Якія сляды на астравецкіх вуліцах пакідаюць “мастакі”

12:07 / 25.05.2021
Рыхтуючы да выхаду матэрыял пра ўстаноўку відэакамер у мікрараёнах гарадскіх шматпавярховак, падумала: і добра – менш стане зламаных лавак, «падгарэлых» сметніц, размаляваных дзвярэй у пад’ездах і выкручаных дарожных знакаў. Горад пачысцее і папрыгажэе: пабаяцца хуліганы адказнасці. Бо відэа дапаможа іх знайсці і аштрафаваць. 

IMG_2312.jpg

На жаль, немагчыма павесіць відэафіксацыю на кожнае дрэва, знак ці плот у прыватным сектары – аматары зламаць, а найчасцей размаляваць тое, што ім не належыць, што яны самі не купілі і не зрабілі, знаходзяцца і цяпер. 
Гэтую б энергію ды ў патрэбным напрамку выкарыстаць – шмат карыснага можна зрабіць. Не адзін кіламетр трэба прайсці да лесапарку, каб разграміць лаўкі ў амфітэатры. А колькі гарадскіх дарог пратаптаць, каб знайсці сярод шматлікіх іншых дарожны знак і менавіта на ім пакінуць свае «каракулі». Так, не здзіўляйцеся: такая «маляванка» «ўпрыгожвала» інфармацыйны знак накірунку аб’езду на скрыжаванні каля цэнтральнай раённай бальніцы. Пры гэтым трэба мець нямала смеласці – знак добра бачны з усіх бакоў. Адусюль відаць і металічная скрыня Белтэлекама на вуліцы Фізкультурнай – аднак на ёй няма жывога месца ад подпісаў нікому невядомага «мастака».
Нядаўна такое ж «графіці» – няхай прабачаць мне сапраўдныя майстры гэтага віду жывапісу – з’явілася нават… на шыбе аднаго з прыватных дамоў. У ім, праўда, ніхто не жыве, але ж гэта чужая тэрыторыя, на якую няпрошаным уваход забаронены не толькі па агульначалавечых, але і юрыдычных законах. 
І нават калі махнуць рукой, маўляў, няхай малююць, бо ўсе гэтыя «арт-аб’екты» нічыйныя або дзяржаўныя – што для многіх адно і тое ж, – то гаспадар аднаго з двароў на вуліцы Маркава так не скажа: на яго нядаўна абноўленым плоце з’явілася  тлустая чорная адмеціна зробленая балончыкам. Яна не адразу кідаецца ў вочы, але агароджа сапсавана – гэта факт. Няўжо аўтар «шэдэўра» настолькі марыць стаць знакамітым, што не звяртае ўвагі на асцярожнасць? А калі б на гэтым плоце вісела камера відэаназірання, то на якую суму давялося б раскашэліцца бацькам за непрызнаную вялікасць свайго дзіцяці?
Адкуль упэўненасць, што такой «брудной» справай зай­маюцца дзеці? Гэта не ўпэўненасць – а, як бы гэта дзіўна ні гучала, спадзяванне. Падлетку яшчэ можна растлумачыць «што такое добра і што такое дрэнна». Калі гэта не змогуць зрабіць бацькі, то «дзядзькі і цёткі», якія маюць на гэта права, спраўляюцца з падобнымі праблемамі неразумення хутка, прычым, як правіла, раз – і назаўсёды.
А калі такой непатрэбшчынай займаецца дарослы чалавек – то па ім, без перавелічэння, спецыялісты вузкага профілю плачуць. 
На жаль, на кожнае дрэва або плот не ўстановіш відэаназіранне, хоць, прызнаюся, гледзячы на свой, я ўсё часцей аб гэтым задумваюся. А заўтра, магчыма, яно з’явіцца яшчэ і ля дамоў двух-трох суседзяў – і гэтага будзе дастаткова, каб камусьці падправіць жыццёвыя арыенціры. Бо не толькі дзяржава павінна клапаціцца пра наш дабрабыт, а ў першую чаргу мы самі.
Так што, непрызнаныя землякамі «мастакі», за грошы, якія вы траціце на балоны з фарбай, лепш купіце пэндзлі і алоўкі і запішыцеся ў гурток па маляванні на паперы ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Так без пагрозы атрымаць штраф зможаце пакідаць «графічны» подпіс пад сваімі работамі, а бацькам не давядзецца апускаць вочы перад тымі, чый плот вы пераблыталі з палатном.
Ну а калі вам 18+, як самастойны чалавек, які адказвае за свае ўчынкі, знайдзіце сілы – і звярніцеся за дапамогай. І вас абавязкова вылечаць.
…Пакуль яшчэ не позна.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Ольга Хотянович