Успомнім, як гэта было: абласныя “Дажынкі-2019” у Смаргоні

16:54 / 10.09.2021

Сёлета лёпшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі Гродзенскай вобласці сустрэнуцца ў горадзе Скідзелі – тут 25 верасня пройдуць “Дажынкі-2021”.

А ў 2019 годзе залаты фонд сельскай гаспадаркі сустракалі ў паўночнай старане Гродзеншчыны – горадзе Смаргоні. Кожны раён выставіў падвор‘і, творчыя калектывы радавалі гасцей звонкімі галасамі, а лепшыя хлебаробы і жывёлаводы атрымалі ўзнагароды.

3.jpg

Кожны раён прыехаў на свята з галоўным сімвалам «Дажынак» – снапом. Падчас урачыстага адкрыцця ўсе гэтыя снапочкі склалі ў адзін вялікі, які атрымаўся амаль 3 метры ў вышыню.

На падвор‘ях, якія раскінуліся на цэнтральнай вуліцы горада, гучалі песні і жарты. Завітаўшы да астраўчан – хаткі на свята прывезлі КСУП «Гудагай» і «Міхалішкі», – можна было даведацца пра ўнікальнасць нашага краю і гаспадарак. Тут і гудагайскае збожжа, і варнянскія яблыкі, і падольская кукуруза.

На падвор’і Астравецкага раёна размясціліся мініяцюрныя варнянскі стаў і вежа-альтанка. Увішныя гаспадыні запякалі на пожагу парсючка, а непараўнальная «Кемяліна» радавала гасцей песнямі.

Паглядзець на трафеі жывёл, выбраць месца для палявання, сфатаграфавацца ў вобразе паляўнічага – гэта і многае іншае можна было зрабіць, завітаўшы на экспазіцыю астравецкага лясгаса.

Астравецкія рамеснікі і майстры прывезлі на «Дажынкі» вырабы з дрэва, саломкі і скуры. Асаблівым попытам карысталіся мыла ручной работы і свечкі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Асаблівая атмасфера панавала на пе­шаходным бульвары, па якім пра­гульваліся дзяўчаты-бараначніцы і… мядзведзь. Пад адкрытым небам працавала музейная этнаграфічная экспазіцыя «Ад сявенкі да хлеба», дзе кожны мог паспрабаваць змалоць збожжа, выткаць ручнік ці выпрасаваць яго. Словам, відовішчаў і забаў хапала на любы густ і ўзрост.

Галоўным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання лепшых хлебаробаў і жывёлаводаў вобласці.

Тады ў абласным аглядзе-конкурсе «Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў» Астравецкі раён заняў 3-е месца. Лепшым сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны ў конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры» прызнаны Астравецкі лясгас.

Нашы працаўнікі сельскай гаспадаркі таксама не засталіся без узнагарод і падарункаў. Сярод заатэхнікаў-селекцыянераў лепшым стаў Андрэй Сячынскі з малочна-таварнага комплексу «Малі» КСУП «Гудагай». Дырэктар гэтай гаспадаркі Эдуард Садоўскі атрымаў грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Работа трактарыста-машыніста КСУП «Міхалішкі» Валерыя Сташко была адначана граматай абласнога Савета дэпутатаў. Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Вольга Умрыхіна атрымала Ганаровую грамату абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Цёплыя словы віншаванняў у той дзень прымалі і працаўнікі, якія шмат гадоў прысвяцілі сельскай гаспадарцы, а таксама журналісты – дарэчы, “Астравецкая праўда” стала адным з пераможцаў фотаконкурсу “Жніво-2019”.

2.jpg

5.jpg

1.jpg

4.jpg

Текст: Главный администратор