Партрэт ветурача Алены Бараноўскай занесены на раённую Дошку гонару

11:12 / 23.08.2021
У апошнія гады пабуйнелі «малочныя рэкі» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Безумоўна, у цэлым гэта заслуга калектываў гаспадаркі і комплексаў – у прыватнасці. Пра тое, што малочная карова пачынаецца з цялушкі, не па чутках ведае Алена Бараноўская з МТК «Рытань»: ветэрынарныя ўрачы суправаджаюць жывёлу на ўсіх этапах яе жыцця. Сёлета партрэт жанчыны занесены на раённую Дошку гонару.

Без перабольшання Алена Віктараўна з катэгорыі людзей, якіх цяпер не часта сустрэнеш: добрая, спачуваючая, якая перажывае чужы боль як свой, – на такіх і трымаецца гэты свет. 

1.jpg

Пра сябе, мару дзяцінства і прафесійны выбар расказвае сама ветурач:

– Я мясцовая: нарадзілася не­­далёка ад Падольцаў у вёсцы Парцэль-Паляны. Бацькі пра­­цавалі ў сельскай гаспа­дар­цы, праўда, не ў жывё­ла­га­доўлі. Вучылася ў Рытанскай вась­мі­годцы, пазней – у Кяме­ліш­каўскай сярэдняй школе. 

У мяне была мара: вывучыцца на выхавацеля і працаваць у дзіцячым садку. Нават паступала ў педагагічнае вучылішча – але ў апошні момант забрала дакументы: мне, вясковай дзяўчыне, настолькі было няўтульна ў вялікім горадзе і так хацелася быць бліжэй да дому і бацькоў, што падала дакументы ў Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля яго заканчэння ў 1994 годзе прыйшла ў родную гаспадарку – з таго часу і працую. 

Але ў пэўнай ступені мая дзіцячая мара збылася: цяляткам, як і дзецям, патрэбны клопат і ўвага. На мне цяпер, лічы, увесь комплекс – а гэта амаль 1 400 галоў, з якіх 800 дойных кароў і крыху больш за 400 цялят рознага ўзросту. Пасля размеркавання да нас прыехала маладая сям’я ветурачоў – муж з жонкай – вельмі харошыя людзі і спецыялісты. Я на комплексе «закрывала» гінекалогію, за імі было лячэнне цялят і мастытаў у кароў. Але пасля адпрацоўкі Ганчары з’ехалі. Цяпер мая правая рука – Павел Тумкевіч, таксама добры спецыяліст. За захворванні вымені кароў адказвае ён, схаваныя мастыты выяўляем разам, таму што гэта вельмі вялікі і адказны фронт работ. 

З кожным годам патраба­ванні да якасці малака павя­лічваюцца. Раней, калі ў раёне не было яшчэ вялікіх малочна-таварных комплексаў, на першы план выходзіў у асноўным валавы надой, цяпер не менш важную ролю іграе і якасць малака. Радуе, што яно ў нас ідзе на перапрацоўку гатункам экстра. Людзі разумеюць, што ад гэтага і ад прываг залежыць зарплата. Лічу, што мы няблага зарабляем. Больш таго, для кожнага вяскоўца важна ўсведамляць, што яго работу бачаць і цэняць. Калі я даведалася, што мой партрэт занеслі на раённую Дошку гонару, разгубілася, нават слёзы на вачах з’явіліся. Удзячна кіраўніцтву, што адзначылі мяне, але ў нас шмат людзей добра працуе. 

Як і кожную жанчыну, шчас­лівай мяне робіць сям’я. Муж, дарэчы, таксама працуе ў саўгасе – на трактары. У старэйшай дачушкі – свая сям’я і двое дзетак – так што я шчаслівая бабуля! – а малодшая хутка пойдзе ў 4 клас. Радуюся, калі на комплексе ўсё добра. 

Што галоўнае   ў маёй рабоце? (Задумваецца). Каб мае падапечныя, асаблі­ва самыя маленькія, былі зда­ро­вымі: нездарма ж кажуць, што малочная карова пачынаецца з цялушкі. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич