Расійскі вучоны родам з Астравеччыны
Не раз чула, што імя накладае адбітак на лёс чалавека – асаблівае імя і лёс прадвызначае незвычайны. Неаднойчы даводзілася пераконвацца, што так яно і ёсць. І яшчэ адно пацвярджэнне таму – жыццё нашага земляка з рэдкім і прыгожым імем Тэлесфор (у беларускім варыянце націск на апошнім складзе, у польскім – на другім).
Цікава ведаць
Тэлесфор – імя незвычайнае, занесена ў спіс рэдкіх імён. У перакладзе з грэчаскай мовы яно азначае “той, хто прыносіць карысць”. У старажытных грэкаў Тэлесфор – бог выздараўлення. Быў яшчэ ў 2-м стагоддзі Папа Рымскі Тэлесфор, якога пасля прызналі святым.
У гонар святога Тэлесфора і назвалі Любамір і Малання Канчаніны свайго сына.
Нарадзіўся хлопчык у маленькай вёсачцы Рудня 13 чэрвеня 1941 года . Бацькі яго, простыя, добрыя і працавітыя людзі, выхоўвалі дзяцей у павазе да Бога, да працы, вучылі любіць радзіму, ведаць свае карані. Жылі бедна: бацька працаваў на чыгунцы, а маці хадзіць на работу не было калі – трэба было гадаваць пяцёра дзяцей. Адна з дачок памерла сямігадовай, дзве цяпер жывуць у Літве, адзін сын – у Маскве. А пра Тэлесфора мы раскажам больш падрабязна.
Тэлесфор, ці Толік, як называлі яго вяскоўцы, быў другім дзіцем у сям’і. Пачатковую школу закончыў у Світайлішках (Літва) – гэта ў паўтара кіламетрах ад Рудні, калі ісці напрасткі, праз лес. У васьмігодку хадзіў у Клюшчаны, а сярэднюю адукацыю, як і многія яго равеснікі, атрымаў у Лынтупах Віцебскай вобласці. Жыў там на кватэры і толькі зрэдзьчасу ў выхадныя, калі туга па родных станавілася невыноснай, ці на канікулах прыбягаў дадому – па снезе, марозе, бездарожжы.
Закончыўшы школу, хлопец, як і ўся мясцовая моладзь, падаўся ў Вільнюс, працаваў там вадзіцелем аўтапагрузчыка на таварнай станцыі.
У 1960 годзе яго прызвалі ў армію. Службу юнак праходзіў у Растове-на-Доне.
Хлопец марыў вучыцца і яшчэ падчас службы паступіў на падрыхтоўчыя курсы ўніверсітэта. Вучоба яму давалася лёгка, і Тэлесфор у верасні, паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, стаў студэнтам гістарычнага факультэта Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта – да лістапада, калі заканчваўся тэрмін яго службы, заставалася яшчэ 2 месяцы.
У 1967 годзе ён закончыў універсітэт і стаў працаваць старшым лабарантам у лабараторыі сацыялагічных даследаванняў універсітэта. У 1970 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута канкрэтных сацыялагічных даследаванняў АН СССР у Маскве, у 1975-м абараніў дысертацыю на атрыманне ступені кандыдата філасофскіх навук.
Працаваў на розных пасадах, апошнія гады – у родным Растоўскім універсітэце выкладаў сацыялогію, паліталогію, псіхалогію, педагогіку, філасофію. З’яўляўся дацэнтам кафедры “Філасофія і сусветныя рэлігіі”, вёў лекцыі і семінары. Яго працоўны стаж – 55 гадоў. За гэты час наш зямляк напісаў і выдаў шэраг вучэбных дапаможнікаў і манаграфій па сацыялогіі, якімі і сёння карыстаюцца студэнты. Яны, дарэчы, вельмі любілі свайго выкладчыка – сведчанне таму я знайшла ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”: “Тэлесфор Любаміравіч -- добрае сэрца”; “З ім лёгка, усё разумее і спачувае”; “Спазнялася на яго лекцыі, а ён усё роўна “аўтамат” паставіў!” – такія ўспаміны пакінулі яго былыя студэнты. Падобна, наш зямляк быў культавай асобай ва ўніверсітэце. І калі яго прадмет з цягам часу, магчыма, нехта і забыўся, то рэдкае імя, думаецца, застанецца ў памяці кожнага.
Стараннага і мэтанакіраванага студэнта з незвычайным імем Телесфор, яшчэ калі той вучыўся на 3-м курсе, заўважыў дэкан факультэта і пазнаёміў са сваёй дачкой Зояй, студэнткай філалагічнага факультэта. Маладыя людзі неўзабаве пажаніліся. У іх нарадзілася двое дзяцей – сын Владлен і дачка Юля. Жонка пазней працавала ў рэдакцыі газеты карэктарам. Сын цяпер – медбрат у адной з медыцынскіх устаноў, дачка жыве ў Канадзе і займаецца аптэчным бізнесам.
Скупыя біяграфічныя звесткі не дазваляюць зразумець, якім чалавекам быў наш зямляк, вучоны-філосаф Телесфор Канчанін. Мы папрасілі расказаць пра гэта людзей, якія яго добра ведалі.
Ала Берняковіч (Канчанін), стрыечная сястра:
– Толік заўсёды быў хударлявы. Калі прыязджаў у Рудню, то вяскоўцам гаварыў, што пакуль што жыве пад дэвізам “Есці, каб жыць”, а як стане працаваць, то будзе жыць, каб есці. На самой справе ён вёў здаровы лад жыцця, любіў хадзіць пешшу. Калі яшчэ вучыўся ў Лынтупах, здымаў кватэру з сябрам – яны насілі адзін шынель на дваіх, пра паліто нават размовы не было, бо бацькі дапамагчы не мелі чым. Але ў яго была мэта – вывучыцца, і ён яе дасягнуў.
Вельмі любіў родную вёску, прыязджаў пры кожнай магчымасці, нават пасля таго, як бацькоў не стала. Яны памерлі рана: бацька ў 1984 годзе, а маці – ў 1986-м. А калі даехаць да Рудні стала складана, праведваў сясцёр у Вільнюсе.
Аксана Багдановіч, пляменніца:
– Дзядзька, калі прыязджаў у вёску, заўсёды дапамагаў сваім бацькам, працаваў шчыра, ад душы. Памятаю, як вастрыў касу і моцна параніў руку, нават да доктара ў Пабрадзе за дапамогай давялося звяртацца. Прыязджаў і адзін, і з сям’ёй. З яго дачкой Юляй мы сябравалі, перапісваліся. Дзядзька Толік вельмі любіў дзяцей, песціў іх, прыдумваў розныя забавы. І дзеці яго любілі бязмерна. Ён застанецца ў маёй памяці вельмі сонечным і светлым чалавекам, добрым і мудрым.
Тэлесфор Любаміравіч Канчанін любіў сваю маленькую вёсачку самаадданай сыноўняй любоўю. Кожнае лета ён прыязджаў у Рудню, каб надыхацца родным паветрам, водарам сасновага бору, сенажацяў, дапамагчы бацькам у бясконцых вясковых клопатах, паблукаць па знаёмых з дзяцінства грыбовішчах, павудзіць рыбу ў сваёй рэчцы, назбіраць духмяных гаючых траў, якія ў далёкім Растове давалі яму сілы і натхненне, нагадвалі аб роднай старане і дарагіх людзях, басаногім дзяцінстве.
…У 2016 годзе Тэлесфор Любаміравіч памёр. Як і многія яго слынныя землякі – Янка Быліна, Канстанцін Стаповіч – ён хацеў, каб яго пахавалі на радзіме, на клюшчанскіх могілках. Але яму таксама выпала спачываць у чужой старане, у далёкім Растове - на - Доне, які стаў для яго другой радзімай.
А жыхары спондаўскага краю з гонарам і пашанай успамінаюць свайго земляка, таленавітага вучонага і дастойнага чалавека – Телесфора Любаміравіча Канчаніна.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.