У вёсцы чытач – як родны чалавек

09:10 / 14.09.2021

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Альхоўскай і Варнянскай бібліятэк расказалі пра сваю працу і асаблівасці работы з вясковым чытачом.

1.jpgЮлія Заруба, Альхоўская бібліятэка, стаж работы з 2018 года:

– У бібліятэку я трапіла праз культуру і дзякуючы тату. Ён шмат гадоў «круціў» у мясцовым клубе кіно, быў салістам і музыкантам альхоўскага гурта «Гамма», з якім выступаў і на сцэнах раёна, і на выпускных вечарах, і на вяселлях, сам пісаў вершы. У нашай вёсцы тату паважалі. Калі яго не стала, я пайшла ў Дом культуры і папрасіла праспяваць яго песню – так стала ўдзельнічаць у творчым жыцці Альхоўкі. За дапамогу на гэтым шляху дзякую Іне Ляховіч і Ганне Уласік. А потым так здарылася, што ў вёсцы звольніўся бібліятэкар – мне прапанавалі гэтае месца. На той момант у мяне не было адпаведнай адукацыі: па прафесіі я швачка. Зараз вучуся ў інстытуце культуры.

Работу ў бібліятэцы давялося асвойваць з нуля: як заахвоціць чытачоў, як зрабіць мерапрыемства цікавейшым… Я зрабіла перастаноўку ў памяшканні, арганізавала дзіцячую зону.

Вясковая бібліятэка – гэта месца, дзе побач з табой заўсёды ўдзячны чытач, гэта месца яднання жыхароў Асаблівасць нашай работы ў тым, што мы ўсе – нібы адна сям’я. Я ведаю, што на мае прапановы чытачы абавязкова адгукнуцца. У нас шмат творчых людзей, таму мы з задавальненнем ладзім сустрэчы, арганізуем выставы. На базе бібліятэкі дзейнічае экалагічнае аб’яднанне школьнікаў «Жывіца». Ні адзін жыхар не застаецца без увагі: да тых, хто з-за ўзросту ці хваробы не можа трапіць у бібліятэку, я прыйду сама.

Працуючы бібліятэкарам, трэба быць крыху псіхолагам: людзі ідуць не толькі за кнігай, але і каб падзяліцца сваімі праблемамі, атрымаць падтрымку. Трэба быць аптымістам і любіць сваю работу.

З прыходам у бібліятэку я сама стала больш чытаць. Увогуле люблю гэтую справу: за дзень напрацуешся, але перад сном абавязкова рука цягнецца да кніжкі – хоць некалькі старонак прачытаю. Асабліва мне падабаюцца творы Ніла Гілевіча.

2.jpgАлена Багдановіч, Варнянская бібліятэка, стаж работы 36 гадоў:

– Я хацела стаць настаўнікам. У Варнянскай школе быў цудоўны настаўнік Іосіф Іосіфавіч Матулойць – Чалавек з вялікай літары, які прывіў мне любоў да мовы і літаратуры. Аднак лёс павярнуў у іншы бок. Пасля заканчэння школы паехала ў госці ў Магілёў, там, гуляючы па горадзе, зайшла ў бібліятэчны тэхнікум – тут мяне сагітавалі паступаць на бібліятэкара: маўляў, будзеш бліжэй да кніг. На наступны дзень пайшла здаваць уступныя экзамены.

Пасля вучобы 12 гадоў адрабіла ў Астраўцы, а затым перавялася на радзіму ў Варняны. Трэба аддзячыць калектыву раённай бібліятэкі. Веды, атрыманыя ў тэхнікуме, – гэта добра, а дапамога калег – лепш: усяму навучылася менавіта ў іх. Тады было прасцей, бо кожны адказваў за свой участак работы. Зараз я ўсё раблю адна: наведвальнікі, мерапрыемствы, дакументацыя і іншае – часу гэта забірае шмат.

У чым розніца паміж гарадской і вясковай бібліятэкамі? Я блізка ведаю сваіх чытачоў. Мясцовыя людзі знаёмыя мне не толькі як наведвальнікі. Чым яны жывуць, што іх цікавіць – пра гэта і не толькі мы можам пагаварыць і сустрэўшыся на вуліцы, і ў бібліятэцы.

Ніколі не навязваю наведвальнікам, што чытаць. Магу параіць – я, напрыклад, больш люблю класічную літаратуру: з беларускіх аўтараў асабліва падабаецца Іван Мележ, з рускіх – Аляксей Талстой, з замежных – Тэадор Драйзер – іх творы часта перачытваю. Кнігі больш люблю друкаваныя, не электронныя. Імкнуся знаёміцца і з іншымі пісьменнікамі – дзеля чытача, каб яго зацікавіць, «прабягуся» па дэтэктывах, фэнтэзі, містыцы.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно. 

Текст: Главный администратор