Ці варта аддаць жыццё за кукурузу?

14:36 / 16.09.2021
Царица полей – кукуруза. Что мы о ней знаем? | Еда и кулинария | ШколаЖизни.руЖудасныя выпадкі, што здарыліся на Шчучыншчыне за апошнія 2 тыдні, уразілі: пажылыя людзі ў розны час былі на калгасным кукурузным полі і трапілі пад камбайны, якія там працавалі…

Што  і хто цяпер ні гаварыў бы, але ў сем’і гэтых людзей прыйшло вялікае гора. Ды і як так атрымалася скончыць доўгае, насычанае падзеямі, дзецьмі, унукамі жыццё? Скончыць нечакана, страшна, у адно імгненне непераноснага, жудаснага болю. А галоўнае, за што – за кошык кукурузы?! Можа, і не яна была прычынай такога «паходу», а трэба было, да прыкладу, скараціць дарогу – гэта ўжо высветліць следства. Толькі няважна ўжо, што было, чаму і як. Бо жыццё не стужка – назад не адматаеш...

Страта роднага чалавека для блізкіх – гэта адзін бок медаля. Ёсць і другі, пра які мала хто ўзгадвае. А дарэмна. Бо застаўся яшчэ той, хто сядзеў за рулём камбайна. Канешне, камісіі правераць, ці былі на полі інфармацыйныя таблічкі, з якой хуткасцю ішла тэхніка, ці міргала папераджальная лямпачка, ці падаваўся гукавы сігнал, – але ніхто не падкажа вадзіцелю, які працаваў у той дзень, як заўсёды, спакойна пераадольваючы на камбайне метр за метрам па зялёным полі, як цяпер жыць і спаць спакойна. Бо акрамя суда чалавечага ў кожнага з нас ёсць больш жорсткі суддзя – сумленне…

Ніхто, мабыць, не папярэдзіў пажылых людзей, што збіраць кукурузу небяспечна; што камбайнер, як бы ні стараўся, нікога не зможа разгледзець на вялізным палатне-полі, што зліваецца перад вачыма ў адно; што жатка даўжынёй у некалькі метраў у секунды «глытае» дзясяткі кілаграмаў кукурузы.
Даводзілася бачыць, як высока цягне да сонца свае верхавінкі кукуруза, ці хоць бы стаяць побач з гэтай раслінай? Тады вы разумееце, як лёгка можна схавацца ў ёй і нават заблудзіцца…

Ці то паласавацца кукурузай вырашылі пажылыя людзі, ці то хацелі скараціць дарогу праз поле, аднак вынік адзін – трагедыя, пра якую можна шмат гаварыць і якую не выправіш. Мне ў такім выпадку хочацца сказаць толькі адно: нават калі вы добра чуеце і зрок вас ніколі не падводзіў, трыста-пяцьсот разоў падумайце, чым можна заплаціць за хвіліннае жаданне паласавацца жоўтымі зярняткамі ці скараціць шлях.

Текст:
Фото: из интернета