Для каго даярская праца – сямейная справа

10:00 / 10.09.2021
Будаўніцтва і ўвод у строй малочна-таварных комплексаў у многім змянілі прывычнае ўяўленне пра жывёла­гадоўлю, малочную вытворчасць і прафесію даяркі, якая цяпер называецца «аператар машыннага даення».

Сёстры

Сёстры Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык працуюць на комплексе ў Рымдзюнах з першага дня яго ўтварэння – а было гэта каля дзесяці гадоў назад. У адзін голас жанчыны ўспамінаюць, колькі сіл, намаганняў і нерваў каштавала прывучэнне жывёлы да дойкі. 

– Перайшлі сюды са старой фермы. Самае складанае ў кожнай справе – гэта пачатак. Нам спатрэбілася каля трох месяцаў, пакуль каровы сталі без праблем заходзіць у даільную залу і спакойна стаяць, – успамінае Ларыса Гілевіч. – Да гэтага часу памятаю радасць ад надоеных намі першых паўтара тысяч тон малака. 

– Як кажуць, цяжка першыя сто гадоў, у нашым выпадку – дзён, – усміхаючыся, да размовы далучаецца Алена. – Каровы не слухаліся, брыкаліся – вадзілі іх спачатку па групах. Пачыналі з 20 галоў. За адзін заход цяпер доім 32 галавы, за змену праз нашы рукі тройчы праходзіць больш за 620 галоў. 
У дзяцінстве Алена хацела стаць настаўніцай, але не прайшла па конкурсе. А Ларыса вывучылася на трактарыстку, але ніводнага дня па спецыяльнасці не працавала. Па словах жанчын, яны не шкадуюць, што з многіх дарог па волі лёсу ці збегу абставін жыццё іх прывяло ў сельскую гаспадарку.

– Мы расіянкі, нарадзіліся ў Валагодскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. У Беларусь я прыехала да знаёмых – мне тут спадабалася. Прыгожая прырода, добразычлівыя людзі… Потым і сястру сюды перацягнула. Яна прыехала да мяне пагасціць, так і засталася, – узгадвае старэйшая з сясцёр Ларыса. 

– Жылі спачатку пад Барысавым, але не было ўласнага жылля. Знаёмыя падказалі, што ёсць добры калгас, дзе працаўнікоў ім забяспечваюць. Апошняе і стала рашаючым фактарам пераезду на Астравеччыну, – дадае Алена. – Спачатку тагачасны старшыня калгаса Мечыслаў Лісоўскі прыглядаўся да нас, а потым, відаць, зразумеў, што мы з мужам прыехалі сюды назаўсёды. Нам выдзелілі дом. Праз некаторы час услед за намі ў Астравецкі раён пераехала сястра. 

Калі раней на першы план выходзіла колькасць малака, то цяпер значна ўзраслі патрабаванні да яго якасці. Ды і тэхналогія даення змянілася: апрацаваць вымя спецыяльным растворам, здаіць першы струмень малака, прымацаваць даільны апарат, ізноў апрацаваць саскі – гэтыя складаныя на  погляд недасведчанага ў даярскай справе чалавека працэдуры аператары машыннага даення робяць за некалькі секунд.

Жанчынам падабаецца графік работы –  2 праз 2 дні, зарплата, нават калі параўноўваць з гарадскімі заробкамі, на комплексе годная.

Аграгарадок Рымдзюны за гэты час стаў другой радзімай для сясцёр. На малочна-таварным комплексе працуе і муж Алены – Анатоль, з якім яны выгадавалі дачку і сына. Ларыса таксама шчаслівая маці: дочкі Мая і Ніна, якая, дарэчы, да дэкрэтнага адпачынку працавала на комплексе заатэхнікам-селекцыянерам, – падарылі ўнукаў.

Напрыканцы размовы, цікаўлюся ў сясцёр, ці не цяжка працаваць у пары блізкім людзям. Ларыса і Алена пераглядваюцца і, не згаворваючыся, у адзін голас адказваюць: не!

– Нават чужыя за гэты час сталі б роднымі, – упэўнены жанчыны. 

2.jpg


МТК «Рымдзюны» КСУП «Гервяты» ад іншых адрознівае тое, што дояць кароў тут 2 сямейныя падрады – родныя сёстры Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык і муж з жонкай Іван і Ганна Праўлуцкія. Дарэчы сказаць, робяць яны гэта па-майстэрску і прафесіянальна: з пачатку года сярэдні надой ад каровы па комплексе складае 5 879 кілаграмаў (+183 кг да аналагічнага перыяду мінулага года). 

Неаднаразова гэтыя працаўнікі ўшаноўваліся райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў межах акцыі «Наш жывёлавод», а летась па выніках спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення комплексаў занялі 3-е месца ў раёне з вынікам 7 115 кілаграмаў малака (+603 кг). Пра шлях у сельскую гаспадарку, працоўныя і хатнія клопаты, планы і мары мы пагутарылі з рымдзюнскімі аператарамі машыннага даення.
Муж і жонка 

Іван і Ганна Праў­луцкія ў пары на дойцы працуюць амаль 3 гады. Хоць адну з самых распаў­сюджаных у сельскай гаспадарцы прафесій даяркі прынята лічыць жаночай, але на Астравеччыне працуюць у ёй і мужчыны, у тым ліку і Іван. 

– Я мясцовая: нарадзілася ў Валэйкунах, гадавалася ў Чэхах, асела ў Рым­дзюнах, – з усмешкай  гаворыць Ганна. – У кастрычніку будзем адзначаць алавянае вяселле – 17 гадоў разам. Выгадавалі траіх сыноў – Кірыла, Ягора і Аляксея.

– Ганну ведаў, лічы, з дзяцінства. Нашы бацькі добра знаёмыя, але ста­савацца з ёй пачалі ўжо на працы, – узгадвае знаёмства з жонкай даяр. – Сустракаліся каля года, потым па­браліся шлюбам. Лічу, што мне з жонкай двойчы пашанцавала: і прыгажуня, і гаспадыня, якіх пашукаць яшчэ трэба. І па характары вясёлая, кампанейская!

Праўлуцкім не замінае, што і на рабоце, і дома яны разам. Наадварот, па словах мужа і жонкі, так зручней планаваць наперад нейкія справы ці выезд у горад.

– Трымаем свіней. Куры былі, пакуль ліса не пагаспадарыла, але абавязкова ізноў завядзём. А кароў хапае на рабоце, – працягвае жанчына. – Ды і часу на сваю рагулю няма: першая дойка на комплексе пачынаецца ў 5 гадзін раніцы.

Цікаўлюся ў мужчыны, як сталася, што ён вырашыў заняцца даярскай справай. 

– Мне няцяжка, наадварот, падабаецца, – прызнаецца мужчына. – Я і маці ў дзяцінстве дапамагаў даіць кароў на ферме ў Пугавічах. З малых гадоў прывык да вясковай працы. Быў жывёлаводам, у вольную хвіліну дапамагаў жонцы ў даільнай зале. Відаць, добра атрымлівалася – загадчыца комплекса Любоў Аркадзьеўна прапанавала пастаянна працаваць даяром.

Пытаюся ў Праўлуцкіх, што самае галоўнае ў рабоце аператара машыннага даення. 

– Адказнасць і стараннасць, – лі­чыць жанчына. – Калі на невялікіх ма­лоч­на-таварных фермах кожная даярка адказвае за сваю групу, то мы працуем за агульны вынік. Пазменна з напарніцамі доім увесь малочны статак. 

– І згуртаванасць – а калектыў у нас дружны, і гэта радуе, – дадае Іван Праўлуцкі.

1.jpg


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич