Газетная заметка нагадала Чаславу Лабачэўскаму школьныя гады

09:33 / 16.09.2021
Чым далей ад сучаснасці, тым цяжэй адшукаць на старонках архіўных газет прозвішчы знаёмых людзей. І тым больш прыемна і хвалююча, калі яны ўсё ж знаходзяцца! 

У нумары «Астравецкай праўды» за 13 студзеня 1959 года знайшла невялікую заметку «Вечар юннатаў». Расказваецца, што на вечарыне «Скарбніца лесу», якая прайшла ў Астравецкай школе, спявалі песні і расказвалі вершы, чыталі навуковыя даклады пра лес, паказвалі доследы, расказвалі, колькі і чаго можна было зрабіць з драўніны і асобных яе відаў – такая ўвогуле звычайная мастацка-пазнавальная імпрэза прайшла ў адмыслова аформленым класе. Падкрэслівалася, што гэты вечар гурток юннатаў падрыхтаваў пад кіраўніцтвам настаў­ніцы К.М. Цар. 

Заметка ўвогуле радавая, як і само мерапрыемства, – а вось подпіс звярнуў на сябе ўвагу: «Група юннатаў Валя Дайлідовіч, Часлаў Лабачэўскі, Франц Карпіцкі». «Ці не той самы гэта Часлаў Лабачэўскі?» – падумалася мне. І я пераслала фотакопію заметкі вядомаму ўсёй рэспубліцы астравецкаму фермеру.

1.jpg

На здымку 1961 года Кацярына Цар справа ад дырэктара Шмуглеўскага, Часлаў Лабачэўскі стаіць другі злева

Часлаў Станіслававіч, пра­чы­таўшы заметку, настальгічна ўсміхнуўся:

– Так, канешне, тут размова пра наш клас. Саму вечарыну я, вядома ж, не помню – у школьныя гады іх праводзілася шмат, па розных прадметах, адна цікавей другой. А вось прозвішчы сваіх аднакласнікаў, настаўніцы Кацярыны Мікалаеўны Цар – як можна іх забыць?
 
Канешне ж, «група юннатаў» тую заметку не пісала – журналіст, як гэта часта здаралася, даведаўшыся пра школьны вечар, сам падрыхтаваў матэрыял – напэўна, трэба было «закрыць дзірку» на газетнай старонцы – і паставіў у якасці подпісу прозвішчы найбольш актыўных удзельнікаў вечара. Хоць аўтарства вылічвалася на «раз»: на тым вечары выступаў з дакладам Алік Кулакоў, аднакласнік «групы юннатаў» і брат тагачаснага супрацоўніка «Астравецкай праўды» Яўгена Кулакова. Зрэшты, гэта не так важна. Галоўнае, што цікавіла: як склаліся лёсы настаўніцы і яе вучняў?

– Кацярыну Мікалаеўну Цар у Астраўцы ведаюць як Філатаву, выкладчыцу хіміі і біялогіі, – расказвае Часлаў Станіслава­віч. – Яна была вельмі таленавітым і аўта­рытэтным настаўнікам. Маленькая, ху­дзенькая – а характар мела моцны і душу вялікую. Мы яе любілі і паважалі за строгасць і справядлівасць. Яна ніколі не павысіла голас на вучня, але яе ўсе слухалі. Адзнакі не завышала і не заніжала – атрымлівалі тое, што заслугоўвалі. У той час школа мела вялікую падсобную гаспадарку, мы разводзілі пчол, садзілі агароды – клубніцы, буракі, цыбулю, моркву, бульбу. За ўсё адказвала Кацярына Мікалаеўна. А дапамагалі ёй мы, вучні. Яна нас прывучыла да працы – зрэшты, і прывучаць асаблівай патрэбы не было: Астравец па тым часе быў, па сутнасці, вёскай, у кожнага свой агарод, і нікому не трэба было тлумачыць, як адрозніць цыбулю ад пустазелля і вучыць палоць грады.

– Многія вучні Кацярыны Мікалаеўны сталі ўрачамі, у тым ліку і яе сын Алег Уладленавіч, – працягвае Часлаў Лабачэўскі. – І Света Сакалоўская з нашага класа, якая ўспамінаецца ў гэтай заметцы як стараста гуртка юннатаў, стала вядомым дзіцячым хірургам у Магілёўскай вобласці. 

– Для мяне ўрокі Кацярыны Мікалаеўны, таксама не прайшлі дарма, – усміхаецца Часлаў Станіслававіч. – Мусіць, са школьных гадоў і з’явілася любоў да зямлі, што засталася на ўсё жыццё. А ўжо тую выснову, якую зрабілі нібыта аўтары заметкі – я, Валя Дайлідовіч і светлай памяці Франц Карпіцкі, што ўражанні і веды, атрыманыя на вечары юннатамі, дапамогуць ім стаць лепшымі сябрамі прыроды, аспрэчваць не даводзіцца. І за гэта – дзякуй нашым настаўнікам! Іх было шмат – тых, хто пакінуў след у душы на ўсё жыццё. І Кацярына Мікалаеўна Філатава – адна з іх. Нізкі паклон ім ад колішніх вучняў!

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик