Дынастыя арганістаў Тэрмёнаў бярэ пачатак з Астравеччыны
10:12 / 16.06.2021
І пры гэтым мала хто ведае, што пачатак разгалінаваная дынастыя арганістаў Тэрмёнаў бярэ з Клюшчанаў. Ды і арган у астравецкім касцёле Святых Космы і Даміяна ведаў дотык таленавітых рук не аднаго яе прадстаўніка.
Хор парафіі Клюшчаны. Фэст да дня св. Яўхіма, 1936 г.
Стаяць: А. Аўлас, В. Валуевіч, С. Лосюўна, Владзя Бернардовічуўна, Л. Лосюўна, К. Трыбоцкая, Анця з Лакцян, Бронця з Лакцян, Тэрмён; сядзяць: Фр. Аўласова, арганіст В.Тэрмён, ксёндз-пробашч Іванчык, Субач – арганіст з Быстрыцы, К. Пілімон; дзеці: Бэрнась Тэрмён, Пётрусь Тэрмён.
Цяжка сказаць, адкуль паходзіць незвычайнае прозвішча беларускіх арганістаў. Цалкам верагодна, што пачатак роду даў нехта з французскіх жаўнераў, які застаўся ў Клюшчанах пасля вайны 1812 года. Але ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую версію не бяруцца і самі нашчадкі.
Дакладна можна сказаць, што ў кнізе Клюшчанскага касцёла за 1909 год пазначаны Іосіф Фомавіч Тэрміон (запісана менавіта так – хоць «пісарчукі» часта незвычайнае прозвішча «трансфармавалі» ў адпаведнасці са сваім веданнем правілаў граматыкі і разуменнем таго, як правільна, – з-за гэтага цяпер многія блізкія родзічы носяць розныя прозвішчы). Касцёльныя запісы сведчаць, што ў 60-гадовага Іосіфа Фомавіча была жонка Марыяна, прыроджаная Варнело, 48 гадоў, сыны Вікенцій, 22 гадоў, і Леанард, 18 гадоў, 21-гадовая дачка Браніслава замужам за ваенным Іванам Карэйвам – яны мелі гадавалую дачку Марыяну.
Менавіта сыны далі пачатак дынастыі арганістаў Тэрмёнаў.
Вікенцій, ці Вінцэнт, як сведчыць кніга «Арганы Беларусі», дзе астравецкаму касцёлу Святых Космы і Даміяна і дынастыі арганістаў Тэрмёнаў прысвечана некалькі старонак, скончыў перад вайной школу арганістаў у Вільні. Быў размеркаваны ў Навагрудак, але неўзабаве вярнуўся ў Клюшчаны. Там працаваў арганістам падчас службы легендарнага ксяндза Адама Вайцяхоўскага і вучыў вясковых дзяцей музыцы. Пасля вайны Вінцэнт пераехаў у Вільню, дзе шмат гадоў быў арганістам у касцёле на Кальварыі.
Сын Вінцэнта Пётр таксама стаў арганістам. Напачатку ён іграў у розных касцёлах Беларусі, а з 1961 года працаваў арганістам у віленскай Вострай Браме. Расказваў, як цяжка і доўга вучыў літоўскую мову – усе словы здаваліся яму адной доўгай ніткай. Але аднойчы цудоўным чынам усё праяснілася: чужая мова раптам стала простай і сваёй. Пётр жыў пры Вострай Браме ў вельмі сціплай кватэры, амаль што ў аскетычных умовах – але яго ўсё задавальняла!
Прадоўжыў бацькаву справу і сын Пятра Бярнард, толькі выбраў крыху іншую дарогу. Ён таксама пачынаў як арганіст, але з цягам часу стаў таленавітым арганным майстрам, атрымаў адпаведную ліцэнзію – у Літве толькі 2 чалавекі маюць падобны дакумент. Імя Бярнарда Тэрмёна сёння вядома ва ўсёй Еўропе, ён бывае паўсюль, дзе ёсць арганы і патрабуецца дапамога ў наладцы ці рамонце, у тым ліку і ў Беларусі.
Ад Леанарда пайшла другая галіна дынастыі арганістаў Тэрмёнаў. Прычым браты па-рознаму ідэнтыфікавалі сваю нацыянальную прыналежнасць: Пётр лічыў сябе палякам «ад крыві і косці», а Леанард, удзельнік «Хаўрусу сваякоў», створанага ксяндзом Канстанцінам Стаповічам, быў шчырым беларусам.
Леанард пэўны час іграў у Клюшчанах, а затым яго сям’я пераехала ў Астравец. Тут ён працаваў арганістам у касцёле Святых Космы і Даміяна і жыў непадалёк – яго дом захаваўся да гэтага часу.
З чатырох дзяцей Леанарда толькі дачка Люцыя не пайшла бацькавай сцежкай – стала настаўніцай. Другая дачка, Ферміна, працавала арганісткай у літоўскім Немянчыне. Брунон іграў на аргане ў гродзенскім Фарным касцёле, Зянон пачынаў у Клюшчанах, потым яго сям’я пэўны час жыла ў Астраўцы, а ў 1957 годзе пераехала ў Гродна, дзе Зянон Леанардавіч 40 гадоў працаваў арганістам Францысканскага касцёла. Да таго ж ён меў моцны голас – яго прыгожы тэнар ведалі ўсе вернікі горада. Арганіста гродзенцы вельмі паважалі: на вуліцы стрэчныя праз аднаго віталіся з ім і пачціва раскланьваліся.
Зянон Леанардавіч марыў, каб сын Брунон не проста прадоўжыў яго справу жыцця, а стаў першым у дынастыі арганістаў Тэрмёнаў музыкантам з прафесійнай адукацыяй. І Брунон Зянонавіч не проста апраўдаў бацькавы надзеі, а ўзняў сямейную справу на новую вышыню.
Нарадзіўся Брунон у Астраўцы. І хоць яшчэ малым пераехаў з бацькамі ў Гродна, з нашым горадам у яго звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Тут у доме Коўзанаў – першым і доўгі час адзіным цагляным жылым будынку райцэнтра, дзе цяпер знаходзіцца магазін «Ліра», – жыла яго бабуля, а на вуліцы Зарэчнай – цётка, маміна сястра. Тут са стрыечным братам Іванам Карпіцкім, для сяброў – проста Янушам, яны ладзілі свае дзіцячыя гульні і планавалі будучыню. Іх сяброўства працягвалася ўсё жыццё, хоць Іван – дарэчы, таксама музыкант, валтарніст, ён іграў у лепшых аркестрах Санкт-Пецярбурга – жыў у расійскай паўночнай сталіцы, а Брунон – на мяжы з Польшчай. У Астравец арганіст з Тэрмёнаў час ад часу прыязджаў – і тады ажываў інструмент у касцёле Святых Космы і Даміяна. Апошні раз ён спяваў і плакаў пад рукамі Брунона, на жаль, з сумнай нагоды, праводзячы ў апошні шлях брата і сябра Януша…
Брунон закончыў у Гродна адзіную на той час музычную школу, затым музычнае вучылішча, паступіў у кансерваторыю на фартэпіяннае аддзяленне. Там сустрэў жонку Валянціну, іх накіравалі на працу ў Ліду. А праз 9 гадоў сям’я вярнулася ў Гродна.
Брунон Зянонавіч ужо больш за 20 гадоў працуе загадчыкам фартэпіяннага аддзялення Гродзенскага музычнага каледжа. Але ўвесь гэты час жыццё яго непарыўна звязана з арганам. У спадчыну ад дзядзькі яму дасталася не толькі імя Брунон, але і гродзенскі Фарны касцёл, дзе арганіст 20 гадоў працягваў сямейную справу Тэрмёнаў. І хоць інструмент перажыў вялікія выпрабаванні і патрабуе рамонту, удалося арганізаваць міжнародны фестываль «Званы Фарнага касцёла» і запрасіць вядомых арганістаў з многіх краін свету.
Але расклад службаў у храме вельмі шчыльны, работа ў каледжы таксама вымагала часу і сіл – давялося выбіраць. Брунон Зянонавіч пакінуў Фару. Цяпер час ад часу ў нядзелю, калі гэты дзень выдаецца свабодным, ён выязджае ў адзін з прыгарадных касцёлаў, каб дакрануцца да клавішаў аргана – і адвесці душу…
Быў у біяграфіі Брунона незабыўны эпізод, калі цудоўным чынам пашчасціла іграць на аргане ў касцёле Святога Пятра ў Ватыкане. Тады дэлегацыя паломнікаў з Гродна адправілася ў Італію, каб паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах з нагоды юбілею Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.
– Мы наведалі многія гарады Італіі – у Венецыі, да прыкладу, іграў на аргане ў храме на плошчы Сан-Марка, – расказвае Брунон Зянонавіч. – А галоўныя падзеі адбываліся ў Ватыкане ў касцёле Святога Пятра. Служба была ўрачыстая, поўны храм людзей, біскупы, вышэйшае духавенства… Мяне ж, вядома, найбольш цікавіў арган – і я бачком-бачком праціснуўся да яго, ахова чамусьці не звярнула на мяне ўвагі ці палічыла за свайго. Гляджу: ля інструмента дзве манахіні, адна гаворыць па-польску: «Тут столькі біскупаў, я так хвалююся…» Другая адказвае нешта па-англійску. Я набраўся смеласці і прапанаваў: «Можна, я паіграю? Я ўмею…» І адыграў усю імшу. Задавальненне і ўражанне атрымаў неверагоднае!
…А фестываль арганнай музыкі ў Гродне не заглух – стараннямі яго арганізатара Брунона Тэрмёна ён перамясціўся пад дах музычнага каледжа. А пачалося ўсё з таго, што загадчык фартэпіяннага аддзялення высветліў, што ў якасці дадатковага інструмента яго навучэнцы могуць выбраць сінтэзатар, клавесін ці арган. Дакладней, маглі б… Але дзе ўзяць інструмент? «Цацка» гэтая не танная і ў магазіне музычных інструментаў не прадаецца…
Тым не менш, дзякуючы яшчэ аднаму ўраджэнцу Астравеччыны, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ігару Жуку ўдалося знайсці немалыя грошы, а дзякуючы знаёмствам Брунона Тэрмёна з элітай сусветных арганістаў, набыць для каледжа ўнікальны інструмент, які спалучае ў сабе 8 арганаў з розных краін і гарадоў Еўропы – Германіі, Галандыі, Італіі, Польшчы – з усімі іх адметнасцямі і нават недасканаласцямі.
І фестываль набыў новае жыццё і новае гучанне! Ужо 5 гадоў на працягу кастрычніка-лістапада ў Гродзенскім каледжы адбываюцца музычныя чацвяргі, на якія прыязджаюць сусветна вядомыя арганісты – і прыходзяць слухачы, якія разумеюць і цэняць сапраўдную музыку.
…Агонь знішчыў касцёл Святога Яўхіма ў Клюшчанах. Маўчыць арган у касцёле Святых Космы і Даміяна ў Астраўцы. Але гучаць арганы ў іншых гарадах і краінах, падуладныя таленту музыкантаў Тэрмёнаў, адрамантаваныя майстрамі з гэтага слыннага роду; выходзяць у свет маладыя спецыялісты, падрыхтаваныя загадчыкам фартэпіяннага аддзялення Гродзенскага музычнага каледжа, – 24 арганісты налічвае дынастыя Тэрмёнаў.
Верыцца, што сямейная справа арганістаў Тэрмёнаў прадоўжыцца ў наступных пакаленнях. І будзе гучаць непаўторны голас аргана!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.