Рэдакцыя і пошта: нам не жыць адзін без аднаго

08:00 / 29.05.2021
Прыкладна 10 гадоў  назад у нас з’явілася першая, заваяваная ў інтэлектуальным турніры ў Ашмянах фігурка савы. Яна паклала пачатак рэдакцыйнай калекцыі, у якой цяпер налічваецца больш за 80 экзэмпляраў. Совы ў ёй самыя розныя: заваяваныя ў спаборніцтвах і прывезеныя з далёкіх і блізкіх вандровак, ручной работы і фабрычнай штампоўкі, сувеніры і рэчы для штодзённага карыстання, упрыгожанні і дзіцячыя забаўкі. «Прыляцелі» да нас мудрыя птушкі з розных гарадоў Беларусі, з Расіі, Украіны, Грэцыі, Іспаніі, Егіпта, Шатландыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Сан-Марына, Шры-Ланкі. У кожнай з іх – свая гісторыя, і аб’ядноўвае іх тое, што большасць  нам дарылі сябры – асабістыя і калектыўныя. 

IMG_5668.jpg


У ліку першых у калекцыі з’явіліся прыгожая кампазіцыя з трох серабрыстых птушак і велічная чорная сава, падораныя Ірынай Тальчук. Пазней іх дапоўніла элегантная пражская соўка ў чырвоным капялюшыку – ад яе ж. Вялікая сава-капілка папоўніла калекцыю ў  2016 годзе: яе на Дзень друку нам падарыла тагачасны начальнік раённай пошты Тарэса Ігнатовіч. 
Калі мы перабіраем сваю калекцыю, узгадваючы, калі і адкуль якая птушка «прыляцела», то нязменна ўспамінаем цёплыя, шмат больш, чым партнёрскія, хутчэй таварыскія і нават сяброўскія адносіны, якія заўсёды звязвалі пошту і рэдакцыю. Існавалі яны заўсёды, бо, як пяецца ў песні, нам не жыць адзін без аднаго. Без паштальёнаў вынік працы журналістаў – свежы нумар газеты – не дойдзе да чытача. А без грошай, якія рэдакцыя плаціць за паслугі, пошце таксама будзе нясоладка.
Але найбольш адценняў і стасункаў гэтае партнёрства-сяброўства набыло, калі вузел паштовай сувязі стаў самастойным структурным падраздзяленнем. 
…Калі працавала галоўным рэдактарам, са спачуваннем паглядвала на калег, якія на нарадах і ў асабістых размовах скардзіліся на паштавікоў: грошай бяруць шмат, работу выконваюць дрэнна… А яны на мяне – з зайздрасцю: добра табе, вы з поштай сябруеце!
Я пагаджалася – так, добра. Хоць і ў нас здаралася рознае, але ўсе канфліктныя сітуацыі вырашалі, як сёння б сказалі, «за сталом перамоў». І не толькі таму, што мы з тагачасным начальнікам вузла паштовай сувязі Ірынай Тальчук – зямлячкі, а гэта – амаль што радня. 
Хоць пры гэтым грошай за дастаўку, падпіску, экспедыцыю газеты наша рэдакцыя плаціла не менш, чым іншыя «раёнкі». Але фінансавыя пытанні – хто, каму і колькі павінен – вырашаліся ў дагаворах, з разуменнем таго, што ўсім трэба жыць і «брат мой, але хлеб еш свой». 

CRW_7987.jpg

Вынік такога ўзаема­выгад­нага супра­цоўніцтва быў віда­вочным: тыраж «Астравецкай праўды» пераўзыходзіў 6 тысяч экзэмпля­раў, у адносінах да колькасці насельніцтва многія гады быў самым высокім у вобласці – і, што называецца, каля Астраўца ніхто і побач не стаяў. А з кожнага экзэмпляра газеты «капала» на рахунак і рэдакцыі, і пошты. 
Але, акрамя партнёрскіх, былі і асабістыя стасункі. Віншаванні адзін аднаго з прафесійнымі свя­тамі сталі неад’ем­най часткай нашага жыцця – як і традыцыйнае ўзнагароджанне аддзяленняў сувязі і паштальёнаў, якія найлепш працавалі з падпіскай на «раёнку». Пра ўсе наватарскія навінкі, якія ўкараняў вузел паштовай сувязі, праіх шматлікія перамогі і дасягненні пісала «Астравецкая праўда» – а ра­бот­­нікі пошты былі жаданымі гасцямі на журналісцкіх мерапрыемствах. 

CRW_7996.jpg

А які сюрпрыз падрыхтавалі нам паштавікі на 70-годдзе «Астра­­вецкай праўды»! Хто пры­­сутнічаў на тым свяце, памя­таюць іх агністае выступленне: у той час яны былі не толькі выдатнымі прафесіяналамі, але і цудоўнымі артыстамі.

PA084160.jpg

…Час ідзе, мяняюцца кіраўнікі і супрацоўнікі. Але хочацца верыць, што заснаваныя на ўзае­ма­­выгадным партнёрстве і сяброў­­скіх ста­сунках адносіны жур­на­­лістаў і паштавікоў застануцца вернымі створаным не адным пакаленнем традыцыям і таму – нязменнымі.
Бо нам не жыць адзін без аднаго! 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик