Уборка збожжавых у РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” пераваліла за экватар

10:17 / 13.08.2021
Нарэшце надвор’е змяніла гнеў на міласць – перастала моцна дажджыць. Хлебаробы раёна трымаюць руку на пульсе жніва і выкарыстоўваюць кожную пагожую хвіліну, каб убраць з палёў саспелы ўраджай. Напачатку тыдня раённыя аграрыі абмалацілі больш за палову плошчаў збожжавых  і зернебабовых.  Найменшы жніўны клін у раёне – у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 2 646 гектараў. Пра ход уборачнай кампаніі ў гэтай гаспадарцы, клопаты хлебаробаў і ўраджай даведаўся наш карэспандэнт напачатку тыдня. 

6.jpg

Галоўны аграном Дзмітрый Малючак

– Ураджай сёлета не радуе, ды і надвор’е таксама, – па дарозе на поле, дзе абмалочвалі авёс, гаворыць галоўны аграном РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзмітрый Малючак. – Азімыя, канешне, больш усцешылі, чым яравыя, – лепш сыпяцца. Рапс на круг даў толькі каля 14 цэнтнераў. 

Сёлета ў саўгасе, як і ў цэлым па Астравецкім раёне, збожжа ўрадзіла горш, чым летась. З гектара хлебаробы гэтай гаспадаркі намалочваюць у сярэднім каля 22 цэнтнераў, летась – 35. 

– Хоць у апошні час прынята адыходзіць ад тэрміна «зона рызыкоўнага земляробства», тым не менш з надвор’ем не паспрачаешся, – працягвае галоўны аграном. – Не перазімавала каля 350 гектараў трыцікале – перасявалі вясной кукурузай і ячмянём. У яравых зерне дробнае, шчуп­лае. Азімая пшаніца, напрыклад, сыплецца пад 30 цэнтнераў, а яравы ячмень – толькі пад 20. Але поле полю – розніца. 

Не першы год на жніве ў саўгасе працуе Дзмітрый Шэша з цесцем Міхаілам Козелам. Камбайнерскі тандэм неаднойчы першым у гаспадарцы намалочваў жаданую тысячу тон, а некалькі сезонаў назад  уваходзіў у лік першых пяці камбайнераў-тысячнікаў раёна. Больш таго, напачатку масавай уборкі Дзмітрый не толькі ўбіраў ураджай, але і адвозіў яго з поля на зернесушыльныя комплексы. Цяпер на гэтым МАЗе зерне возіць іншы вадзіцель. 

– Сёлетняе жніво самае напружанае: пасля дажджоў зерне стала прарастаць, – прызнаецца камбайнер Дзмітрый Шэша. – Для мяне гэтая ўборка – юбілейная, 20-я. Некалькі сезонаў набіраўся вопыту – быў памоч­нікам камбайнера, апошнія 12 гадоў працую камбайнерам. Найбольш запомніўся 2015 год – тады мы намалацілі амаль 2 тысячы тон збож­жа. 

5.jpg

Для Дзмітрыя Шэшы сёлетняя ўборка – 20-я

Да размовы далучаецца памочнік Міхаіл Козел:

– Не ліло б – за паўтара-два тыдні ўсё ўбралі б. А так вельмі віготнае зерне сыплецца. 

4.jpg

Памочнік камбайнера Міхаіл Козел

З поля на зернесушылкі паступае збожжа вільготнасцю каля 27, а то і 30% – яе трэба «збіць» да 14% – працэс гэты працаёмкі і энергазатратны. 

Па словах Дзмітрыя Малючака, у дажджах, якія не пускалі ў поле хлебаўборачную тэхніку, ёсць і плюсы. 

– Кукуруза выправілася і пацягнулася ўгору.  Кармы для нас таксама ў прыярытэце, – працягвае галоўны аграном. – Да слова сказаць, і цукровыя буракі пасля ліўняў палепшалі. 

На ўборцы ў саўгасе працуюць 8 камбайнаў, якія разбіты на 2 звяны. Іх агульнымі намаганнямі за дзень абмалочваецца каля 130 гектараў, ці 5% ад плана. Дарэчы, 2 камбайны КЗС-1218 гомсель­машаўскай вытворчасці гаспадарка набыла летась. 

Самай узроставай хлебаўборачнай машыне – больш за 20. Не першы сезон на «Лідзе» ўраджай убірае Іосіф Жэгарыс. Летась ніхто нават падумаць не мог, што на гэтай «старушцы» камбайнер намалоціць тысячу. Цікаўлюся, у чым сакрэт. 

– Тэхніка адны рукі любіць, – загадкава ўсміхаючыся, гаворыць Іосіф Жэгарыс. – На жніве працую больш за тры дзесяцігоддзі. 

7.jpg

Памочнік камбайнера Віталь Давідовіч і адзін з самых вопытных хлебаробаў саўгаса Іосіф Жэгарыс

Нагадаю, у 2020-м падчас раённых «Дажынак» мужчына тройчы падымаўся на сцэну: механізатар быў прызнаны лідарам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых сярод камбайнераў, што працуюць на тэхніцы, якой больш за 10 гадоў; пераможцам абласнога спаборніцтва прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама атрымаў Падзяку старшыні Гродзенскага аблвыканкама. 

…Не менш працавітыя і адказныя за камбайнераў у саўгасе і вадзіцелі. Той жа Уладзімір Марцінкевіч, напрыклад, з пачатку ўборкі прапісаўся ў лідарах сярод вадзіцеляў, якія працуюць на машынах з грузападымальнасцю да 5 тон, і перавёз пад 700 тон зерня.

…Хлебаробы саўгаса трымаюць руку на пульсе жніва, каб хутчэй убраць з палёў саспелы хлеб. 

9.jpg

Памочнік Анатоль Вашкевіч і камбайнер Аляксандр Пялецкі

2.jpg

Вадзіцель Генадзь Масойць

8.jpg

На прэс-падборшчыку Раман Журэйка робіць да 200 рулонаў

1.jpg

Другі год збожжа возіць Іван Родзь

3.jpg

Вадзіцель Анатоль Якубцэвіч летась быў прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва на 

нарыхтоўцы кармоў сярод вадзіцеляў Гродзеншчыны


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич