Юрый Мажэйка – пра калгасы, пра жніво, пра сябе
09:35 / 29.07.2021
Сюды ж завітаў і журналіст, каб падчас кароткага абедзеннага перапынку пагаварыць «за жыццё» з адным з вопытных камбайнераў Юрыем Мажэйкам.
– Калі не памыляюся, гэта маё дзявятае жніво. Ці восьмае?..
Першыя гады радаснае хваляванне ахоплівала, як на поле выязджаў, сэрца замірала. А цяпер прывык. Работа як работа. Так, безумоўна, важная, адказная, напружаная – але не больш і не менш, чым любая іншая. Я, да прыкладу, з ранняй вясны і да позняй восені ўношу «мінералку» – як снег сыдзе, чапляю «лейку» – і не адчапляю, пакуль не прыйдзе час на камбайн садзіцца. А завершыцца жніво – ізноў на падкормцы. У садзе яшчэ часам дапамагаю, зімой салому падвожу. Усе работы патрэбныя. Паспрабуй не падкармі травы ці тыя ж збожжавыя – многа накосіш ці намалоціш? Зямлю, як і жывёлу, накарміць трэба, перш чым «даіць».
А ўвогуле я ў сельскай гаспадарцы з 1993 года. Пасля арміі 3 гады па кантракце служыў пагранічнікам. Не маё… Вярнуўся дамоў, тады яшчэ ў «Полацкі тракт», пайшоў на трактар. У той час у калгасе зарабіць можна было больш чым дзе. Няма таго, што раньш было… Але не ва ўсіх – у Малях, кажуць, добра атрымліваюць… А тады старшыня Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі домік нам выдзеліў. Жывём! Трох дачок з жонкай нарадзілі, дзве ўжо дарослыя, малодшая яшчэ школьніца.
Камбайнерам мяне Уладзіслаў Эдвардавіч Рук зрабіў, калі варонскі калгас да «Варнян» далучылі. У яго ўсё проста было: падвёў да старэнькай «Мегі», кажа: «Ну вось твой камбайн, працуй. Рашэнне не абмяркоўваецца!»
Камбайн мой першы сам па сабе неблагі быў, але ж да мяне 8 гаспадароў на ім памянялася. І я яшчэ 2 гады на ім працаваў, потым спісалі. А мне вось гэты, гомельскі КЗС-1218, далі. Неблагая машына. Працуе спраўна – цьфу-цьфу, каб не сурочыць. Патрэбныя запчасткі купілі. Падрыхтавалі да жніва, лічу, нармальна.
Памочнік у мяне харошы – Андрэй Стэх. Пляменнік! Мы з ім ужо колькі гадоў разам, толькі калі ён у арміі служыў, іншага браў. Хлопец Навагрудскі каледж закончыў, намеснікам брыгадзіра працуе, а на час жніва ў слесары пераводзіцца і да мяне ў экіпаж прыходзіць. Надзейны памочнік камбайнера – вялікая справа. Кожны раз браць новага – гэта зноў і зноў вучыць, прыстасоўвацца. А мы з Андрэем адзін аднаго з паўслова разумеем, а то і ўвогуле без слоў: кіўну ці пальцам пакажу, каб матор не перакрыкваць, – і ён ведае, што трэба зрабіць. Калі, бывае, затрымаюся, ён і заправіць камбайн, і агледзіць. Малайчына хлопец, старанны. Вось толькі не жэніцца. Дваццаць пяць стукнула, а ён усё – малады, рана яшчэ…
Пра ўраджай загадваць пакуль рана – толькі выйшлі на ячмень. А пра намалот – тым больш: вынік не толькі ад нашай працы залежыць, а найперш – ад ураджаю. Калі не вырасла, то і не намалоціш.
Многія здзіўляюцца, што я столькі гадоў у калгасе. Прывык… Была магчымасць і ў мяне, і ў Андрэя пайсці на іншую работу. А тут хто працаваць будзе, калі ўсе на «атамку» рынуцца? Ды і кім мяне туды возьмуць? Рознарабочым? Не, я лепей тут, на полі, на камбайне… Некаму ж трэба і хлеб сеяць ды ўбіраць.
Цяжка, канешне, летам без выхадных. Асабліва Андрэю: маладым жа цёплым летнім днём хочацца з сябрамі на прыроду выехаць, патусавацца, як яны кажуць. Але што зробіш – такая ў нас работа. Зрэшты, як пільная патрэба, то дырэктар адпускае. Ведае, што, калі трэба, то я і дзве нормы зраблю…
Вядома, наша гаспадарка цяпер не лепшыя часы перажывае. Дапамогі няма, падтрымка магла б быць і большай, а камандзіраў ды кантралёраў – хоць адбаўляй… Але, я лічу, калгасы ў любым выпадку будуць, як ты іх ні назаві. Як не стане калгасаў, то не будзе і Беларусі – хто народ карміць будзе? Так што на мой век работы хопіць.
Кажуць: добра там, дзе нас няма. А я лічу: добра там, дзе мы ёсць. Трэба толькі працаваць. Тады ўсё будзе – і хлеб, і да хлеба.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.