Ад вёскі Рудня засталася толькі памяць

12:00 / 23.08.2021
Аднойчы мы з бабуляй сядзелі на лавачцы пад яблыняй. Двор у нас быў вялікі і дагледжаны, мураўка дробная расла, куры яе вышчыпвалі аж да кораня. Сцяжынкі баба з дзедам пратапталі ад хаты да хлявоў. Кветкі цвілі. «Вось памром мы з дзедам – і нікому тут нічога не спатрэбіцца, усё зарасце травой, – з затоеным сумам прамовіла бабця. – А ты прыедзеш калі-небудзь – і трава ў двары будзе па пояс…» Я, уражаная тымі яе словамі, з трывогай спытала: «Няўжо так можа быць?!» Не верылася….  А сёння з жалем і болем успамінаю бабуліны словы, калі бываю ў Рудні,  гляджу фотаздымкі і відэа, – расказвае Аксана Багданава.

Але і бабуля Аксаны, Гэлена Канчанін, напэўна, не магла прадбачыць, што апусцее, зарасце травой у пояс не толькі іх двор, а ўся прыгожая, утульная, гасцінная вёсачка Рудня…

1.jpg

Маленькая, маладзенькая… 

Вёска Рудня ў параўнанні з навакольнымі – маладая, яна ўзнікла толькі ў 19 стагоддзі.  У архіўных дакументах за 1875 год гэта – 2 хутары з двума гаспадарамі:  дваранін Альбін Тамкевіч, які атрымаў зямельны надзел за ваенную службу, і Фадзей Каждалевіч. У 1913 годзе ў Рудні ўжо 5 двароў: Фадзей Вайцяховіч, Міхаіл-Кшыштоф Гаспер, Аляксандр Каждалевіч, Кляменцій Розак, Іосіф Папко. Жыхароў – 13. Пазначана як засценак Рудня. 

Энцыклапедыя  «Гарады і вёскі Беларусі» падае такую інфармацыю: 

«Рудня. У 19 ст. – у Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. З 12.10.1940 – вёска ў Клюшчанскім с/с Свірскага раёна Вілейскай вобласці, з 20.9.1944 г. – у Маладзечанскай вобл.: з 3.4.1959 г. – у Спондаўскім с/с, з 31.8.1959 г. – у Астравецкім раёне . У 1959 г. на хут. Рудня-1 – 15 жых., Рудня-2  – 3 жыхары. З 20.1.1960 г. – у Гродзенскай вобл., з 26.12.1962 г. –  Смаргонскім, з 6.1.1965 г. – Астравецкім р-х. У 1970-м – 10 двароў, 29 жыхароў. У 2004-м – 1 двор і 3 жыхары.»

Тапонімаў Рудня і вытворных ад яго шмат не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Расіі, Украіне – у мінулыя часы так называлася дробнае прамысловае прадпрыемства, на якім здабывалі балотную жалезную руду або плавілі з яе жалеза. Людзей, што займаліся гэтым, называлі руднікамі.

Бабуля Аксаны Багданавай расказ­вала, што каля Рудні таксама некалі знайшлі руду, але палічылі яе распрацоўкі экана­міч­на немэтазгоднымі. Унучка з бабцяй часта фантазі­равалі, якой была б іх вёска, калі б радовішча распрацавалі. Можа, таму Аксана і цяпер у снах часта бачыць Рудню вялікім пасёлкам з катэджамі, асфальтавай дарогай і бетоннымі агароджамі. 

Праўда, некаторыя лічаць, што назва вёскі пайшла ад прозвішча пана Рудніцкага, але пацвярджэння гэтая версія не мае.

Рудня знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы са Швянчонскім раёнам Літвы, таму многія мясцовыя тапонімы маюць літоўскія карані. Напрыклад, рэчка Струна, якая злучаецца з Пелякой і затым упадае ў Страчу, бярэ пачатак каля вёскі Струнайціс – адгэтуль і назва. А параўнанне са струной – маўляў, яе рэчышча такое ж прамое – не вытрымлівае крытыкі, бо роўным яно стала пасля праве­дзенай тут меліярацыі, а некалі, успамінае Ана Вайцяховіч, было віхлястае, як чарвяк. 

Поле за Рудняй, каля лесу, парослае бялёсай травой, якую не есць ні адна жывёліна і аб якую  можна парэзаць ногі, завецца Нотакай, што ў перакладзе з літоўскага азначае «нявеста». Напэўна, так назвалі за белы колер і недатыкальнасць.

Сустракаюцца тут і польскія тапонімы – Лонкі, Выспа, Выгродня, Высмалы.

Адна з адметнасцяў вёскі – чыгуначны мост праз раку Струну. Першапачаткова ён быў драўляным. Падчас вайны яго раз-пораз узрывалі, хоць на ім дзяжурылі салдаты. Пераправу аднаўлялі, але ненадоўга:  хутка зноў гучаў разбуральны выбух. У 1978-79-ых гадах замест драўлянага пабудавалі жалезабетонны мост, які заха­ваўся да сённяшняга часу. Побач з чыгуначным  мастом зна­­ходзіўся яшчэ адзін, аўта­мабільны. 

Працаваў некалі ў  Рудні і не­вялікі млын на рэчцы Струна.

У 1967 годзе да вёскі падвялі электрычнасць.

У вёсцы цанілі і любілі свабоду і прастору, у жыхароў былі вялікія двары, дыхтоўныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, у кожнага гаспадара – свае лазня і калодзеж. 

Руднянскія лясы славіліся грыбамі і ягадамі: чарніцы, буякі, брусніцы, маліны – усяго хапала. Летам па чарніцы хадзілі кожны дзень. 

– Памятаю, як бабуля рабіла падкалотку: некалькі хвілін ягады варылі, потым дабаўлялі муку, разведзеную вадой, і даводзілі да кіпення. Елі з блінамі. Кожны раз падкалотка атрымлівалася рознай, дзед любіў як гусцей. Цяпер, у які лес ні зайду, – пасля руднянскага мне ўсюды мала ягад. Больш нідзе і ніколі столькі не бачыла, як у нас, – успамінае Аксана Багданава.

3.jpg

Цяжкая дарога ў школу…

Руднянскія дзеці ў пачатковую школу хадзілі за паўтара кіламетра ў Світайлішкі (цяпер гэта тэрыторыя Літвы) , а вась­мігодку заканчвалі ў Клюшчанах – больш за 4 кіламетры ад вёскі. Дарога вяла праз лес, таму зімой хадзілі з запаленымі факеламі, каб адганяць ваўкоў. Аксана Багданава расказвае: 
– Самы страшны ўспамін маёй мамы – ваўкі па дарозе ў школу, якія аднойчы падышлі зусім блізка. Гэты страх застаўся ў яе назаўсёды. Здаралася, што мама ноччу крычала «Ваўкі! Ваўкі!» – і прачыналася ад жаху. 

Хто хацеў атрымаць сярэднюю адукацыю, працягвалі вучобу ў Швянчонісе ці ў Лынтупах – здымалі там кватэры, а на канікулы ці ў нядзелю тым жа небяспечным  шляхам праз лес ішлі дамоў.

Даяркі, што працавалі на ферме ў Клюшчанах, падымаліся раненька і ішлі на працу зацемна. Зімы раней былі суровыя, за ноч снегу намятала так, што ад дарогі і знаку не заставалася. Жанчыны галінкамі пазначалі шлях, каб дзеці, ідучы ў школу, не зблудзілі.

Пішу – і міжволі пара­ў­ноўваю з нашым часам, калі дарогу чысцяць, аўтобусы забіраюць школь­нікаў з кожнай вёсачкі ці хутара… Але ці сталі яны лепш вучыцца, ці больш выходзіць з нашых школ сучасных вучоных, даследчыкаў, талентаў, якія праслаўляюць сваю маленькую радзіму? Мусіць, тыя, хто здабывалі веды так цяжка, цанілі іх больш  і імкнуліся  не змарнаваць.

…І да храма

Усе жыхары Рудні належалі да клюшчанскай парафіі. Калі ў 1948 годзе касцёл закрылі, ездзілі аўтобусам у літоўскі Струнайціс – там касцёлы і вернікаў менш падвяргалі ганенням. На вялікія святы – Вербную нядзелю, Вялік­дзень – аднавяскоўцаў да касцёла вазіў на калгасным гру­завіку Стас Трыбоцкі, адважны і пабожны чалавек: у свой час, калі разбіралі клюшчанскі касцёл і згрузілі на яго грузавік рэчы з храма, ён адмовіўся сесці за руль. 

Наступны  прыпынак – Рудня

Для жыхароў навакольных вёсак Рудня асацыіравалася найперш з паравозным гудком, які гучаў для іх ласкавай мелодыяй. Асабліва ён цешыў сэрцы бацькоў, што чакалі сваіх «гарадскіх» дзяцей на выхадныя, па пятніцах, а восьмай і дзясятай гадзінах вечара. 

Чыгунка-вузкакалейка была пабудавана тут немцамі ў 1916 годзе і злучала Вільню з Лын­ту­памі і Віцебскам. Належала да Прыбалтыйскага міністэрства шляхоў зносін. У першыя часы бліжэйшыя прыпынкі былі ў Ге­лядні і Пячкарышках, а паміж імі, у сямі кіламетрах ад адной і другой станцыі, – Рудня, якую цягнікі міналі, не спыняючыся. Мясцовыя ехалі з Вільнюса заўсёды нагружаныя, то выкідвалі сумкі з хлебам і іншымі прадуктамі каля Рудні праз акно вагона – іх падхоплівалі родныя. А самі потым ішлі са станцыі пехатой, але ўжо без грузу. 

Толькі ў 1980 годзе па просьбе жыхароў і дзякуючы дапамозе ўраджэнца Рудні Іосіфа Кісяля, які працаваў у той час намеснікам начальніка аддзялення літоўскай чыгункі, тут быў пабудаваны перон, адкрыты прыпыначны пункт – і дызель-цягнікі, да вялікай радасці вяскоўцаў і іх дзяцей, што жылі ў Вільнюсе, сталі спыняцца ў Рудні.

Аксана Багданава да гэтай пары памятае расклад руху цягнікоў – дзеці заўсёды сустракалі і праводзілі іх.  Яны хадзілі раніцай у 6, 8 і 10 гадзін і вечарам у 18, 20 і 22. У Рудні спыняліся цягнікі «Дзіджасаліс-Вільнюс» і «Віцебск-Вільнюс»  і тыя, што ішлі па гэтым маршруце ў зваротным напрамку.

Чыгунка давала вяс­коўцам працу і заробак. Многія руд­нян­­скія мужчыны і жан­чыны былі аб’ездчыкамі. На чыгунцы праца­валі жыхары Руд­ні Пётр і Раман Вайцяховічы, Любамір Канчанін, Уладыслаў Кісель. Побач з перонам стаяў службовы домік, дзе жылі Фільш, Ківіты, Бондары. Апошні час брыгадзірам пуці працаваў Уладыслаў Кісель – ён і жыў у гэтым доміку з жонкай Ядвігай. Рэгіна Валуевіч з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае, якія гэта былі гасцінныя людзі: калі пасажыры прыходзілі  на станцыю ў мароз, завею ці дождж, гаспадыня абавязкова запрашала ў дом пагрэцца і схавацца ад непагадзі. А гаспадар выходзіў сустракаць цягнік, папярэджваючы:  «Не спяшайцеся, я вас паклічу».

Напачатку 2001 года цягнікі «Вільнюс – Дзіджасаліс» адмя­нілі. Насып стаў зарастаць травой, рэйкі – ржавець, а пазней іх зусім знялі. 

4.jpg

Гелена і Станіслаў Канчаніны

Войны – і мір 

У Рудні жыў ветэран Першай сусветнай вайны Пётр Вайцяховіч. Ён прайшоў усю вайну санітарам. Ведаў 6 моў: польскую, літоўскую, латышскую, рускую, беларускую і нямецкую. Падчас Другой сусвет­най ваяваў яго сын Юльян Вайцяховіч.

Дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі браты Канчаніны: Станіслаў, які  быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II cтупені, і Генрых. 

Чыгунка, мост, які адны стараліся ўзарваць, а другія ахоўвалі; лес, што цягнуўся аж да Лынтуп, – Рудня знаходзілася ў стратэгічным, а таму небяспечным месцы. Сюды часта прыходзілі то партызаны, то немцы, то бандыты. Падчас налётаў мясцовыя жыхары хаваліся ў тарфяным балоце ў Езярыне, такім рудым, што дзяўчаты валасы фарбавалі той вадой. Людзі стаялі па самую шыю ў тарфяной жыжы, пакуль хто з вёскі не паведамляў, што можна вяртацца. 

Гасцінныя, таленавітыя, працавітыя… 

Спакон веку жыхары Рудні ўмелі ўсё рабіць сваімі рукамі. Да прыкладу, Ян Вайцяховіч шыў абутак і меў прыгожы голас, спяваў у касцёльным хоры і на пахаваннях. А Тадэвуш Вайцяховіч спяваў пераважна на гулянках. Дарэчы, усе Вайцяховічы мелі музычныя здольнасці: Пётр іграў на гармоніку, яго сын Юльян – на цымбалах і скрыпцы.

Але не песнямі адзінымі… Пётр Вайцяховіч рабіў дранку. Юльян Вайцяховіч плёў кошыкі – асабліва прыгожыя, у касую  клетку, ішлі на продаж. 
Саля Вайцяховіч і Францішка Вайцяховіч былі адмысловымі ткалямі. Станіслаў Канчанін ра­біў сані, калёсы, вупраж.

Збіраючы гісторыі паселішчаў спондаўскага краю, неаднойчы пераконвалася, што ў маленькіх вёсках часта нараджаюцца тале­навітыя людзі. 

Так, з  Рудні выйшаў у вялікі свет Павел Міхайлавіч Гаспер (1895 – 1953) (пра яго расказвала «АП» 8 лістапада 2019 года), які ў 1915 го­дзе выехаў у Петраград і з фармоўшчыка даслужыўся да падпалкоўніка дзяржбяспекі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна,  Чырвонага Сцяга, медалём «За баявыя заслугі», знакам «Ганаровы работнік ВЧК ОДПУ».  Пахаваны на клюшчанскіх могілках. 

Кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам кафедры «Філа­софія і сусветныя рэлігіі» Растоў­скага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў Тэлесфор Любаміравіч Канчанін (1941-2016), аўтар шматлікіх навуковых прац.

Імёны дзецям тут давалі прыгожыя і незвычайныя: Тэлесфор, Бенедыкта, Петрунелія, Са­ламэя, Аліцыя, Любамір, Валь­дэмар, Цэцылія, Лёнгіна, Людвіка, Эльжбета, Фадзей. 

– Цяжка працавалі, але жылі весела, – успамінае Ана Вай­цяховіч. – На танцы хадзілі ў Клюшчаны, але часта ладзілі іх і ў Рудні ў прасторнай пуцейскай будцы-канторы. Пласцінак хапала, мае браты прыносілі з дому радыёлу – весяліліся да раніцы. Часам і з іншых вёсак, з Літвы прыязджала ў Рудню моладзь на танцы.

У будні амаль у кожнага з руднянцаў у двары стаялі матацыклы, веласіпеды, машыны. І не таму, што яны былі вельмі багатымі: разнастайны транспарт пакідалі жыхары суседніх вёсак, якія ехалі на работу ў Вільнюс. У кожнага была дамоўленасць з пэўным гаспадаром – і ніхто не адмаўляў, хоць чужая рэч на падворку, вядома ж, замінае, ды і адказнасць за яе захаванне «цісне». Тым не менш, стаяў той транспарт у дварах і чакаў гаспадароў ад нядзелі да пятніцы. 

Не адмаўлялі суседзям яшчэ і таму, што самі добра ведалі, што такое адлегласць: руднянцам усюды трэба было дабірацца – да школы, фермы, магазіна... У асноўным ездзілі на конных павозках: у клюшчанскі магазін за таварамі першай неабходнасці, у Свянцяны – за «Палангай» і доктарскай каўбасой. 

2.jpg

Сямейная справа

Так атрымалася, што сярод нешматлікіх руднянцаў нямала працоўных дынастый.

Ана Вайцяховіч-Анціпава расказала, што іх сямейную дынастыю пуцейцаў распачаў дзед Пётр Вайцяховіч, які працаваў на чыгунцы ў Рудні. 
Бацька Аны Юльян з простага пуцейца дарос да брыгадзіра, мае ўзнагароды, ганаровыя граматы, з’яўляецца ўдарнікам працы. Маці Францішка працавала дзяжурнай па пераез­дзе Лакцяны. Брат Аны Мар’ян Вайцяховіч закончыў Вільнюскі чыгуначны тэхнікум, затым – профільны інстытут, цяпер працуе начальнікам Вільнюскай дыс­танцыі пуці, з’яўляецца гана­­ровым чыгуначнікам. Яго сын Віталь – гэта ўжо чацвёртае пака­лен­не чыгуначнікаў Вайця­хові­чаў – быў машыністам падбі­вачнай машыны. Ана таксама скончыла чыгуначны тэхнікум і працуе дыспетчарам на станцыі Панярай. 

Людвіка Лугоўская (Розак) 1858 года нараджэння, якая жыла непадалёк ад Рудні на хутары, палажыла пачатак сямейнай дынастыі знахарак – яе справу прадоўжылі дачка Петрунэля Ланкоўская і ўнучка Ванда Руткоўская. Гэтыя жанчыны многае ведалі і ўме­лі, людзі да іх ішлі бясконца, асабліва калі ўкусіць гадзюка – іх каля лясной, рачной і балотнай Рудні вадзілася мноства. Пра руднянскіх лекарак некалі расказвала «Астравецкая праўда» ў артыкуле «Тры жанчыны з роду Лугоўскіх». 

Многія, каму даводзілася ехаць са станцыі Рудня, памятаюць дом Станіслава  Канчаніна, які патанаў у кветках. Асабліва шмат было браткаў – яны цвілі на пад­ваконнях і ў кветніку. Ста­ніслаў Станіслававіч закон­чыў Віленскую сельскагаспадарчую акадэмію і стаў вопытным сада­водам-агароднікам. Яго запра­шалі працаваць у Віленскі наву­ковы цэнтр, але ён застаўся ў Рудні. Станіслаў Канчанін з’яў­ляец­ца роданачальнікам сямейнай дынастыі біёлагаў. Яго дачка Бенедыкта закончыла бія­лагічны факультэт пед­інсты­тута імя М. Танка, сын Вальдэмар – Каўнаскі ўнiверciтэт лясной гаспадаркі; унучка Аксана – біялагічны факультэт БДУ. Яна і падзялілася ўспамінамі: 

– Дзед Станіслаў быў маў­клі­вым, вечна ў рабоце і клопатах. Ён тады ўжо зрабіў цяпліцу – я, сама дачніца-агародніца, разу­мею, што вельмі класную. У зям­лі дзед выка­­паў прамавугольны роў, умацаваў сценкі, зрабіў палічкі для расады, а зверху прыкрыў шкляной страхой. Было прадумана і ацяпленне. Дзед вырошчваў і прадаваў расаду памідораў сорту «талаліхін», браткаў, іншай гародніны і кветак. Браткаў садзіў шмат – памятаю, восенню ўсюды сушылася насенне. Каля дома быў вялікі сад – вясной, калі ён зацвітаў, ад водару кружылася галава. Дзед прышчэпліваў яблыні – на адной з іх было 5 сартоў! Да ўсяго ён з’яўляўся яшчэ і выдатным пчаляром, толькі пчолы ў яго былі злыя: калі дзед ішоў за мёдам, то ўся Рудня сядзела па хатах.

Жонка Станіслава Гэлена Іванаўна нарадзілася ў Мала­дзеч­не, рана асірацела і выхоў­ва­лася ў дзіцячым доме ў Залессi. Пасля жыла ў Маладзечне, а калі ў чэрвені 1941 года горад занялі немцы, прыехала  да дзядзькі ў Пілімы – тут і сустрэла свой лёс. 

Аксана Багданава ўспамінае бабулю з цеплынёй і сумам: 

– Шкадую, што яна так рана, у 66 гадоў, пакінула нас – і мала паспела мне расказаць... Ды я не вельмі і слухала: у 17 гадоў у галаве іншыя інтарэсы. Бабуля любіла спяваць і танцаваць, мяне вучыла песням і малітвам. Любіла гладыёлусы – яны заўсёды цвілі пад вокнамі. Была слыннай кулінаркай, яе запрашалі гатаваць на вяселлі, хрысціны, памінкі. А яшчэ пісала гумарэскі – некаторыя з іх нават друкаваліся ў часопісе «Вожык». 

Дарэчы, Аксана пераняла і прымножыла некаторыя таленты бабулі: піша гумарэскі, эсэ, вершы.  

Апошнія…

Апошняе вяселле ў Рудні адбылося ў 1988 годзе – выходзіла замуж Ана Вайцяховіч. Гуляла ўся вёска: жанчыны гатавалі прысмакі, мужчыны рабілі браму. Па суседзях размясцілі нанач 45 гасцей.

Апошняе пахаванне адбылося ў 2001 годзе: у лепшы свет праводзілі Юльяна Вайцяховіча – і зноў дапамагала ўся вёска. 

Апошняе дзіця Рудні – Тэрэса Вайцяховіч, цяпер яна жыве ў Лынтупах. 

Самы старэйшы жыхар вёскі, 89-гадовая Браніслава Кажанеў­ская, дажывае свой век ў літоў­с­кім Лентварысе.

Канчаткова апусцела вёс­ка ў 2007 годзе, калі Саламея Вайця­ховіч з дачкой Тэрэзай выехалі ў Лынтупы. 

Цяпер  Рудня мёртвая. Але не забытая! Для тых, хто там нарадзіўся, жыў, яна – адзіная, непаўторная і найпрыгажэйшая. Там засталіся зямля бацькоў і дзядоў, якая карміла;  вада, што паіла; сонца, што сагравала.

І ўсіх жыхароў Рудні – хто за­вяршыў свой зямны шлях у роднай вёсцы і хто мусіў яе пакі­нуць,  – яднае бязмежная любоў да роднай зямлі, да сваёй вёсачкі, дзе яны некалі былі шчаслівымі, самі таго не ўсведамляючы, да рэчкі, лесу, да кожнага дрэўца ў садзе. Усе, з кім я гутарыла, рыхтуючы гэты матэ­рыял, памятаюць, любяць – і просяць прабачэння ў роднай вёскі, што не змаглі ўтрымаць і ўратаваць. Берагуць у сэрцы памяць і нізка кланяюцца сваёй дарагой радзімцы – вёсачцы Рудня.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст: