У Дзень беларускага пісьменства ўспамінаем літаратараў варнянскай зямлі

14:00 / 05.09.2021

Сёлета адно з найстаражытнейшых мястэчак Астравеччыны, аграгарадок Варняны, адзначае 630-годдзе. З нагоды гэтага юбілею напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы ўзгадаем ураджэнцаў варнянскай старонкі і таленавітых людзей, звязаных лёсам з гэтай зямлёй, якія плённа працавалі і працягваюць гэта рабіць на літаратурнай ніве.

Яны розныя па часе жыцця, светаадчуванні, літаратаратурных жанрах, ўзроўні прафесійнага майстэрства, але іх яднае любоў да роднага краю і тонкая трывалая сувязь з каранямі, сваім гістарычным мінулым, з друкаваным словам.

Стары УЛАС (Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі) нарадзіўся 10 сакавіка 1865 года ў Валожыне ў сялянскай сям’і. Быў адзіным сынам у бацькоў, якіх не стала, калі Уладзіку ледзьве споўнілася 10 гадоў. Яго выхоўвала цётка Юзэфа па матчынай лініі. З дзяцінства меў вялікую цягу да кніг, сам навучыўся чытаць і пісаць. Працаваў кухарам, аб’езджыкам, найбольш – ляснічым. У Варнянах жыў да 1920 года.

9.jpg

Вершы пачаў пісаць пасля знаёмства з будучай жонкай Антанінай Вайцяхоўскай – на той час Старому Уласу было 27 гадоў. Дачка паэта Гелена Сівіцкая расказвала, што “бацька меў чулае сэрца да ўсіх бедных сялян, якім цяжка жылося”, відаць таму, што сам перажыў шмат гора і бяды.

Стары Улас усім сэрцам любіў беларускі край і родную мову, хоць пісаць пачынаў па-польску. Даследчыкі згадваюць, што ён быў сапраўдным патрыётам. Тады частка Беларусі ўваходзіла ў склад Польшчы, і ён адмовіўся атрымліваць пашпарт, пакуль у дакуменце яго не запісалі беларусам. Хоць сам не меў ні вышэйшай, ні нават сярэдняй закончанай адукацыі, на ўласныя грошы адкрыў школу, у якой дзяцей вучылі на роднай мове. Творчасць паэтка-самародка высока ацэньвалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Максім Багдановіч. Нягледзячы на плён на паэтычнай ніве – па розных звестках да канца 1930 года налічвалася звыш тысячы вершаў аўтарства Старога Уласа, – пры жыцці яго творы асобнай кнігай не выдаваліся, а публікаваліся ў календарах і газетах. Гэта зрабіў толькі ў 1990 годзе літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша – свет пабачыла паэтычная кніга пад сімвалічнай назвай “Год беларуса” ў 125-ю гадавіну з дня нараджэння Старога Уласа.

Па ўспамінах блізкіх, Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі пісаў вершы кожную “свабодную мінутку”, часта ноччу ці на світанні. За розум, спагадлівасць і прастату ў стасунках яго паважалі блізкія і дальнія сяляне. Легенды, паданні, народныя звычаі былі яго любімай тэмай для размоў. Вельмі любіў коней, быў добрым хлебаробам і ўзорным гаспадаром.

Стары Улас меў васьмёра дзяцей. Памёр ад запалення лёгкіх 30 верасня 1939 года ў перыяд аб’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Пахаваны на могілках у вёсцы Сужаны (цяпер Літва).

Слоўца адно, а часам другое,

Сказана мудра, у пору,

Душу адсвежыць, мысль заспакоіць,

Як бы адверне з плеч гору.


Часлаў НАВІЦКІ нарадзіўся 13 сакавіка 1931 года ў вёсцы Альгіняны, памёр 25 кастрычніка 2004 года.  Пахаваны на астравецкіх могілках. 

Вучыўся ў Альгінянскай чатырохгодцы, Гервяцкай сямігадовай школе, у 1948 паступіў у Ашмянскае педагагічнае вучылішча. На трэцім курсе юнака прызвалі ў армію ў Краснаярск – у гэты час і праявіўся яго паэтычны талент. Вось як пра гэты перыяд жыцця расказваў сам Часлаў Казіміравіч: “Вучыўся з жаданнем… Атэстат аб адукацыі атрымаў чырвоны, з адзнакай. Збіраўся паступіць тут жа, у Краснаярску, на гістарычны факультэт мясцовага ўніверсітэта, але прыёмныя экзамены супалі з армейскімі вучэннямі – спазніўся. У студзені 1956 года звольніўся з арміі і прыехаў дадому, у Альгіняны”.

8.jpg

Працоўную дзейнасць Часлаў пачынаў у роднай школе, потым узначаліў навучальную ўстанову ў вёсцы Ігнацова, сюды ён прыехаў ужо са сваёй жонкай – Ірынай Францаўнай. У 1956 годзе Часлаў, якому “прага ведаў не дала засядзецца на месцы”, паступіў у Калінінградскі педагагічны існтытут на факультэт рускай мовы і літаратуры. Узначаліў (і адбудаваў!) Гірскую васьмігадовую школу. У 1968 годзе Часлаў Казіміравіч узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Праз два гады Навіцкія пераехалі ў Варняны – Часлаў Казіміравіч стаў дырэктарам мясцовай школы, пазней працаваў настаўнікам. На заслужаны адпачынак выйшаў у 1991 годзе.

Па сведчанні людзей, якія яго ведалі , ён быў таленавітым паэтам, сапраўдным настаўнікам, заўзятым пчаляром, гаспадаром і Чалавекам з вялікай літары. Пісаў вершы на лірычную і грамадзянскую тэматыку, творы для дзяцей, байкі, у якіх высмейваў чалавечыя заганы…

У адным з надрукаваных на старонках раённай газеты нарысаў пра Часлава Навіцкага аўтарства Ганны Чакур, наш зямляк даваў мудры і актуальны на ўсе часы запавет: “Галоўнае – не стаяць на месцы, не нудзець, а жыць. Дыхаць, радавацца, кахаць. У шэрані будняў знаходзіць святло і пекнасць. І тады жыццё абавязкова атрымаецца”

Ну й залева, дык залева!

Льецца справа, льецца злева.

…Напаткала ў дарозе,

добра, што шчэ на парозе,

Апынуўся я ля хаты,

Дзе гадуюцца дзяўчаты.

Словам, мне пашанцавала:

Адна дзеўка жонкай стала.

Стала роднай гэта хата –

Тут залева вінавата. (верш пра знаёмства з будучай жонкай)


Валянціна КОЎТУН лёсам з Варнянамі была звязаная толькі некалькі гадоў, тым не менш, гэтая выбітная жанчына, паэтэса, празаік, драматург, перадкладчык, літаратуразнаўца назаўсёды засталася ў памяці людзей, якія працавалі побач з ёй, і якіх яна вучыла.

Валянціна Коўтун нарадзілася ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў настаўніцкай сям’і. Пасля школы вырашыла стаць педагогам. Была студэнткай рускага аддзялення філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко, праз 4 гады перавялася ў БДУ. Скончыла аспірантуру БДУ і абараніла кандыдацкую дысертацыю “Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне” ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук БССР.

10.jpg

Па размеркаванні трапіла на Астравеччыну. Першым працоўным месцам Валянціны Коўтун павінна была стаць Гудагайская вячэрняя школа, але маладую настаўніцу рускай мовы і літаратуры перанакіравалі ў Варнянскую сярэднюю школу.

Усё свядомае жыццё жанчына працавала ў галіне літаратуразнаўства: у часопісах “Полымя”, выдавецтве “Юнацтва”, рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і мастацтва”. Некаторыя работы падпісвала творчым псеўданімам Леся Беларуска.

Упершыню яе вершы пачалі друкаваць у 1966 годзе. Валянціна выдала паэтычныя зборнікі “Каляровыя вёслы”, “На ўзлёце дня”, “На зломе маланкі”, “Мы робім казку”, “Вясёлы заасад”, “Лісты да цябе”, “Свяча любові”, “Малітва да Калымы”. За кнігу “Метраном” атрымала Літаратурную прэмію саюза пісьменнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова. Была плённым празаікам і драматургам: напісала шэраг твораў, прысвечаных выдатным беларускім асобам, у тым ліку Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Еўфрасінні Полацкай, Яўгеніі Янішчыц і іншым. Перакладала з рускай, балгарскай, літоўскай і іншых моў. Стварыла Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай, які праіснаваў да 2005 года.

Валянціна Коўтун падтрымлівала стасункі з былымі калегамі і вучнямі, завітвала на імпрэзы і творчыя сустрэчы ў Варнянскую сярэднюю школу.

Сёлета 30 красавіка споўнілася 10 гадоў, як раптоўна на 65-м годзе жыцця не стала гэтай светлай таленавітай жанчыны.

У артыкуле з нагоды заўчаснай смерці Валянціны Міхайлаўны, надрукаваным у “Астравецкай праўдзе”, Людміла Кухарэвіч згадвае гісторыю іх знаёмства і сяброўства. “Мне вельмі імпанавалі ў ёй тактоўнасць, уважлівасць, шчырасць, уменне пачуць субяседніка <…> Неяк не верыцца, што яе ўжо няма з намі, – добрай, усмешлівай, лагоднай, крыху іранічнай і задушэўнай. Але напісанае ёю застанецца ў кнігах, у нашай памяці”.

Перад табой забытую дарогу

Я разгарну, –

Нібы абрус яна;

Хай сцелецца да светлага парога,

Да хаты,

Дзе радня і дабрыня.

Няхай ідзе праз гулкія дасвецці,

Губляецца ў далёкіх гарадах.

Няхай з душы жывое слова вецер

Не выкіне,

                 Як птушанё

                                     З гнязда…


Рычард БЯЛЯЧЫЦ нарадзіўся 16 верасня ў 1953 годзе на Астравеччыне , ўу невялічкай вёсцы Стаўбуры, што ў некалькіх кіламетрах ад Дубнікаў, дзе некалі ў панскім маёнтку Мінэйкаў пісаў свае знакамітыя творы польскі нобелеўскі лаўрэат Генрых Сінкевіч.

У Варнянскай сярэдняй школе Рычард быў вучнем Валянціны Коўтун. Скончыў літаратурна-музычнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка. Настаўнічаў у роднай школе ў Варнянах. З канца 80-х жыве і працуе на Шчучышчыне. У розны час працаваў ў раённых газетах “Астравецкая праўда” і “Дзянніца”.

Актыўна з’яўляцца на старонках літаратурных часопісаў і газет “Маладосць”, “Полымя”, “ЛіМ” яго вершы пачалі напрыканцы 70-х. Першая кніга ўбачыла свет, калі паэту было за 30 гадоў.

1.jpg

Рычард Бялячыц бадай што самы плённы творца з ураджэнцаў варнянскай зямлі. Пазалетась у свет паэтычнай птушкай паляцела яго 15 (!) кніга – зборнік вершаў “Пах зоркі”, куды ўвайшлі творы, напісаныя за апошнія 3 гады.

З-пад пяра аўтара выйшлі зборнікі вершаў і паэм “Міг выратавання”, “Вочы малітвы”, “Сакавіцкае крыло”, “Са мной мой дзень”, “Споведзь накцюрна”, “Міг выратавання”, “Святлом і ценем”, “Непазбежнае” і іншыя паэтычныя і празаічныя выданні; тапанімічныя аповеды “ На радзіме Котры”, “Котранскі нераст”.

Рычард Бялячыц – паэт з тонкім абвостраным светаўспрыяццем. Яго лірычныя вобразы нетрывіяльныя – арыгінальныя, часам нечаканыя. У творчасці аўтар уздымае адвечныя філасофска-жыццёвыя пытанні, тэмы кахання, людскіх стасункаў, повязі з мінулым.

Прадчуванне

Мне нажурчэла крыніца,

Жаўранак цвердзіў пра гэта:

Штосьці павінна адбыцца

Ў сіняй бясконцасці свету.

Зоркі, аднак, не знікаюць

Болей няхай з-пад нябёсаў.

Здымкі жаўцеюць на памяць,

Дзе я шчаслівы і босы.

Пахнуць дарогай святліцы,

На падаконніку – краскі.

Не перастануць іскрыцца

Згадкаю вочы

І ласкай.

Штосьці адбыцца такое

Ў свеце бясконцым павінна.

Бог дакранецца шчакою

Да сінявокай краіны.


Людміла КУХАРЭВІЧ на свет з’явілася ў Мінску, але ўсё яе жыццё прайшло на Астравеччыне.

Любоў да слова адчула ў раннім дзяцінстве: бацька чытаў дзецям па памяці казкі Пушкіна, маці расказвала беларускія народныя. З чатырох гадоў, калі Людміла навучылася чытаць, стала адной з самых актыўных наведвальніц Міхалішкаўскай сельскай бібліятэкі. У 15-цігадовым узросце паступіла ў Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы.

Людміла Іванаўна шмат гадоў аддала Варнянскай сярэдняй школе: выкладала беларускую мову і літаратуру, сусветную мастацкую культуру. Арганізавала літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Спадчына”, якое з цягам часу трансфармавалася ў “Варнянскую хатку”. У гасцёўні “хаткаўцаў” пабывала шмат цікавых і знакамітых творчых людзей: Адам Мальдзіс, Сяргей Панізік, Уладзімір Арлоў, Валянціна Коўтун, Герман Брэгер і іншыя.

6.jpg

Людміла Кухарэвіч – не толькі адметная паэтэса, але і кампазітар: на музыку пакладзены не адзін яе верш. Краязнаўца, пастаянная ўдзельніца сваякоўскіх сустрэч у Камаях, Баранях, актыўны пазаштатны аўтар “раёнкі”, шматгадовая ўдзельніца народнага хору народнай песні “Світанак”. Вершы Людмілы Іванаўны друкаваліся ў чатырох калектыўных зборніках.

З іншымі актыўнымі ўдзельнікамі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” варнянская паэтэса ладзіць творчыя сустрэчы са школьнікамі, каб “прывучаць дзяцей да літаратурнага слова, вучыць цаніць яго і любіць беларускую мову. Паважаць і берагчы яе, як найвялікшую каштоўнасць”.

Малітва

Я ціха свечку запалю

І шчыра памалюся

За ўсіх каго навек люблю,

Як за сваю сям’ю:

“Уратуй, Гасподзь, і захавай

Мой край, яго лясы,

Разлівы рэк і сінь нябёс

І птушак галасы.

Памілуй грэшных нас, людзей,

Усіх на зямным шляху,

Сляпых, глухіх – тваіх дзяцей,

Памілуй і даруй!

Пашлі зямлі маёй і мне

Цярпенне ўсякі час

І крэпасць веры захаваць

Дай кожнаму ты з нас.

І бліжніх навучы любіць,

І цяжкі крыж нясці.

Табе, тварэц, удзячным быць

За шчасце ў жыцці.”

Я ціха свечку запалю

І шчыра памалюся

За ўсіх, каго навек люблю,

За Маці-Беларусь!


Марыя ПЕШКА родам з Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Другой радзімай для жанчыны стала вёска Варона, якая прытулілася да Полацкага тракта.

Скончыла Гродзенскі педінстытут і па накіраванні трапіла на Астравеччыну. Мала хто ведае, але першая спецыяльнасць Марыі Паўлаўны – кіраўнік харавых калектываў мастацкай самадзейнасці.

3.jpg

Марыя Паўлаўна найбольш гадоў аддала Варонскай школе, дзе дзецям прывівала любоў да роднай мовы і літаратурнага слова.

Апавяданні, вершы, нарысы, замалёўкі часта друкавалі на старонках “раёнкі”, “Настаўніцкай газеты”, “Звязды”, у часопісах “Гаспадыня”, “Роднае слова” і іншых. Апублікаваны яе творы ў калектыўных зборніках паэзіі і прозы.

Марыя Пешка пераможца паэтычных конкурсаў, аўтар гімна-прысвячэння роднай вёсцы Вароне. Апавяданні жанчыны вылучаюцца грунтоўнасцю, прафесіяналізмам, асабліва яскрава аўтар раскрывае характары герояў і іх лёсы.

Амаль 10 гадоў назад у інтэрв’ю нашай газеце Марыя Паўлаўна прызнавалася, што для яе найвялікшая радасць, што многія вучні па прыкладзе настаўніцы пісалі вершы і замалёўкі, што пасеенае на працягу амаль 40 гадоў дае ўраджай – і ён абяцае быць вялікім і каштоўным. “Я зразумела, што нездарма жыву на свеце” – казала Марыя Пешка.

Урывак з апавядання “Шлюбная сукенка”: Надвор’е выдалася цудоўнае. Ішоў апошні жнівеньскі дзень. На яблыні пад акном спявала нейкая птушачка – ды так прыгожа выводзіла сваю мелодыю, што Юлька, не ўстаючы з ложка, адхінула занавеску і стала ўглядацца: дзе ж схавалася гэтая дзівосная пявуння? Птушачка <…> замаскіравалася ў яблыневым лісці, якое ўжо пачало рудзець, адчуваючы яшчэ амаль незаўважны подых восені. Так, на двары ўжо не лета. Але яшчэ і не восень! Юля песцілася ў матчыным ложку, убіраючы ў сябе водар маміных валасоў на падушцы, цяпло яе рук... Яна заўсёды спала на маміным ложку, калі прыязджала дамоў. На вочы навярнуліся слёзы… Яна не магла растлумачыць свой настрой: шчымела ў душы, на сэрцы ляжаў незразумелы смутак…”


Ніна МІРАЛЬКОВА (Святлана Еўтушэнка) родам са Светлагорска Гомельскай вобласці.

Пасля школы скончыла музычнае вучылішча імя Н.Ф. Сакалоўскага. Працавала па спецыяльнасці на радзіме, пасля замужжа пераехала на Астравеччыну. Маці траіх дзяцей, шчырая хрысціянка. Працуе ў Варнянскім філіяле дзіцячай школы мастацтваў педагогам.

У Святланы Васільеўны вельмі тонкае ўспрыяцце свету, людзей, навакольнага асяроддзя. Жанр, у якім яна працуе, наша таленавітая зямлячка называе абразкамі. Гэта і сапраўды так. Жанчына, як мастак адлюстроўвае на палатне з дапамогай фарбаў убачанае, так і Ніна Міралькова словамі робіць зрэз сітуацый, назірання, падзеі. І, трэба прызнаць, атрымліваецца ў яе гэта аўтарскі і таленавіта. Абразкі варта не столькі чытаць, колькі адчуваць – душой, існасцю, фібрамі.

4.jpg

Не адзін

Слёзы, як дажджавыя хмары, -- наляцяць з ветрам – з ім і сыйдуць. Застанецца мокрай трава, мае плечы і падол сукенкі. Абсохнуць ногі і валасы пад сонцам! І лёгкі сум, і доўгая ўсмешка… Як добра, калі цябе чуюць. І любяць. І шкадуюць. Не адзін. Забыць разлады і зберагчы абдымкі. І з ранішнім святлом… Ужо заўтра, не, лепш сёння, прама цяпер! Хто верыць і чакае – таго радасць сама знаходзіць. Трымаемся моцна, не адыходзім і не губляем. Усё самае лепшае – мы самі. Колькі б нам не казалі: ноч сонца хавае – яно з намі. Перачакаем!


Лілія БАНДАРЭВІЧ-ЧАРНЕНКА нарадзілася ў суседніх Ашмянах у настаўніцкай сям’і.

Паэтычны талент праявіўся ў школьныя гады – вершы дзяўчыны друкавалі ў “Ашмянскім весніку” і “Гродзенскай праўдзе”.

Пэўны час вучылася ў Варнянскай сярэдняй школе. Натхніўшыся прыкладам бацькоў, абрала шлях у педагогіку. Скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Настаўнічала на Ашмяншчыне. Была членам літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы”.

7.jpg

Пазней з сям’ёй пераехала ў горад Прылукі Чарнігаўскай вобласці.

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, у тым ліку “Леташні дождж”, “Красавік любові”, “Медытацыі і іншыя”; кнігі прозы “Зона іграе блюз”, прысвечанай падлеткам з дзіцячай выхаваўчай калоніі, дзе жанчына працавала педагогам каля двух дзесяцігоддзяў, “На берагах кахання”, “Ігумення”, “Даравальная нядзеля”, “Жанчына, якая нешта ведае”, “Мы ўсе падарожныя” і іншыя. Сцэнарыст, аўтар і рэжысёр двух фільмаў самадзейнай кінастудыі (“Яшчэ не позна”, “Дом нашых надзей”) – гэта далёка не ўвесь пералік творчых дасягненняў нашай таленавітай зямлячкі. Лаўрэат шэрагу шматлікіх літаратурных прэмій, дыпламант і пераможца ў адной з намінацый абласнога конкурсу “Жанчына года-99”… Гэта далёка не ўвесь пералік творчых дасягненняў нашай таленавітай зямлячкі.

Вядомы ўкраінскі пісьменнік Сяргей Дзюба ў адной з прадмоў да кнігі напісаў, што Беларусь – гэта Лілія Бандарэнка.

У адказ на пытанне, ці шчаслівая яна, Лілія Бандарэнка з уласцівай ёй глыбінёй адказала, што так. “Бог – геніяльны рэжысёр: ён мудра ўсё зладзіў, даў усё для шчасця. У мяне выдатная сям’я. Я займаюся любімай справай. <…> Штодзень мы спрабуем адшукаць ісціну, з якой не страшна будзе жыць, вучымся разумець і любіць адзін аднаго. Бо любоў мацней за нянавісць, злосць, і яна заўсёды перамагае”.

Ашмянскія настуркі

На дальнім беразе

Настурцыя цвіце...

Праз дождж і верасень

Цягнік мяне вязе

Туды, дзе праведны

Травы пад ветрам спеў,

Ад рук дзе маміных

У дзежцы хлеб паспеў...

ТАМ сінь крыштальная

Вачэй, ракі, нябёс...

Тугу вакзальную

ТУТ вецер мне прынёс

Праз шкло вагоннае,

І несалодкі чай,

І ноч бяздонную –

Плацкартны мой адчай.

Мадрыд, Венецыя,

Стамбул і Анкара

Агнямі свецяцца...

Туды не еду я.

Зусім не ў Турцыю

Цягнік мяне вязе –

Да мамінай настурцыі,

Што так яшчэ цвіце.


Станіслаў КУРЫЛА

Самабытны паэт, які мае свой унікальны почырк, нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Ігнацова. Вучыўся ў Варнянскай сярэдняй школе. Дарэчы, менавіта ў гэты час і адбыўся яго паэтычны беніфіс: верш школьніка пра матулю надрукавала “Астравецкая праўда”.

2.jpg

Працоўная дзейнасць, як і само жыццё Станіслава Курылы, разнастайная, бы шкельцы калейдаскопа: у розныя часы паэт працаваў у клубе, на заводзе, у сельскагаспадарчым прадпрыемстве. Адметна, што ажно 22 (!) гады мужчына пражыў у Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбург) – і без жалю прамяняў паўночную сталіцу на правінцыйную вёсачку Ігнацова.

Станіслаў Антонавіч – аўтар двух “самвыдатаўскіх” зборнікаў вершаў: “Зоркі гараць” і “З неба я да вас зваліўся”.

Крыху больш за 10 гадоў у інтэрв’ю Ганне Чакур да артыкула пра вёску Ігнацова і яе жыхароў Станіслаў Курыла выказаў словы, у пэўнай ступені сугучныя з філасофіяй сусветнавядомай казкі для дарослых пра Маленькага Прынца: “Калі б кожны чалавек пасадзіў хоць бы адну кветачку ці дрэва… Эх, якой бы прыгожай была б нашая планета!”.

Якая непаўторнасць за акном!

Акінуць вокам – сцелецца наўсцяж

Сатканы разнакветным дываном

Нідзе яшчэ не бачаны пейзаж.

Вось на пагорак смела ўзляцелі

Чародкі бела-сонечных бяроз,

І травы ізумрудныя спацелі

Ад выпаўшых вясёлак – кропляў рос…

Выказваю шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Людміле КУХАРЭВІЧ, супрацоўнікам раённай бібліятэкі.

Текст: