Што найбольш запомнілася выпускнікам са школы

13:13 / 12.06.2021
Школьны званок прагучаў для 189 юна­коў і дзяўчат 11-х класаў. Экзамены здадзены – наперадзе тэсціраванне, паступленне і новае, самастойнае, жыццё. Што найбольш запомнілася выпускнікам за гады вучобы ў школе – мы распыталі ў іх.

77.jpg

Паліна Чымбар, Міхалішкаўская СШ:
– Успамінаў шмат, і складана ўзгадаць самыя важныя. У нас вялікі дружны і вельмі актыўны клас, а таксама цудоўны і творчы класны кіраўнік Ганна Стэфанаўна Трафімчык. Мы ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, конкурсах, а летам абавязкова ладзілі экскурсіі і велапаходы на Каймінскае возера. Памятаю, што, як на зло, заўсёды выдаваліся халодныя ночы і мы, каб сагрэцца, шчыльней садзіліся адзін ля аднаго ля вогнішча. Школьны вечар, прымеркаваны да Новага 2020 года, калі мы з аднакласнікамі мяняліся іміджам, таксама запомніўся… Шмат станоўчых эмоцый засталося!

55.jpg

Мікіта РусецкіВарнянскі НПК:
– Са школьнай парты назаўсёды ў памяці і, веру, па жыцці са мной застануцца мае сябры. Лічу, што мне з імі вельмі пашанцавала. Мы не толькі вучыліся разам, але глядзелі ў адным накірунку. Аднакласнікі матывуюць мяне рухацца наперад, быць лепшым – за гэта я ім вельмі ўдзячны. Нічога дрэннага за адзінаццаць школьных гадоў прыгадаць не магу, нават нейкія нашы «касякі» цяпер узгадваю з усмешкай. Удзячны і настаўнікам, якія ўвесь гэты час не толькі давалі веды, але і былі побач. Яшчэ я адкрыў для сябе каратэ. Ці атрымаецца паступіць, куды хачу, – час пакажа. Мару, каб мая дзейнасць дапамагала людзям і мне рабіцца лепшым. 

66.jpg

Рэната Субач, Гервяцкая СШ:
– Першую настаўніцу Алену Эдвардаўну Юшкявічэне ніколі не забуду – гэта шчыры, цярплівы чалавек з вялікім сэрцам і добрай душой. Яна для мяне першая школьная мама. Не магу не ўзгадаць класнага кіраўніка Алену Эдвардаўну Масевіч, якая, нягледзячы на вялікі аб’ём работы, заўсёды знаходзіла час, каб пагаварыць, параіць, дапамагчы. Наогул удзячна ўсім настаўнікам Гервяцкай школы за магчымасць развівацца, удзельнічаць у алімпіядах, канферэнцыях, за конкурсы, гульні, паездкі, паходы – урэшце, урокі… Гэта быў залаты час!

88.jpg

Дар’я Пунжаль, гімназія №1 г. Астраўца:
– Па ўзросце наша гімназія адна з самых маладых устаноў адукацыі раёна – але самая творчая, дружная і энергічная. За гады вучобы былі розныя сітуацыі – і сумныя, і радасныя. Душэўныя і сапраўдныя стасункі з сябрамі і настаўнікамі назаўсёды застануцца са мной, як і ўрокі: з гісторыі – гэта анекдот пра блыху, з хіміі – неверагодныя парады, самастойныя па матэматыцы, залікі па фізіцы і назіранні па астраноміі… Для мяне школа – гэта нешта значна большае, чым этап атрымання адукацыі. Наша гімназія – гэта шмат таленавітых і адданых сваёй справе людзей. Там я навучылася паводзіць сябе ў розных сітуацыях, даведалася, што такое сапраўднае сяброўства. Дзякуй вялікі ўсім, хто быў побач! Адна гісторыя закончылася – пачынаецца другая, і, веру і спадзяюся, што яна будзе не менш цікавай, насычанай на падзеі і незвычайных лю­дзей, чым вучоба ў гімназіі. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: