Да дня нараджэння Адама Мальдзіса: першыя публікацыі прафесара ў “Астравецкай праўдзе”
У дзяцінстве ён марыў стаць астраномам. А стаў вядомым у многіх краінах свету навукоўцам, даследчыкам гісторыі культуры і літаратуры.
І заўсёды заставаўся верным сваёй першай прафесіі – журналіста: у самых сур’ёзных навуковых працах Адама Восіпавіча бачыцца трапнае жывое слова, уменне паказаць галоўнае. І чытаюцца, нават чалавекам недасведчаным, як займальны нарыс.
А пачынаўся шлях Адама Мальдзіса ў журналістыку з астравецкай раённай газеты – хоць ён тут ніводнага дня не працаваў.
Будучы прафесар пачаў супрацоўнічаць з раённай газетай з 1947 года – сведчанне гэтаму мы знайшлі ў архіўнай падшыўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы. Заметка «Вдохновляющие строки» (газета тады выходзіла на рускай мове), прысвечаная Аляксандру Пушкіну, адметная тым, што ў ёй Адам Мальдзіс расказвае, як яшчэ да вайны ён са стрыечным братам Яўгеніюшам Мальдзісам, пазней – вядомым польскім мастаком, і сябрамі сабраў невялікую бібліятэку, якая знаходзілася ў іх хаце ў Расолах. Вяскоўцы часта прыходзілі да Мальдзісаў за кнігамі, а часам дзеці самі разносілі іх аматарам чытання. Адам Мальдзіс піша, што ў гады вайны ў дом прыйшлі немцы і, убачыўшы кнігі, сярод якіх былі і на рускай мове, у прыватнасці, вершы Пушкіна, кінулі іх у агонь. Захаваліся толькі выданні, што знаходзіліся ў той час на руках у чытачоў.
А пазней, у святочным нумары газеты, прысвечаным 60-годдзю «Астравецкай праўды», Адам Восіпавіч так расказваў аб пачатку доўгага і плённага супрацоўніцтва з «раёнкай»:
«Першыя нумары раённай газеты – тады, вядома ж, «Сталінскай праўды» – пабачыў я ў 1944 годзе ў родных Расолах. Выпісваў яе бацька, у той час – дэпутат Дравяніцкага сельсавета. Іншых газет не было. Праўда, потым зрэдку з Маладзечна пачала даходзіць абласная «Сялянская праўда».
І вось перад самым Новым годам, калі я ўжо хадзіў у Астравецкую школу, раптам выклікала мяне дырэктарка і ўстрывожана паведаміла, што нечага мяне хоча бачыць рэдактар раённай газеты, сам Беркутаў. Зайшоў я ў драўляны дамок недзе насупраць цяперашняй кнігарні (цяпер на тым месцы стаіць пракуратура – Н.Р.) Сустрэў мяне мужчына ў фрэнчы і з ордэнскімі планкамі, прыязна глянуў (потым мы пасябравалі, я пісаў пра яго кнігу партызанскіх успамінаў, быў і выступаў на яго пахаванні). Пачаў ён з папроку:
– Што ж ты, кажуць, у «Зорьку» пішаш, у «Піянер Беларусі», а нас абыходзіш. Нядобра… Новы год наступае, трэба, каб вершык быў. Зможаш?
На сваё здзіўленне, нешта зарыфмаваў, аднёс. Яшчэ больш здзівіўся, калі надрукавалі. З таго і пайшло. Адразу ж напісаў яшчэ пра навагодні вечар, пра іншыя школьныя справы. А потым настолькі ўвабраўся ў пер’е, што нават старшыню калгаса ў суседніх Палушах раскрытыкаваў (праўда, у сааўтарстве з сынам сакратара райкама партыі Волкава), нават самога загадчыка райана папракнуў. За што і паплаціўся на выпускных экзаменах: замест залатога медаля ледзь атрымаў звычайны атэстат з дзвюма чацвёркамі. Атрымаў у перадапошні дзень ліпеня. Ледзь паспеў назаўтра адвезці дакументы ў Мінск, на факультэт журналістыкі БДУ. Тады ўпершыню зразумеў, што такое «табель аб рангах». Але і сёння перакананы, што журналістам не павінны ставіцца ніякія персанальныя бар’еры. Адзіны бар’ер: няшчырасць, хлусня!»
Першы нумар «Сталінскай праўды» за 1948 год, для якога, па ўспамінах Адама Восіпавіча, ён напісаў верш, не захаваўся ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Але напісанае застаецца: мы знайшлі яго ў тым самым альбоме першых публікацый Адама Мальдзіса.
Добры дзень, сорак восьмы!
Добры дзень, сорак восьмы!
Б’е гадзіннік дванаццаць.
Не зусім толькі проста
З сорак сёмым прашчацца.
Бо ён даў для краіны
Столькі збожжа і сталі!
Адыйшлі ўспаміны
Аб фашысцкай навале…
Гэты год, хоць нялёгкі,
Быў вялікі і слаўны:
Ён памог нам забыцца
Аб прайшоўшым нядаўна.
Ты залечыў краіне
Яе раны, руіны.
Твой уклад не загіне
У летапісах краіны.
Ты прайшоў. Сустракаю
Сорак восьмы з надзеяй.
Знаю: шчасце і славу
Новы год прынясе нам.
МАЛЬДЗІС Адам,
вучань VII класа
Астравецкай сярэдняй школы.
Хоць вершаў Адам Восіпавіч больш не пісаў, цесныя стасункі з раённай газетай ён захаваў на ўсё жыццё. Тут ён праходзіў практыку – і, гартаючы тагачасныя газеты, адразу бачыш публікацыі Мальдзіса: яны вызначаюцца адметным стылем, трапным словам, вастрынёй крытыкі. На старонках «Сталінскай праўды» з’явіліся першы рэпартаж, першы фельетон, перадавы артыкул будучага прафесара. З удзячнасцю Адам Восіпавіч узгадвае, што набыты ў Астраўцы вопыт спатрэбіўся, калі ён стаў працаваць адказным сакратаром у Радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча».
І калі журналісцкія шляхі-дарогі будучага прафесара змяніліся навуковымі, ён не страціў сувязяў з «Астравецкай праўдай». У нумары за 6 студзеня 1962 года з’явілася публікацыя аспіранта інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР Адама Мальдзіса «За шчасце, за волю, за светлую долю», у якой распавядаецца пра рэвалюцыйныя хваляванні 1905 года на тэрыторыі Астравеччыны, у прыватнасці, у Міхалішках і Кямелішках. Напісаны яны, як і раней, з вялікім майстэрствам.
І затым – дзе б і з чым бы ні працаваў Адам Восіпавіч, ён не прапускаў найменшага ўспаміну пра Астравеччыну і сваіх землякоў: занатоўваў, абагульняў – і дасылаў у раённую газету. Без перабольшвання можна сказаць, што гісторыю нашаму раёну, ад даты першага ўспаміну пра Астравец і да знакамітых ураджэнцаў гэтых мясцін, падарыў, прыпаднёс на сподачку з блакітным беражком менавіта Адам Мальдзіс.
І супрацоўнікі «Астравецкай праўды» заўсёды з удзячнасцю памятаюць, што сапраўдную дату стварэння нашай газеты, як і першыя яе нумары, таксама адшукаў наш слынны зямляк.
На старонках «раёнкі» былі надрукаваны і першыя раздзелы кнігі Адама Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі…» (аўтар, дарэчы, хацеў назваць яе «І Астравец – свету не канец»). Але нават асцярожныя крытычныя заўвагі, выказаныя там, нават псіхалагічныя назіранні выклікалі пярэпалах у кіруючых колах раёна – гэта была ўжо не тая беркутаўская газета канца 40-х, дзе старшакласнік мог крытыкаваць старшыню калгаса. Публікацыю ўрыўкаў прыпынілі. І ў кніжным варыянце былі зроблены вялікія купюры. Таму Адам Восіпавіч заўсёды крытычна ставіўся да гэтай кнігі і прапаноў перавыдаць яе, гаварыў, што пасля ўнесеных правак «Астравеччына…» страціла сваю публіцыстычнасць і мае гістарычна-пазнавальнае значэнне пераважна для жыхароў раёна. Хоць – сведчу ад імя шматлікіх чытачоў! – для саміх жыхароў яна па-ранейшаму застаецца мастацкім правобразам раённай кнігі «Памяць».
Мальдзіс марыў напісаць новую кнігу пра родны край: «Вось перадам іншым, маладзейшым ды жвавейшым, усе свае мінскія «вазы», вярнуся ў Палушы ў «хату дзеда Караля» і буду зноўку вандраваць кругамі па наваколлі. Ды збіраць музейчык, нейкія паперыны ў каморы. Можа, і назбіраецца з таго новая «Астравеччына...», – пісаў Адам Восіпавіч у 2001 годзе. І дадаваў: «Хоць надзеі на гэта ўсё меней і меней, бо час бяжыць, паскараючыся і сціскаючыся, усё жвавей і жвавей»…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.