Праз гады і газетныя старонкі: лёсы безымянных герояў

09:27 / 04.07.2021

IMG_7537.jpg

"Помнік безыменным" – пад такой назвай у нумары за 9 мая 1965 года ў «Астравецкай праўдзе» змешчаны артыкул Яўгена Кулакова. Размова ў ім ішла пра абеліск, уста­ноўлены на брацкай магіле ў пасёлку Гудагай. Тут, на ўскрайку вёскі, у 1942 годзе размяшчаўся лагер ваеннапалонных. Пра яго ўспамінае герой артыкула – майстар Чарняўскі, які займаўся добраўпарадкаваннем пастамента:

«Было гэта летам 1942-га. Немцы і іх прыхвасні-паліцаі лавілі па вёсках моладзь і прыганялі на станцыю Гудагай на работу. Рамантавалі чыгунку. Неяк раніцай прыйшоў таварны эшалон. Па баках вагонаў – немцы з аўчаркамі. Расчынілі дзверы і пачалі выганяць адтуль людзей. Гэта былі нашы палонныя салдаты. У парваных шынялях, гімнасцёрках, знясіленыя, збітыя. Многія ледзь рухаліся. Дапамагалі адзін аднаму. Відаць, шмат пакут перанеслі яны. У тых, хто працаваў бліжэй, прасілі кавалачак хлеба. Ды перадаць не было як, быў моцны канвой». (Заўв. аўт.: тут і далей арфаграфія, пунктуацыя і стыль захаваны.)
Размясцілі палонных у будынку школы. Падысці да яго староннія людзі не маглі – ён быў абнесены ў некалькі радоў калючай агароджай, наўкола выкапаны доты-бункеры, стаялі вартавыя. Што рабілася за агароджай – наўрад ці хто раскажа сёння. Вядома, што немцы марылі палонных голадам, прымушалі рабіць непасільную працу, моцна здзекваліся. Фашысты пагражалі расстрэлам кожнаму, хто спрабаваў падысці да лагера ваеннапалонных. Але людзі, нягледзячы на гэта, дапамагалі хто чым мог.
«Даводзілася бачыць, як знясіленыя голадам і празмернай работай, падалі людзі, а вартавыя здзекваліся над імі: білі палкамі, ботамі, прыкладамі, прымушалі ўста­ваць. Многія тут жа памі­ралі. Вось тут каля дарогі і вырасла магіла. Агнём і жалезам стараліся фашысты скарыць савецкага чалавека, але ім гэта не ўдалося. Як шкада, што мы не ведаем імёны тых, хто быў за калючай агароджай таго лагера, хто застаўся ў брацкай магіле. Але людская памяць іх ніколі не забудзе…» – гаварыў герой таго артыкула 1965 года.
Зрэшты, так і атрымалася. Па ўспамінах старажылаў і звестках, што захоўваюцца ў школьным музеі «Зямля Гуда­гайская: матэрыяльнае і духоўнае» памяць пра савецкіх воінаў, якія знайшлі тут апошні спачын, увекавечана ў 1954 годзе. Тады на месцы воінскіх пахаванняў устанавілі невялікі драўляны помнік. У 1975 годзе ён быў рэканструяваны. А ў 2019-м помнік набыў сучасны выгляд, тэрыторыю вакол яго добраўпарадкавалі.
Таблічку на абеліску з нане­сенымі на ёй трынаццацю проз­вішчамі салдат і афіцэраў, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызвалені раёна, я помню са школьных гадоў. На той час мы таксама ведалі, што тут пахаваны савецкія ваеннапалонныя, якія загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры «Шталаг 342». Але колькі іх і хто ляжыць у магіле, маглі толькі здагадвацца, слухаючы ўспаміны старэйшых жыхароў пасёлка.

IMG_8587.jpg

Пазней, калі з’явіліся ў дос­тупе архіўныя звесткі, адкрыліся некаторыя про­з­вішчы і імёны ваеннапалонных. Першыя агучыў былы настаўнік Міхалішкаўскай школы Ігар Усціменка, пазней да пошукаў далучылася жыхарка Украіны Ніна Гербутава – тут пахаваны яе дзядзька. Усяго ж намаганнямі неабыякавых людзей сёння вядома і нанесена на помнік 70 імёнаў раней безыменных салдат. Усяго ж па архіўных звестках у гэтым месцы знайшлі апошні супачын каля 200 ваеннапалонных.
Пасля таго, як былі адкрыты новыя імёны, тагачасны кіраўнік школьнага музея Марыя Васілёнак са сваімі выха­ванцамі напісалі лісты ў розныя куткі былога Савецкага Саюза і адправілі іх па адрасах, якія былі ўказаны ў картках ваеннапалонных.
І цуда: першыя нашчадкі вязняў філіяла канцэнтрацыйнага лагера «Шталаг 342» прыехалі ў пасёлак – на спатканне з дзядамі, прадзедамі, дзядзькамі, тымі, хто ваяваў за свабоду і мір і загінуў героем!

IMG_0767.jpg

Селіверст Гербутаў, Андрэй Бяскроўны, Іван Зімін, Іван Конанаў, Гаўрыіл Каваленка, Андрэй Панфіленка, Аляксей Кісляк... – сёння за імёнамі і прозвішчамі раней безыменных салдат стаяць лёсы герояў Вялікай Айчыннай вайны, а памяць пра іх жыве не толькі ў іх сем’ях, але і ў школьным музеі і сэрцах тых, хто сёння, дзякуючы ім, мае магчымасць жыць у мірнай краіне. І гэтая памяць, упэўнена,  будзе жыць, як і сцвярджаў у далёкім 1965 го­дзе майстар Чарняўскі, бо такое не забываецца…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич