Рэха падзеі. Бывай, лета!

13:00 / 07.09.2021

Развітанне – рэч даволі сумная. Вось хаця б з летам: чакаеш яго цэлы год, мерзнеш, мокнеш і марыш хутчэй пад сонейкам папесціцца. Сёлета яно не падвяло – прагрэла да касцей. І вось – адыходзіць у далёкую далеч. "А давайце правядзём лета весела", – прапанавалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвяння насельніцтва. І зладзілі свята для ўсіх жадаючых. 

Пенсіянеры прыйшлі ахвотна. Ды не з пустымі рукамі, а з дарункамі лета – жоўтымі, чырвонымі і амаль чорнымі памідорамі, залацістымі кабачкамі, румянымі яблыкамі і сакавітымі слівамі. І – з цудоўнымі кветкавымі кампазіцыямі. Усё гэтае багацце выставілі на летняй сцэне ў двары цэнтра. Госці разглядвалі і захапляліся, а журы начале з загадчыцай аддзялення Аксанай Свірскай ацэньвала экспанаты. Падвядзенне вынікаў і вызначэнне лепшых адбылося напрыканцы, а напачатку гледачы ўдзельнічалі ў займальнай віктарыне, адгадвалі загадкі. Затым традыцыйна адбыўся канцэрт. Гледачы заўзята падпявалі вакальнай групе "Аксаміткі", салістам Васілю Карпяцу, Святлане Мешкіс, Алёне Ляховіч, Капіталіне Пятроўскай, апладзіравалі чытальніцы Наталлі Зубенка і танцорам калектыва "Чаромушкі". Аматары сэлфі фатаграфаваліся ў фотазоне, сярод пышных букетаў.

Нарэшце настаў час падвядзення вынікаў конкурсу кветкавых кампазіцый. Журы было аднадушным адносна першага месца і прысудзіла яго Тамары Петрусевіч. Яе выразныя, з густам складзеныя букеты мелі яшчэ і трапныя назвы: "першы хлопец на вёсцы", "цешчын язык", " мы сустрэліся і нам добра"... Другое месца падзялілі Наталля Зубенка і Марыя Васілёнак, трэцяе – Святлана Соламава і Вольга Зарэцкая. Увогуле, нецікавых кампазіцый проста не было, у кожным букеце выдатна спалучаліся колеравая фантазія прыроды і творчая – складальнікаў. Як і варта было чакаць, гледачы з задавальненнем разабралі кветкі і панеслі дадому.

А фінал імпрэзы па традыцыі быў салодкі – з духмянай гарбатай, хатнімі пірагамі, булачкамі, блінамі ды ягаднымі кампотамі.

2.jpg

3.jpg

1.jpg

Текст: