Яўген Кулакоў – чалавек-загадка

12:03 / 18.08.2021

Яўген Мікалаевіч Кулакоў – рэдакцыйны рэкардсмен, і яго рэкорд наўрад ці каму ўдасца пабіць (зрэшты, моладзь можа паспрабаваць): ён працаваў у “Астравецкай праўдзе” 42 гады, з 1957 па 1999. Нават калі выключыць з гэтага перыяду трохгадовы перапынак з 1962 па 1965 гады, калі газета не выходзіла, то ўсё роўна атрымліваецца рэкорд. А можна і не выключаць, бо два гады з гэтых трох Кулакоў з’яўляўся карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыё (так вось: газета не выходзіла – а радыё гучала!)

Нарадзіўся Яўген Мікалаевіч Кулакоў 6 кастрычніка 1937 года ў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці.

Бацька, Мікалай Аляксеевіч, – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля Перамогі яго накіравалі на работу ў Астравецкі райваенкамат. І жонка, Таісія Фёдараўна, з сынам неймавернымі намаганнямі цераз палову неабсяжнага Савецкага Саюза дабіралася ў далёкую і невядомую Беларусь, каб пачынаць тут новае жыццё – і застацца тут назаўсёды.

Тут у Кулаковых нарадзіўся яшчэ адзін сын, Арнольд, які, да слова, таксама прыдачыніўся да рэдакцыі: у 1965 годзе, перад прызывам у армію, ён паўгода працаваў карэктарам.

3.jpg

З карэктара пачынаў сваю шматгадовую журналісцкую кар’еру і Яўген Кулакоў.

Хоць пра работу ў рэдакцыі ён, як прызнаваўся пазней, нават не думаў. Пасля школы паспрабаваў паступіць у політэхнічны інстытут, не дабраў аднаго бала – і вярнуўся дамоў.

Праз шмат гадоў Яўген Мікалаевіч расказваў, як яго “сасваталі” з журналістыкай.

– Неяк да нас прыйшла суседка, жонка першага сакратара райкама партыі Пархоўчанкі Валянціна Налівайка, якая працавала ў рэдакцыі. Іх дом стаяў непадалёк ад нашага па вуліцы Савецкай, і ўсе жылі, як адна сям’я. “Ты беларускую мову ведаеш?” – спытала Валянціна Паўлаўна. Я паціснуў плячыма: вучыў у школе… “То хадзем да нас у рэдакцыю, папрацуеш карэктарам, а там відаць будзе”, – прапанавала суседка.

Так 7 студзеня 1957 года Яўген Мікалаевіч Кулакоў з’явіўся ў рэдакцыі.

Праз шмат гадоў ён з усмешкай успамінаў свой першы працоўны дзень:

– Рэдактар, Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч, паказаў, як правіць карэктуру і сказаў чакаць, калі дадуць паласу на вычытку. Сяджу, чакаю – час да абедзеннага блізіцца… “А калі паласа будзе?” – пытаю. “Чакай, –адказваюць, – яшчэ рана.” Чакаю… Ужо і рабочы дзень закончыўся. Стаў збірацца дахаты. “Ты куды? – пытаюць. – Зараз палосы дадуць.” Чыталі і правілі газету мы ўсю ноч, толькі пад раніцу аддалі ў друк. Пазней даведаўся, што гэта звычайны графік работы рэдакцыі і друкарні…

Зрэшты, карэктарам Яўген Кулакоў доўга не затрымаўся – хутка яго перавялі ў літаратурныя супрацоўнікі. І мара пра політэхнічны інстытут адпала сама па сабе – пазней яе ажыццявіў малодшы брат. А Яўген у 1958 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

Тыя гады, з 1957 па 1960, былі залатым часам “Астравецкай праўды”: калектыў у рэдакцыі падабраўся творчы, дружны, кампанейскі. Пісалі ўсе, нібы спаборнічаючы адзін з другім, – жыва, цікава, грунтоўна, спрабуючы “на пяро” новыя жанры, тэмы і герояў.

…Калі я прыйшла ў рэдакцыю напрыканцы 1989 года, Яўген Мікалаевіч, тады ўжо ў перадпенсійным узросце, працаваў адказным сакратаром. Ён уражваў сваёй інтэлігентнасцю, унутранай культурай, эрудыцыяй, тактоўнасцю, добразычлівасцю.

А яшчэ тым, што ён не пісаў. Зусім! Ну пагадзіцеся, пераклад з рускай якога-небудзь пісьма з разраду “не лезь – заб’е!” ці падрыхтоўка заметкі “Расчахляйце ружжы, паляўнічыя” – не паказчык творчага патэнцыялу журналіста. І я не магла зразумець, як чалавек, які столькі гадоў працаваў у рэдакцыі (тады яшчэ не ведала, колькі, але здагадвалася, што шмат) можа не пісаць.

І якім жа было маё здзіўленне, калі нядаўна, гартаючы ў Нацыянальнай біблітэцы падшыўкі канца 50-х – пачатку 60-х, і потым, пачынаючы з 1965 года і далей, я раз-пораз сустракала пад публікацыямі подпіс “Я. Кулакоў”. Прычым не толькі пад інфармацыйнымі паведамленнямі ці справаздачамі, а пад грунтоўнымі матэрыяламі – замалёўкамі, нарысамі, фельетонамі. Кулакоў пісаў нават апавяданні, прычым вельмі нядрэнныя – “У дарозе”, “Калі клекаталі буслы”.

У нумары за 27 кастрычніка 1957 года змешчаны фельетон Яўгена Кулакова “Як Бахмет пагарэў на смятане” – пра тое, як старшыня райспажыўсаюза бясплатна сталаваўся ў чайной райцэнтра, ды яшчэ тым смакоццем, якое не было пазначана ў меню, да прыкладу, смятанай – і падчас аднаго смачнага і сытнага абеду нарваўся на кантралёраў, якія сядзелі за суседнім столікам і чакалі афіцыянтку з даўно заказаным “дзяжурным” баршчом.

Але гэта былі яшчэ не ўсе адкрыцці, якія чакалі мяне на старонках старых газет. Аказваецца, Яўген Мікалаевіч не толькі цудоўна пісаў, але і фатаграфаваў. У той час, пры адсутнасці ў штаце фотакарэспандэнта, ён быў практычна адзіным, хто рабіў ілюстрацыі. Пачыналіся фотапублікацыі Кулакова ў 1957 годзе з нясмелых, невыразных партрэтаў перадавікоў, здымкаў новых будынкаў. А пазней аўтар дарос да сюжэтных кампазіцый, рэпартажных фотаздымкаў. Ён першым стаў друкаваць у газеце фотаэцюды – “Яблыня цвіце”, “Зімовая дарога” і іншыя.

Адзін са здымкаў, “Валерый Блахін бярэ вышыню”, надрукаваны ў нумары за 31 мая 1961 года, на мой погляд, проста геніяльны. Нават сёння, калі фотаапарат у пэўным рэжыме можа шчоўкаць, як аўтамат падчас атакі, цяжка злавіць момант, калі спартсмен у скачку ў вышыню пераадольвае планку, ды яшчэ каб здымак “не паплыў”.

І трэба разумець, што ўсе здымкі журналіст рабіў уласным фотаапаратам, а затым праяўляў плёнку і друкаваў фота ў прыстасаванай лабараторыі ўласнага дома…

Калі ў 1962 годзе “Астравецкую праўду” закрылі, Кулакоў, на той час ужо студэнт факультэта журналістыкі, не паехаў з рэдактарам Уладзімірам Тарандам і намеснікам Уладзімірам Царэвічам у Смаргонь. Адказ на пытанне “Чаму?” дапамагла знайсці ўдава Яўгена Мікалаевіча Ніна Аляксандраўна, урач са шматгадовым стажам.

–У 1962 годзе мы пажаніліся. Неўзабаве я нарадзіла сына. Сядзець па тры гады ў дэкрэце, як сёння, мы не маглі, трэба было выходзіць на працу. А ў Жэні якраз падаспеў час напісання дыпломнай работы, на падрыхтоўку якой давалі водпуск амаль што паўгода – ён глядзеў Сярожу і пісаў дыплом.

Гэты прыклад яскрава дэманструе адносіны Яўгена Мікалаевіча да сям’і: ён быў уважлівым мужам, клапатлівым бацькам, любячым дзядулем. Прычым гэтыя любоў і клопат былі не на паказ – ішлі ад душы.

З перапынкам на напісанне дыпломнай работы Яўген Мікалаевіч працаваў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання – у 1962 годзе яно было яшчэ Астравецкім, у 1963 – ужо Ашмянскім. А ў 1964 годзе радыё закрылі, прынамсі, у Астраўцы, і Яўген Мікалаевіч стаў выкладаць літаратуру і фізкультуру ў медыцынскім вучылішчы.

2.jpg

Калі ў 1965 годзе рэдакцыю аднавілі, Кулакоў адразу ж уліўся ў новы калектыў ранейшай газеты – яго прызначылі загадчыкам аддзела пісьмаў. І пяро яго стала яшчэ больш трапным і вострым.

Падобна, за Кулаковым была замацавана тэма ветэранаў вайны: праз 20 гадоў пасля яе заканчэння сталі ўспамінаць і тых, хто здабываў Перамогу. Менавіта пяру Яўгена Мікалаевіча належыць першая публікацыя пра лагер ваеннапалонных у Гудагаі, грунтоўны нарыс пра Канстанціна Гімбіцкага, замалёўкі пра многіх ветэранаў.

Асабліва вылучаецца вялікі нарыс “Канец Яцмана”, надрукаваны ў трох нумарах раённай газеты ў сакавіку 1967 года. Ён чытаецца, як добры дэтэктыў – з той толькі розніцай, што імёны герояў і антыгерояў там сапраўдныя, як і месца дзеяння. З маляўнічымі падрабязнасцямі аўтар расказвае, як загінуў участковы міліцыянер Міхаль, як Міхаіл Камарэнка ўкараніўся ў банду Яцмана, як яны з начальнікам міліцыі Вячкілевым распрацоўвалі план ліквідацыі важака, які ў апошні момант ледзь не сарваўся, як Камарэнка забіў бандыта…

“Падышлі да веснічак. Нідзе ні гуку, ні іскрынкі святла. Толькі вецер шамацеў у голлі дрэў. Міхаіл прапусціў уперад Яцмана. Нервы нібы скруціліся ў найтужэйшую спружыну. Зараз павінен быць сігнал! Яцман ужо ступіў крок, другі. “Ну што яны марудзяць!” – ледзь не закрычаў Міхаіл. Бандыт ступіў яшчэ крок у глыб двара. Зараз ён увойдзе ў хату – і будзе позна. Рука Камарэнкі ў момант вока вырвала з-за пазухі пісталет. Грымнуў стрэл. Яцман крута павярнуўся. Міхаіл яшчэ раз націснуў курок. Важак неяк адразу абмяк і паваліўся на зямлю”.

Акрамя крута закручанага сюжэту, яркіх дэталяў, драматызму і дакладнасці расповеду, уражвае яшчэ адна асаблівасць у гэтым нарысе і іншых матэрыялах Кулакова таго перыяду: трапнасць і вобразнасць мовы. Асабліва калі ведаеш, што Яўген Мікалаевіч – рускі, у Беларусь прыехаў ужо ў амаль 10-гадовым узросце. Хоць і вучыў ён беларускую мову ў школе, ўсё ж такое дасканалае валоданне ёй чалавека, для якога яна – не родная, выклікае, па меншай меры, павагу.

Чаму Кулакоў пазней перастаў пісаць, сказаць цяжка. Не змагла мне адказаць на гэтае пытанне і Ніна Аляксандраўна. Па яе словах, Яўген Мікалаевіч ніколі нічога не расказваў пра сваю работу – што адбываецца ў калектыве, над чым ён працуе. Гэтыя дзве часткі яго жыцця – сям’я і рэдакцыя – былі строга размежаваны і ішлі паралельна, амаль не перасякаючыся.

Была і трэцяя – захапленні: Яўген Мікалаевіч быў добрым паляўнічым і заўзятым рыбаловам. Але і пра гэта, па словах Ніны Аляксандраўны, ён нічога не расказваў. “Нармальна,” – такім быў яго традыцыйны адказ на пытанні пра работу, паляванне ці рыбалку – пра ўсё, што адбывалася па-за сценамі дома.

Меў Кулакоў яшчэ адно захапленне, пра якое даведалася зусім нядаўна: Яўген Мікалаевіч цудоўна іграў на кларнеце і акардэоне – акардэон, дарэчы, Ніна Аляксандраўна захоўвае да гэтага часу. Удзельнічаў у створаным у раённым Доме культуры інструментальным ансамблі. Ды і сам на акардэоне часта “агучваў” гарадскія танцы.

Пры ўсё сваёй сціпласці і закрытасці афіцыйных і не вельмі карпаратываў ён не цураўся, часта паўтараў: “Нішто так не спайвае калектыў, як сумесна выпітая гарэлка” – гэты яго афарызм, як і многія іншыя, засталіся ў ненапісаным пакуль зборніку рэдакцыйнага фальклору. П’яніцам не быў, пазбегнуў гэтай частай хваробы журналістаў, але пры нагодзе мог узяць чарку, пажартаваць, да месца расказаць добры анекдот ці гісторыю з жыцця, паспяваць – голас меў моцны і прыгожы.

…Нават пасля дзесяці гадоў сумеснай работы ў “Астравецкай праўдзе”, супярэчлівых будняў і вясёлых святаў, пасля размоў “за жыццё”, калі ужо ў статусе пенсіянера Кулакоў часам заходзіў у рэдакцыю “на каву”, і нават пасля таго ўсялякага-рознага, што я даведалася пра яго, рыхтуючы гэтую кнігу, Яўген Мікалаевіч для мяне – чалавек-загадка.

Не здзіўлюся, калі дзе-небудзь у патаемнай шуфлядцы некалі адшукаецца сшытак, спісаны бісерным почыркам, з яго самым-самым запаветным… Калі, вядома, такі быў. І калі ён не знік аднойчы ў полымі: Кулакоў быў не толькі надзвычай закрытым, але і вельмі асцярожным чалавекам…


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст: Нина Рыбик