Адным з першых пасляваенных рэдактараў быў Мікалай Беркутаў

12:18 / 29.05.2021
Пасляваенная «раёнка» – на той час «Сталінская праўда» – асацыіруецца з іменем Мікалая Беркутава. Доўгі час нават памылкова лічылі, што ён быў першым пасляваенным рэдактарам – і толькі знаёмства з архіўнымі падшыўкамі і дакументамі паказала, што з 1944 па 1946 год калектыў рэдакцыі ўзначальваў Міхаіл Гарбаценка, а Беркутаў працаваў адказным сакратаром. 

Беркутов.jpg

Запіскі партызана
Нарадзіўся Мікалай Беркутаў 20 жніўня 1922 года ў вёсцы Гурэц Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Да вайны паспеў скончыць педагагічныя курсы, працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў школе. Вучыўся завочна, збіраўся ехаць у Мінск на сесію. І калі бацька паведаміў, што пачалася вайна з Гітлерам, адказаў запальчыва: «Ну і што? Вайна вайной, а вучоба вучобай».
Пра гэта піша Мікалай Берку­таў у аўтабіяграфічнай кнізе «Ой, бярозы ды сосны. Запіскі партызана», якая выйшла ў Мінску ў выдавецтве «Звязда» ў 1964 годзе. З яе старонак мы і даведаліся сёе-тое пра жыццё колішняга рэдактара. Бацьку яго звалі Сяргей Якаўлевіч, у сям’і было яшчэ двое меншых дзяцей – сястра Вера і брат Вася. 
Зразумеўшы, што вайна вучобу адмяняе, Мікалай з сябрамі пайшоў на ўсход, каб дагнаць часці Чырвонай арміі, але насустрач ім ужо ішлі немцы. Давялося вярнуцца…
З першых дзён Беркутаў з сябрамі збіраў у навакольных лясах зброю. Калі даведаўся, што ў лесе з’явіліся партызаны, пайшоў прасіцца ў атрад. Але камандзір адмовіў – сказаў, што больш, чым байцы, ім патрэбны сувязныя і разведчыкі з ліку мясцовага насельніцтва. І Мікалай застаўся ў вёсцы. З вернымі таварышамі яны распаўсюджвалі лістоўкі, спілоўвалі тэлеграфныя слупы, каб пашкодзіць сувязь, завальвалі дарогі, калі даведваліся, што немцы збі­раюц­ца вывозіць моладзь у Германію, і нават удзельнічалі ў баях, калі партызаны разгра­мілі гітлераўскі гарнізон у Халопенічах – бязлітасна зні­шчаць ворагаў падабалася яму больш за ўсё. 
Але камандаванне атрадам загадала ісці працаваць у валасную ўправу – Мікалай ведаў нямецкую мову – і ўкрасці там 11 чыстых бланкаў нямецкіх пашпартоў з подпісамі бурмістра і пячаткамі. З заданнем Беркутаў справіўся – але пасля прыкінуўся хворым і больш працаваць на немцаў не стаў: баяўся асуджэння аднавяскоўцаў, знаёмых, сяброў – кожнаму ж не растлумачыш, чаму працуеш тут.
У сакавіку 1942 года Міколу з бацькам арыштавалі – нехта з вяскоўцаў данёс немцам, што Беркутавы звязаны з партызанамі. Пакуль іх везлі ў Халопенічы, бацька шапнуў, што ўсю віну возьме на сябе – мо, здолее ўратаваць тым сына. А ён хай прытворыцца хворым. У фашысцкіх засценках абодвух моцна білі, прымушаючы прызнацца ў сувязі з партызанамі, але бацька стаяў на сваім: я дапамагаў, а сын хворы на сухоты, нічога не ведаў. 
Сяргея Якаўлевіча расстра­лялі 2 красавіка 1942 года. Мікалая агледзеў нямецкі ўрач і пацвердзіў, што ён хворы. Хлопца адпусцілі і загадалі, каб праз 10 хвілін нагі яго не было ў Халопенічах.
Восенню 1942 года Беркутаў зноў стаў прасіцца ў атрад: немцы прымушалі адкрываць школу, а ён не хацеў працаваць на захопнікаў, ды і пасля расстрэлу бацькі знаходзіўся пад падазрэннем. Хлопцу ў чарговы раз адмовілі, загадалі рамантаваць школу, па меры магчымасці – валыніць і дапамагаць партызанам.
13 кастрычніка Мікалая ары­шта­валі ў другі раз, пасадзілі ў камеру смяротнікаў. Здавалася – усё, канец. Аднак ён цвёрда стаяў на сваім: партызанам не дапамагаў, у Халопенічы прыехаў, каб працаваць у школе. І яго зноў адпусцілі.
Малады чалавек разумеў: трэцяга разу не будзе. Але атрад, з якім ён падтрымліваў сувязь з ліпеня 1941 года, камандзіра і камісара якога добра ведаў, як на тое, перабазіраваўся з іх мясцін некуды пад Оршу. І тады Беркутаў падаўся да «смалякоў» – так называлі партызан 16-й Смаленскай брыгады, якая ў той час дыслацыравалася ў лясах Чашніцкага раёна.
Першым яго заданнем было падарваць аўтамашыну на шашы. Мікалай і таварышы справіліся з ім паспяхова: ад выбуху загінула 6 немцаў і 3 палі­цаі. 
Пасля таго іх дыверсійная група выходзіла на заданні рэгулярна: узрывалі цягнікі, аўтамашыны, масты. Аднойчы партызаны падарвалі нямецкі «Тыгр» – цяжкі танк. Вось як апісвае гэтую ды­версію Беркутаў: 
«…На другую ноч мы рашыліся на дзёрзкую аперацыю: перабрацца праз Ульянку (раку – Н.Р.) і паставіць міну ў тым месцы, дзе ўчора нас паганялі (напярэдадні пры спробе замініраваць дарогу дыверсійная група трапіла ў засаду і ледзь не загінула – Н.Р.). Як і раней, нас цікавіла паляванне на «тыгра». Апрача таго, наш сувязны, пабываўшы ў Дзямідавічах, паведаміў, што фашысты там святкуюць сваю перамогу над партызанамі. «Патапілі ноччу ў рацэ чатырох бандытаў», – хваліліся гітлераўцы. Значыць, сёння партызан чакаць не будуць у тым месцы. Тым лепш для нас.
На гэты раз удача была поўнай. Праз два дні, вярнуўшыся ў брыгаду, мы дакладвалі камандаванню аб падрыве фашысцкага «тыгра» і грузавой аўтамашыны.»
16-я Смаленская брыгада праславілася шматлікімі рэй­дамі па тылах праціўніка: у песнях увекавечаны баі за сяло Краснае, Зачысце, вёску Вал.
Вясной 1944 года, калі брыгада выйшла ў паход па тылах нямецкіх войскаў па Маладзе­чанскай вобласці, Мікалай Бер­ку­таў звярнуўся да легендарнага камандзіра брыгады Івана Шлапакова:
– Таварыш камбрыг, хутка пачнецца бой, і тады не будзе часу пагаварыць з вамі. Рашыў паступіць у Камуністычную партыю.
Шлапакоў першым даў рэка­мендацыю маладому партызану. Аднак прыём у партыю зацягнуўся: пачаліся доўгія паходы, цяжкія баі. І самае страшнае: карная экспедыцыя вясной 1944 года… 
Партызаны заселі ў балоце Багна-Мех. 
«Увесь дзень імжэў дождж. У кожнага з нас адзенне да ніткі прамокла, у ботах хлюпае, вада з шапкі, з галінак цячэ па твары і за каўнер, прысесці недзе, бо ўсюды мокра. Усё больш напамінаў аб сабе голад. Скончыліся апошнія запасы з рэчавых мяшкоў, і мы ўжо пяць дзён жывём без хлеба, бульбы, солі, не гаворачы пра мяса і тлушчы. Праўда, на другі дзень нашы хлопцы прынеслі пуда паўтара бульбы ад лесніка, які жыў побач з намі на адным з астраўкоў. Кожны партызан атрымаў па адной бульбіне, толькі хворым далі па дзве-тры. Раскласці агонь, каб спячы бульбу, было небяспечна, і, тым больш, жаданне есці было настолькі вялікім, што чакаць, пакуль бульба спячэцца, напэўна, ніхто не стаў бы, кожны з нас з вялікім апетытам еў сырую бульбу, закусваючы зайцавай капустай, якая дзе-нідзе расла на купінах. Елі і дзякавалі Рабінзону (так мы звалі лесніка). Апрача зай­цавай капусты, партызаны елі кару і маладыя парасткі дрэў. Ад такога харчу бесперапынна бурчэла ў жываце, было моташна і адольвала слабасць», – так расказвае пра выпрабаванні, што давялося перажыць партызанам падчас фашысцкай карнай экспедыцыі аўтар кнігі «Ой, бярозы ды сосны». І пры гэтым яны ўмудраліся жартаваць! Сябру, які па справе і без паўтараў «ёлкі зялёныя», Мікола параіў змяніць прыказку на «ёлкі сухія» – усю зеляніну яны аб’елі.
Падрабязна апісаны ў кнізе бой за пасёлак Свір. Пасля таго, як ён быў вызвалены ад немцаў, на ўскрайку лесу адбыўся партыйны сход, на якім Мікалая Беркутава прынялі ў Камуністычную партыю – на той час ён ужо быў камісарам 6-га атрада 16-й Смаленскай брыгады. Тут жа, у Свірскім раёне, адбылася доўгачаканая сустрэча партызан з войскамі Чырвонай арміі. 
«Пад бесперапыннай бамбёжкай варожай авіяцыі мы пабудавалі мост цераз раку Вілію ў вёсцы Міхалішкі недалёка ад таго моста, які разбамбілі перад гэтым нямецкія самалёты, – піша ў сваёй кнізе Беркутаў. – Тым самым мы забяспечылі своечасовую пераправу нашых войск праз Вілію і іх далейшы рух на Вільнюс».
4 жніўня 1944 года 16-я Смаленская партызанская брыгада была расфарміравана. Большасць яе байцоў улілася ў рады Чырвонай арміі, некаторых, у тым ліку і Мікалая, накіравалі на работу ў вызваленыя раёны. Так ён апынуўся ў Астраўцы.

IMG_8892.jpg

Артыкулы рэдактара
11 жніўня 1944 года была адноўлена рэдакцыя раённай газеты, органа Астравецкага РК КП(б) і выканкама дэпутатаў працоўных, пад назвай «Сталінская праўда». Першымі яе супрацоўнікамі сталі адказны рэдактар Міхаіл Гарбаценка і адказны сакратар Мікалай Беркутаў. Першы нумар адноўленай «раёнкі» выйшаў 1 верасня. 
Беркутава нездарма лічылі першым пасляваенным рэдактарам газеты: па колькасці нума­роў, падпісаных ім, і публікацый, што з’яўляліся ў газеце пад шмат­лікімі псеўданімамі М. Бя­розаў, М. Сяргееў і іншымі (кіраўнікі рэдакцыі тады практычна не падпісвалі матэрыялы сваімі прозвішчамі, але стыль выдае аўтарства лепш, чым подпіс), можна зрабіць выснову, што ў першыя пасляваенныя гады выданнем фактычна кіраваў адказны сакратар. У 1946 годзе Гарбаценка падпісаў толькі 13 нумароў, а з 18 красавіка Беркутаў стаў падпісваць газету як выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара. 
Гэтую няпэўную пасаду ён займаў ажно да 16 студзеня 1947 года – тады яго прызначылі адказным рэдактарам. Цяжка сказаць, ці ўзаемазвязана гэта, але ў тым жа 1947 годзе «Сталінская праўда» стала выходзіць на беларускай мове і павялічыўся аб’ём газеты да двух старонак фармату А3 – такой яна была да 1956 года. Змянілася вёрстка, павялічылася колькасць шрыфтоў. А ў 1947 годзе на ста­ронках газеты з’явіліся першыя фотаздымкі кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Вікенція Падаліса і Маланні Сянюць. Магчыма, гэта проста супадзенне – мірнае жыццё ў краіне пакрысе аднаўлялася, тым не менш гэтыя пазітыўныя змены адбыліся менавіта ў той час, калі рэдактарам «Сталінскай праўды» быў Мікалай Беркутаў. 
У 1946 годзе ў штаце рэдакцыі стала працаваць і Вера Беркутава, сястра Мікалая Сяргеевіча, – спачатку карэктарам, а затым адказным сакратаром. Абое яны плацілі халасцяцкі падатак – значыць, сям’і на той час не мелі.
Сёння цяжка меркаваць пра арганізатарскія здольнасці рэдактара, але бясспрэчна, што ў яго было бойкае пяро і жывы стыль. Магчыма, яго артыкулам не хапала літа­ратур­най даска­наласці, але яны ўражваюць сучасных журна­лістаў смеласцю і рэзкасцю ацэнак. 
Вось толькі невялікі ўрывак з артыкула «Узятачнік, бяздзейнік, п’яніца», які быў надрукаваны ў «Сталінскай праўдзе» №80 за 12 кастрычніка 1947 года за под­пі­сам Н. Бярозаў. Размо­ва ідзе пра загадчыка райфінаддзела Када­шаева (асаб­лі­васці аўтарскага сты­лю і пра­вапісу захаваны).
«…На работу ў райфа ён прыходзіць з вялікім спазненнем. Сістэматычная п’янка ўвайшла Кадашаеву ў прывычку. Ніводнага разу не быў ён на рабоце ў цвярозым выглядзе. У абыходжанні з наведвальнікамі ён вельмі грубы.
Кадашаеў выкарыстоўвае сваё асабістае становішча ў мэтах асабістай нажывы. Ён безса­ром­на бярэ з насельніцтва ўзяткі. 25 верасня Кадашаеў узяў 1 літр водкі і 1 кілограм свіной тушонкі ад селяніна вёскі Тартак, Быстрыцкага сельсовета, Арлоў­скага Андрэя. «Толькі за чацвёртым разам я змог пакупіць сабе хату, калі добра падмазаў начальніку Кадашаеву», – сцвярджае селянін Арлоўскі Андрэй.
Узятачнік, бяздзейнік, п’яніца – вось характарыстыка Кадашаева».
Пры Беркутаве ў газеце з’яві­лася рубрыка «Маленькі фелье­тон» (сучасныя журналісты ўжо практычна забылі такі жанр публіцыстыкі). У №66 за 11 жніў­ня 1946 года пад гэтай рубрыкай з’явіўся матэрыял, дзе расказваецца, як 2 супрацоўнікі газеты Беразаў  і Лукаў паспрачаліся, што хутчэй – дайсці на чыгуначную станцыю Гудагай ці дазваніцца туды. У выніку, пакуль Лукаў гадзі­ну і 15 хвілін тэлефанаваў на пошту, Беразаў прыйшоў на станцыю і пазваніў з Гудагая Лукаву, каб той не губляў марна часу. У адрас начальніка раённай пошты Ясянецкага ў гэтым «Маленькім фельетоне» гучыць нямала вострых слоў: «Почему такие бездельники, как Ясенецкий, занимают такие ответственные участки государственной работы и зря получают государственные деньги?» – пытае аўтар.
Газета замахнулася нават на рубрыку «Наш «Кракадзіл». Праўда, выйшла яна толькі аднойчы – у № 68 за 31 жніўня 1947 года. У прыватнасці, там была ацэнена работа старшыні Швяйлянскага сельсавета Васілёнка, які не патурбаваўся, каб падрыхтаваць школы да новага навучальнага года, за што і атрымаў заслужаную адзнаку – «адзінку». 
Супрацоўніцтва з раённай газетай будучага прафесара Адама Мальдзіса таксама пача­лося дзякуючы Мікалаю Беркутаву. Адам Восіпавіч успамінае, як напярэдадні 1947 года яго, вучня 7 класа Астравецкай школы, паклікаў да сябе рэдактар газеты і прапанаваў напісаць верш у навагодні нумар. «Хоць вершаў я не пісаў, зарыфмаваў некалькі радкоў – і яны, да немалога майго здзіўлення, былі надрукаваны».
З лёгкай рукі Беркутава Адам Мальдзіс стаў пастаянным аўта­рам газеты на доўгія гады. Больш таго: пасля школы ён пасту­піў на факультэт журна­ліс­тыкі Белдзярж­уні­вер­сі­тэта. Адам Во­сі­­павіч усё жыццё пад­трым­­лі­ваў цесныя стасункі з Міка­­лаем Сяр­ге­­еві­чам і нават быў на яго паха­ванні.
У 1948 годзе Беркутаў па невядомай нам прычыне пакінуў Астравец і рэдакцыю – магчыма, з-за сваёй ваяўнічай смеласці. Пасля ён настаўнічаў, працаваў дырэк­тарам школы ў Крупках і Лепелі. 
Памёр у 1991 годзе. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик