоўка – вельмі прыгожае месца, але знаходзіцца ў баку ад дарогі, таму трапляюць у царкву больш тыя, хто ведае гэтыя мясціны, або той, хто змог знайсці месца на турыстычных картах.

Заўсёды радасна, калі людзі цікавяцца гісторыяй і хочуць больш ведаць пра Бога – праз малітвы, размовы, чытанне кніг або хоць бы падчас экскурсіі. А гісторыю будаўніцтва царквы ў пасёлку з гатоўнасцю раскажуць для жадаючых мясцовыя жыхары, рукамі якіх яна і будавалася.
Ад аўтара

Толькі калі трапляеш у такія намоленыя месцы, пачынаеш разумець, наколькі важна жыць у міры – з Богам, з людзьмі, з сабой. І што толькі гэта правільна, бо дапамагае не губляць арыенціры і не сумнявацца ў тым, што менавіта прыгажосць душы і вера выратуюць наш свет.

…Раю: будзеце праязджаць міма Альхоўкі – наведайце невялічкі храм і адчуйце гэта самі, без маіх турыстычных падказак.

ЦУДоўнае месца

● У алтары захоўваюцца часцінкі мошчаў кіева-пячэрскіх і опцінскіх святых, а таксама мошчаў свяціцеля Мікалая Міратворцы, прывезеныя стараннямі ранейшых настаяцеляў, – пакланіцца ім можна ў дні памяці святога.

● Маецца 2 спісы цудадзейных ікон, а таксама іконы беларускіх і вядомых усяму свету святых. Да прыкладу, вялікамучаніцы Кацярыны, якую ў храмах сустрэнеш рэдка, або жыровіцкай Божай Маці, апякункі Беларусі.

● Ёсць некалькі ікон святога прарока Іллі, іменем якога названа царква. Адна з іх размешчана на аналоі, – кожны, хто ўваходзіць у храм, можа яму пакланіцца. 

● Здзіўляе добрая храмавая бібліятэка – для такіх невялічкіх цэркваў гэта рэдкасць. 


2.jpg

Айцец Леанід з мошчамі Мікалая Міратворцы

4.jpg

Мошчы свяціцеля Мікалая Міратворцы

5.jpg

Ілля-прарок, іменем якога названы храм


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 


Текст:
Фото: Ольга Хотянович