Пра “Астравецкую праўду” мінулага і яе месцы ў сваім жыцці расказалі ўдзельнікі клуба “Актыўнае даўгалецце”

13:18 / 08.07.2021
Адно з пасяджэнняў ўдзельнікі клуба «Актыўнае даўгалецце» прысвяцілі 80-годдзю «Астравецкай праўды». Невыпадкова: раённая газета штодзённа занатоўвае гісторыю нашага краю – і ўдзельніцы клуба, жанчыны з багатым жыццёвым вопытам, таксама нясуць у памяці асабістыя часцінкі гэтай агульнай гісторыі. 
На сустрэчу актыўныя пенсіянеры запрасілі былога галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды» Ніну Рыбік. А «званая госця» прыйшла са сваімі пытаннямі: яна рыхтуе кнігу па гісторыі «Астравецкай праўды» і імкнецца даведацца як мага больш пра тых, хто працаваў у рэдакцыі раней.
У выніку атрымалася зацікаўленая размова пра колішнюю і сучасную газету.

IMG_6069.jpg

У імправізаваным конкурсе на самага даўняга чытача, з якога пачалася размова, перамагла Марыя Іванаўна Дземяшкевіч – Марыйка Тухта з хутара Пекла стала чытаць  «Сталінскую праўду», яшчэ школьніцай, прыкладна ў годзе 55-м, яе выпісвалі бацькі дзяўчынкі.

IMG_6046.jpg

З раённай газетай звязаны і амаль што анекдатычны выпадак з яе жыцця – хоць тады смешным ён не падаўся. Былая аднакласніца Клава Барзеева, якая спачатку супрацоўнічала з рэдакцыяй, а затым працавала тут, рыхтавала артыкул аб тым, куды збіраюцца ісці пасля школы выпускнікі. Трэба было прапагандаваць сельскагаспадарчыя прафесіі – вось і напісала Клава, што Марыя Тухта пойдзе ў калгас даяркай.
– Цяпер смешна – а тады пабіць яе хацелася, – успамінае Марыя Іванаўна. – Я ж пра медыцыну марыла! Пасля школы стала праца­ваць санітаркай у баль­ніцы, каб стаж зарабіць. Як мне падабалася назіраць за работай хірурга Цёплага! Любіла глядзець, як ускрываюць целы нябожчыкаў – ніколькі не баялася. Але калі трэба было ехаць здаваць экзамены, мама сказала: «Няма грошай цябе вучыць». Пайшла  сакратаром у народны суд… Ды Расціслаў Арсенцьевіч Герт «сасва­таў» мяне з педагогікай… Так і аддала школе 35 гадоў жыцця.

З 1957 года, як прыехала ў Астравец працаваць выха­валь­ніцай дзіцячага садка, чытае «Астравецкую праўду» Любоў Аляксееўна Падалянчык – яна памятае «раёнку» яшчэ двухпалоснай, асабіста ведала многіх яе супрацоўнікаў. 

IMG_6062.jpg

– Газета ў садок прыходзіла – ён тады адзін у Астраўцы быў. А каб асабіста выпісаць, трэба было паштальёнку Кацю Галанаву прасіць… Калі знаходзілі артыкул пра некага знаёмага – усе чыталі, абмяркоўвалі. Хоць пра садкі тады «раёнка» амаль не пісала, усё больш пра сельскую гаспадарку. Але вострая была: крытыкавала шмат, не зважаючы на пасады. Фельетоны друкаваліся. Чакалі газету з нецярплівасцю.
– І цяпер «Астравецкая» вельмі ціка­вая, – працягвае Лю­боў Аляксееўна. – Журна­лісты таленавітыя тут працуюць: Гану­ліч, Мацкевіч, Фёдарава, Рыбік, Сямё­нава. Пра наш клуб часта пішуць, пра бібліятэку. Асабліва люблю чытаць пра вандроўкі! За мяжой ніколі не была, а пачытаеш – нібыта сама па той Швецыі ці Італіі пагуляла! Падарожнічайце, пішыце, знаёмце нас са светам!

Амаль такі ж, як у Любові Аляксееўны, стаж у чытачкі, сяб­роў­­кі  і актыўнага няштатнага аўтара «Астравецкай праўды» Марыі Паўлаўны Леановіч.

IMG_6057.jpg

– У нас вельмі харо­шая газета. І шэсць Залатых Лі­цер, што яна атры­мала, – лепшае таму пацвярджэнне. «Аст­ра­вецкая праў­да» перамагла, калі не памыляюся, у сё­мым, дванаццатым, пятнаццатым, шаснаццатым, сямнац­цатым і васямнаццатым Нацыянальных конкурсах друкаваных СМІ, – уражвае Марыя Паўлаўна памяццю і дасведчанасцю. – Гэта калі не лічыць асабістых перамог жур­налістаў. І кожнай з іх я радуюся, як сваёй асабістай! Зрэшты, астраўчане малайцы: нашы спартсмены, школьнікі, артысты, кандытары – у кожным спаборніцтве яны калі не пераможцы, то ў ліку прызёраў. І пра ўсё гэта паведамляе «Астравецкая праўда»!
Марыя Паўлаўна прызнаецца, што чы­тае «раёнку» з алоўкам, да асабліва ціка­вых артыкулаў вяртаецца па некалькі разоў, калі трапляецца незразумелае слова, шукае ў слоўніках яго тлумачэнне.
– Адно што пра сельскую гаспадарку чытаць не люблю – грэшная, каюся, – прызнаецца ветэран педагагічнай працы. – Толькі загалоўкі вачыма прабягаю. Не таму, што напісаны дрэнна: я не ведаю людзей, якія там працуюць, і мне нецікава…
– Удзячна ўсім работнікам рэдакцыі, што робяць газету. «Астравецкая праўда» – гэта маё жыццё. Калі застаешся адзін, ды яшчэ ў сённяшніх каронавірусных умовах з абмежаванымі стасункамі, то «раёнка» – практычна адзіная аддушына, сувязь са светам, – гаворыць Марыя Паўлаўна.

Алена Аляксандраўна Качан расказала, што яе з «Астравецкай праўдай» пазнаёміў настаўнік Міхалішкаўскай школы, актыўны няштатны аўтар раённай газеты Кляцоўскі.

IMG_6058.jpg

– Я, маладая медсястра, у 1977 годзе прыехала працаваць у Міхалішкі, жыла ў суседстве з Міхаілам Андрэевічам. Здавалася б, што ў нас магло быць агульнага: я – зялёнае дзяўчо, ён – ветэран вайны, паважаны настаўнік. А падружыла нас раённая газета: Міхаіл Андрэевіч, які часта друкаваўся на яе старонках, прыходзіў да мяне абмеркаваць той ці іншы артыкул, расказаць нешта цікавае, параіць пачытаць… Так паступова яго газета стала і маёй на ўсё жыццё. Дарэчы, спрабавала чытаць яе ў электронным выглядзе – не тое. Мне трэба ў рукі ўзяць, разгарнуць, пах фарбы адчуць…
Хоць і ў жыцці Алены Аляксандраўны быў кур’ёзны выпадак, звязаны з газетай. 
– Неяк прыходжу на работу, а калегі пытаюць: «Мужа ў газеце бачыла? Пазнала?» А я і газету, здаецца, глядзела – а Васю свайго не прызнала: якасць фотаздымкаў тады была такая, што гэта было не дзіўна…

– Раней шмат газет выпісвалі. Цяпер з-за вядомых прычын адна засталася, асноўная – «Астравецкая праўда», – гаворыць Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч.

IMG_6053.jpg

– Ды і няма асаблівай патрэбы: «раёнка» раска­жа не толькі мясцовыя навіны, але і дзе што ў свеце дзеецца. Хоць увогуле чытаць газету пачынаю з апошняй старонкі – цікаўлюся, хто што прадае ці купіць хоча. І хоць сама нічога прадаць не ўмею, не надта і купляю – а аб’явы праглядваю з цікавасцю, – расказвае жанчына пад смех сябровак. – А далей усе матэрыялы чытаю. Цікавая газета. Жыццё без яе ўявіць немагчыма. Нават анекдоты харошыя! І цытата дня. Шкада толькі, што знікла рубрыка аб тым, хто нарадзіўся і хто памёр, – яна была вельмі важнай, асабліва для нас, немаладых ужо людзей, ды яшчэ ў сённяшніх умовах. Раней толькі з газеты і даведваўся, што ў некага са знаёмых ці сяброў гора, што трэба дапамагчы ці хоць бы слова спачування выказаць. А цяпер хіба сарока на хвасце такія навіны прыносіць – а ёй веры няма…  

У Таісы Сямёнаўны Сямёнавай адно­сіны да «Астравецкай праўды» асаб­лівыя: раённай газеце аддадзена 23 гады жыцця.

IMG_6091.jpg

– Шмат часу мінула, а калі паспрабаваць успом­ніць, які дзень быў самым важным, дарагім, памятным, то і не скажаш, – прызнаецца ветэран журналістыкі. – Помніцца большасць герояў, тага­час­ная рэдакцыя – вялізныя вокны, якія ніколі не адчыняліся, халодныя кабінеты, грукат друкавальных машын за сцяной. Тады гэты грукат перашкаджаў, раздражняў, а цяпер яго так не хапае… Любіла зайсці ў друкарню, да дзяўчат, перакінуцца слоўцам, паназіраць, як Марыя Кувалдзіна спрытна набірае загалоўкі па літарцы, вярстае газетныя старонкі. Кожны дзень, людзі, якія сустракаліся на жыццёвым шляху, дарогі, краявіды помняцца дабром. Я ўдзячна лёсу, што трапіла ў Астравец. Гады, што пражыла тут, прамільгнулі як адзін дзень… І сённяшні калектыў рэдакцыі – гэта мае сябры, мая сям’я. Кожная іх перамога – гэта мая радасць, мой гонар! 

– Журналісты – людзі асаб­лівыя, – пераканана Данута Фран­цаўна Чарнушэвіч. – Яны ўсё бачаць, усё ўспрымаюць па-свойму. – Я часта думаю: што Астравецкі раён ведаў бы пра сваю гісторыю, калі б не «Астравецкая праўда»? Ці змаглі б мы выдаць кнігу «Памяць» – і якой яна была б? І сёння – столькі каштоўнага матэрыялу пра мінулае Астравеччыны змяшчаецца на старонках газеты – пра гісторыю вёсак, многіх з якіх ужо няма на карце, пра людзей. «Гісторыя газетным радком» – колькі водгукаў на кожны выпуск гэтай падборкі, колькі ўспамінаў…

IMG_6100.jpg

– Але адзін у полі не воін, – пераканана Данута Францаўна. – У нас у раёне няма месца, дзе б канцэнтраваліся, збіраліся гістарычныя звесткі. Варта было б стварыць нешта накшталт гістарычнага клуба, дзе людзі старэйшага пакалення дзяліліся б успамінамі, расказвалі, што ведаюць. Бо прыйдзе час – і не будзе каму расказваць… 
З Данутай Францаўнай пагадзіліся ўсе. І кінуліся ва ўспа­мі­ны, найперш, у адпаведнасці з тэмай пасяджэння, – пра раённую газету, яе супрацоўнікаў. Прыгадалі шмат прозвішчаў, падказалі, дзе шукаць былых работнікаў, – звесткам тым няма цаны. І, думаецца, святочна-рабочае пасяджэнне «Актыўнага даўгалецця» стала прыемным і карысным для ўсіх.


Ад рэдакцыі:  у чарговы раз звяртаемся за дапамогай да нашых чытачоў. Напачатку 50-х гадоў адказнымі сакратарамі раённай газеты пэўны час з’яўляліся М. Карпенка, Мікалай Савіч, напрыканцы гэтага дзесяцігоддзя ў калектыве працавалі Ірына Палер, Валянціна Налівайка, Іван Граблеўскі, Васіль Шкаеў. Магчыма, нехта ведаў гэтых людзей, можа расказаць падрабязнасці іх жыцця ці падказаць кантакты тых, у каго можна распытаць. Будзем удзячны за любую інфармацыю.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик