Прыгоды бычка Боркі і яго гаспадыні

13:00 / 16.09.2021
Гадавала жанчына бычка. Назвала яго Боркам. Рос ён гарэзам, але вялікіх кло­патаў гаспадыні не дастаўляў. Перазімаваўшы, вымахаў у сапраўднага прыгажуна з бліскучай аксамітнай шэрсцю.

Трымала яго гаспадыня ў хляве – а Борку, вядома ж, хацелася на волю. Аднойчы жанчына, забыўшыся замкнуць варотцы, пайшла за кормам для гадаванца. Вярнулася з ахапкам травы і бачыць, што яе Борка гарцуе па панадворку. Удыхнуўшы свежага павет­ра, нібы ап’янеў: падбрыкваў, высока ўскідваючы заднія ногі, толькі хвост мільгацеў, затым падаў на калені і рыў баразну дужымі рагамі ці проста насіўся па кругу.

Борка ўвайшоў у раж – і кабета зразумела, што пад пагрозай яе дагледжаныя градкі і кветнікі. Яна схапіла дубец і паспрабавала загнаць бычка ў хлеў, але яе любімец, апусціўшы галаву долу і пагрозліва чмыхаючы ноздрамі, пайшоў на сваю карміліцу! Жанчына кінула дубец і ледзь паспела схавацца ў хату.

А Борка разышоўся не на жарт: ускочыў на стог сена, складзены пры тарцовай сцяне хлява. Далей – болей: са стажка ён заскочыў на дах. У гаспадыні пахаладзела ў грудзях: зараз бычок праломіць столь – усё ж пад 2 цэнтнеры вымахаў на старанным доглядзе! – ды завісне між дошак… Ці яшчэ горш: упадзе і зламае ногі. У крайнім выпадку расшкамутае страху вострымі рагамі.

Кінулася кабета за дапамогай да суседа. Той пасмяяўся, узяў бізун, залез на страху і прагнаў бычка назад тым жа шляхам, якім ён туды забраўся, а затым зачыніў у хляве. 

Пасля таго жанчына хуценька здала гадаванца нарыхтоўшчыкам, каб не нарабіў большай бяды.

А ў вёсцы яшчэ доўга абмяркоўвалі прыгоды Боркі і яго гаспадыні.                  

Ганна ІВАНОЎСКАЯ 


Текст: Главный администратор
Фото: из интернета