Шлях у вялікую журналістыку Пётр Суткаленка пачынаў у Астраўцы

13:38 / 05.07.2021
Доўгі час мы ведалі пра былога рэдактара нашай газеты Пятра Суткаленку толькі тое, што маглі знайсці на старонках «Сталінскай праўды», прачытаць між радкамі яго магчымых публікацый ды ў скупых архіўных звестках. Але дзякуючы дапамозе калег – былым супрацоўнікам «Астравецкай праўды» Святлане Мурынай, стваральніцы музея «Гродзенскай праўды», і Іне Дужык,  адказнаму сакратару абласной газеты, удалося адшукаць новыя звесткі пра Пятра Суткаленку. А журналіст Леанід Юнчык, які доўгі час працаваў у газеце «Рэспубліка» з зяцем Пят­ра Андрэевіча Аляксанд­рам Акулікам, дапамог адшукаць дачку Суткаленкі Валянціну Пятроўну і яго ўнучку Марыю Аляксандраўну Маісееву-Акулік, якія жывуць у Мінску. 

20210522_114440.jpg

Дзякуючы ім, мы даведаліся, што Пётр Андрэевіч Суткаленка нарадзіўся 28 жніўня 1922 года ў вёсцы Падгалле Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Да вайны паспеў не толькі закончыць педагагічны тэхнікум і папрацаваць настаўнікам, але і стварыць сям’ю. Жонка яго, Марыя Якаўлеўна, таксама настаўніца, была родам з суседняй вёскі. Калі пачалася вайна, у Суткаленкаў ужо была дачушка Роза.
З першых дзён вайны Пётр Анд­рэевіч адправіўся на фронт – і прайшоў яе доўгія вёрсты пехацінцам да апошняга дня. Неаднойчы быў паранены. Адзна­чаны медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і шэрагам іншых дзяржаўных узнагарод. 
Жонка і дачушка таксама вытрымалі нямала выпра­баван­няў: хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лес да партызанаў, пера­жылі там голад, холад, смяротную небяспеку. 
Лёс быў літасцівы да Пятра і Марыі Суткаленкаў: яны ацалелі ў вайну, сям’я ўз’ядналася пасля Перамогі. Пятра Андрэевіча накіравалі ў Астравец – як было запісана ў камандзіровачным пасведчанні, «Для аднаўлення савецкай улады». Верагодна, гэта адбылося ў 1947 годзе – з таго часу на старонках «Сталінскай праўды» сталі з’яўляцца першыя публікацыі П. Суткаленкі. Хоць працаваў ён спачатку ў райкаме партыі. Яшчэ адно ўскоснае па­цвярджэнне таму: дачка Валя нарадзілася ў Суткаленкаў у 1947 годзе ў Аст­раў­цы.

21.jpg

Пётр Андрэевіч, Марыя Якаўлеўна, Роза і Валянціна ў Астраўцы


А ў 1948 годзе Пятра Адрэе­віча прызначылі адказным рэдактарам газеты. Пад яго кіраў­ніцтвам «Сталінская праўда» зрабіла прыкметныя крокі наперад: у гэты час у газеце сталі з’яўляцца каляровыя загалоўкі, упершыню была надрукавана серыя фотаздымкаў лепшых працаўнікоў раёна. 
Пётр Андрэевіч быў не толькі ініцыятыўным, энергічным кі­раў­­ніком, генератарам ідэй – пра гэта ўспамінаюць тыя, хто працаваў з ім у больш познія часы, але і цудоўным жур­на­лістам. І хоць тады рэдак­тар, як правіла, не пад­пісваў свае матэрыялы ўласным проз­вішчам, а псеў­дані­мам ці ўвогуле яны друка­ва­лі­ся ананімна, адметны стыль Сутка­ленкі ўгад­ваецца ў многіх публі­кацыях. 
Да прыкладу, у №45 за 5 чэрвеня 1949 года ў артыкуле «Бу­дзем надзеяцца…» невядомы аўтар за подпісам «Рэдакцыя» ў пух і прах разбівае старшыню Варнянскага сельсавета Мажэйку, паддаючы «перчыку» з’едлівай сатырай. «Вы пішаце, што Мажэйка сістэматычна п’янствуе. Не, гэта не так. Калі сёння ён выпівае літр, а заўтра – два, калі сёння ён напіваецца раніцай, а заўтра – вечарам, дык якая ж тут сістэма? Гэта ўжо не сістэма, а бессістэмнае, сплашное п’янства» – іранізуе журналіст.
Пасляваеннае жыццё ў Аст­раўцы было неспакойным: у За­ходняй Беларусі гаспадарылі бандыты – Марыя Якаўлеўна кожны раз праводзіла мужа ў каман­дзіроўку, як на вайну, – не магла супакоіцца да таго часу, пакуль не вернецца. Дарэчы, яна таксама працавала ў рэдак­цыі «Сталінскай праўды» – друкаром. 

20210522_114024.jpg

Калектыў рэдакцыі «Сталінскай праўды», 1949 год. 

Сядзяць: крайні злева рэдактар Пётр Суткаленка, побач яго жонка Марыя, крайні справа, хутчэй за ўсё, – адказны сакратар Яўген Барысёнак. 

Стаяць: крайні злева Іван Странчанка, трэцяя злева Ганна Леановіч, чацвёртая злева Нэлі Казакевіч, крайняя справа Людміла Пелюхава.


У 1950 годзе Суткаленка па­ступіў у Вышэйшую партыйную школу ў Мінску і пакінуў Астравец.
З матэрыялаў выдадзенай у 2020 годзе кнігі «В объективе времени. Журналистика Гродненщины» мы даведаліся, што ў сярэдзіне 50-х Пётр Андрэевіч працаваў адказным рэдактарам гродзенскай раённай газеты «За Советскую Родину» – захавалася нават яго пасведчанне.
Пра тое, з-за чаго Пётр Андрэевіч пакінуў пасаду адказнага рэдактара гродзенскай «раёнкі», у кнізе Алены Берасневай «В печать!» расказвае са слоў былога рэдактара «Гродзенскай праўды» Андрэя Коласа выбітны журна­ліст свайго часу Аляксандр Акулік.
У тыя гады адказныя рэдактары былі членамі бюро райкама партыі. Здарылася трагічная сітуацыя, у якой быў замешаны першы сакратар райкама. Абкам абышоўся з партыйным кіраўніком крута, пакараў па ўсёй строгасці – а члены бюро палічылі пакаранне занад­та жорсткім і паспрабавалі аба­раніць свайго кіраўніка ў Маскве, напісалі ліст у ЦК КПСС. Гэта «вальнадумства» дорага каштавала «пад­пісан­там» таго звароту: яны атрымалі партыйныя спагнанні. А Пят­ра Сут­ка­ленку, як завадатара, знялі з работы і перавялі ў «Гродзен­скую праўду» радавым літа­ра­турным работнікам – літ­ра­бам як жартам называлі такую пасаду журналісты. Гэты ўчы­нак характарызуе Пятра Анд­рэевіча як чалавека смелага, бескампраміснага, сумленнага.
Характарыстыку дапаў­няе ўсё той жа Аляксандр Аку­лік, расказваючы пра першую сустрэчу з будучым цесцем, якога ён называе сваім добрым геніем. Ён, студэнт факультэта журналістыкі, прыехаў на практыку ў «Гродзенскую праўду». «Заходжу ў сельгасаддзел, а насустрач моцны такі мужык у ваеннай гімнасцёрцы сталінскага пакрою, галіфэ і хромавых ботах. Працягвае руку: «Пеця». Я сумеўся: неяк не па ўзросце, субардынацыя ўсё ж такі. А ён тлумачыць: «Ты – «літраб», я – «літраб», так што давай на роўных», – успамінае Аляксандр Канстанцінавіч.
Дачка Пятра Андрэевіча Суткаленкі Валянціна часта заходзіла да бацькі на работу – там і пазнаёмілася з яго маладым калегам, прыгажуном і разумні­­кам Аляксандрам Акулікам.  І хоць Валян­ціна Пятроўна стала ўра­­чом-хірургам, кандыдатам меды­цынскіх навук, дзяку­ю­чы Аляк­сандру Канстан­цінавічу, журналісцкая ды­нас­тыя Сут­ка­ленкаў-Акулі­каў не пера­пы­нілася: унучка Пят­ра Анд­рэевіча Марыя Маі­се­ева-Аку­лік закончыла фа­­­ку­ль­тэт журналістыкі Бел­­дзярж­­­­­­уні­версітэта і цяпер там пра­­цуе.
Пётр Андрэевіч нядоўга быў «літрабам»: неўзабаве ён узначаліў аддзел сельскай гас­па­­­даркі абласной газеты, а затым яго прызначылі на­мес­нікам галоўнага рэдактара. З леген­дарнымі рэдактарам «Гро­дзенскай праўды» Георгіем Лысовым і яго намеснікам Андрэем Коласам яны на ўсё жыццё засталіся добрымі сябрамі.
Пасля Гродна Пётр Суткаленка пераехаў у Мінск. Дваццаць гадоў, да выхаду на пенсію, ён працаваў загадчыкам аддзела партыйнага жыцця ў газеце «Советская Белоруссия». Быў выбітным публіцыстам свайго часу, часта друкаваўся ў газеце «Правда», на яго артыкулах вучылі студэнтаў журфака.  За працу ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». У 1982 годзе яму прысвоена званне «Заслу­жаны работнік культуры рэспублікі». 
– Бацька быў вельмі добрым, прыстойным, абавязковым чалавекам, заўсёды абараняў людзей, падтрымліваў іх, – успамінае Валянціна Пятроў­на. – Калі што абяцаў – абавязкова выконваў. З мамай яны пражылі, што называецца, душа ў душу: ён быў каханым і любячым мужам, бацькам, дзедам. А яшчэ заўзятым грыбніком і, калі выйшаў на пенсію, узорным дачнікам, усё ў іх з мамай было ў парадку, па толку…
Пётр Андрэевіч Суткаленка памёр у 2001 годзе. Пахаваны, як і Мікалай Беркутаў, на Паўночных могілках у Мінску. Здарылася гэта якраз у год 60-годдзя «Астравецкай праўды» – на жаль, тады, шукаючы былых супрацоўнікаў газеты, не змаглі знайсці яго слядоў. Але лепш пазней, чым ніколі… Мы бязмерна рады, што імя аднаго з пасляваенных рэдактараў зойме пачэснае месца ў летапісе «Астравецкай праўды».




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик