Якім быў колішні рэдактар “АП” Уладзімір Царэвіч

13:23 / 05.05.2021
Шукаючы звесткі пра гісторыю «Астравецкай праўды» і людзей, якія ў розны час працавалі ў рэдакцыі, мы неаднойчы чулі прозвішча Уладзіміра Царэвіча –  колішнія супрацоўнікі газеты светлай памяці Яўген Кулакоў і Васіль Шкаеў расказвалі, што ён у свой час працаваў рэдактарам газеты. Не без здзіўлення даведалася ад астравецкага фермера Часлава Лабачэўскага, што Уладзімір Іосіфавіч з мясцовых, ураджэнец вёскі Вавяраны. Здзівілася таму, што ў пасляваенныя часы на кіруючыя пасады ў раёне прызначалі, як правіла, прыезджых. І за 80-гадовую гісторыю «раёнкі» гэта быў першы і да 2019 года, калі калектыў узначаліла Алена Ярашэвіч, – адзіны выпадак, калі рэдактарам стаў журналіст «сваёй гадоўлі». Дарэчы, Алена Генрыхаўна і Уладзімір Іосіфавіч – землякі, а калі ўспомніць іншых журналістаў далёкіх і нядаўніх часоў, якія ўзгадаваліся на гудагайскай зямлі, то напрошваюцца пэўныя высновы… 
Але гэта тэма іншай размовы. Сёння ж хочацца падзяліцца з чытачамі тым, што ўдалося «накапаць» пра Уладзіміра Царэвіча. Хоць даведаліся мы, на жаль, не вельмі шмат. Спадзяёмся, што знойдуцца людзі, якія ведалі Уладзіміра Царэвіча і падзеляцца з намі звесткамі.

111111.jpg

Супрацоўнікі «Астравецкай праўды»: Уладзімір Царэвіч, Валянціна Налівайка, Іван Граблеўскі


Старонкі біяграфіі
Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч нара­дзіўся 27 чэрвеня 1931 года. Бацька яго быў чыгуначнікам, пра маці мы не змаглі нічога даведацца. У сям’і выхоўвалася 2 сыны: Уладзімір і Іосіф. Паміж імі была вялікая розніца ва ўзросце: малодшы нарадзіўся пасля вайны, па недакладных звестках, у 1947 годзе.
Невядома, якія шляхі-дарогі прывялі Уладзіміра Царэвіча ў рэдакцыю – магчыма, неяк паўплываў той факт, што яны з Адамам Мальдзісам землякі і амаль што аднагодкі (Адам Іосіфавіч на год старэйшы). А будучы прафесар, як мы ўжо неаднойчы расказвалі, у школьныя гады цесна супрацоўнічаў з раённай газетай. Можа, яго прыклад захацелася пераняць і іншым? Але гэта толькі нашы здагадкі, пакуль нічым не пацверджаныя. 
Вядома, што Царэвіч закончыў Вышэйшую партыйную школу – але невядома, калі. 
У Лідскім занальным архіве ўдалося адшукаць звесткі, што Уладзімір Іосіфавіч пачаў працаваць адказным сакратаром газеты «Сталінская праўда» (так называлася астравецкая «раёнка» ў 1944-1956 гадах) з верасня 50-га года – яму было 19 гадоў. Рэдактарам тады быў Аляксандр Хілько. 
У жніўні 1953 года Хілько паступіў у Вышэйшую партыйную школу і пакінуў пасаду адказнага рэдактара, на гэтае месца прызначылі Уладзіміра Царэвіча.
На той час газета выходзіла 2 разы на тыдзень на двух старонках фармату А3. Выпускалі яе 2 чалавекі: рэдактар Уладзімір Царэвіч і адказны сакратар Собаль. 
З 1 ліпеня 1956 года  назва выдання змянілася  на «Астравецкую праўду». А 11 верасня 1956 года была прынята Пастанова ЦК КПБ аб пераводзе з 1 студзеня 1957 года шэрагу раённых газет, у тым ліку і астравецкай, з 2-палоснага на 4-палосны фармат тыражом 1,5 тысячы экзэмпляраў (тады нават тыраж рэгуляваўся пастановай ЦК!) і перыядычнасцю 156 нумароў у год – гэта значыць, што выходзіць яна павінна была 3 разы на тыдзень. Нагрузка на рэдакцыю павялічвалася ўтрая! Тады і накіравалі «на ўзмацненне» ў Астравец выпускніка факультэта журналістыкі Васіля Шкаева, прынялі на работу сельскую настаўніцу Ірыну Палер, запрасілі Валянціну Налівайка, у калектыў уліліся Іван Граблеўскі і Яўген Кулакоў. А рэдактарам у другі раз прызначылі Аляксандра Хілько. Зноў жа ненадоўга: у 1958-м Аляксандра Рыгоравіча абралі сакратаром райкама партыі, а рэдактарам стаў Аляксандр Таранда.  
Вядома, што з жонкай Валянцінай Аляксанд­раў­най Уладзімір Іосіфавіч пазнаёміўся ў Астраўцы: слонімскую дзяўчыну накіравалі да нас працаваць у ашчадную касу. Тут у Царэвічаў нарадзілася двое дзяцей – дачка Людміла і сын Віктар. Трэцяя, Лена, з’явілася на свет ужо ў Ашмянах, дзе ў рэдакцыі раённай газеты Царэвіч, па словах яго сына Віктара, таксама  працаваў пэўны час – магчыма, тады, як Астравецкі раён быў расфарміраваны  і раённая газета ліквідавана. 
У 1965 годзе пасля аднаўлення раёна пачалі вяртаць закрытыя ўстановы, у тым ліку і рэдакцыю. Кіраўніком яе прызначылі Леаніда Іосіфавіча Ламеку, але «Астравецкую праўду» ён узначальваў толькі год. У 1966 годзе яго на капітанскім мосціку  зноў змяніў Уладзімір Царэвіч.
Чамусьці ў той час рэдактары доўга не за­трым­ліваліся – прынамсі, у Астраўцы. У 1969 годзе правялі мала каму сёння зразумелую ракіроўку (магчыма, на тое былі свае прычыны): намесніка рэдактара шчучынскай раённай газеты Аляксандра Сыча прызначылі рэдактарам «Астравецкай праўды», а Уладзіміра Царэвіча перавялі намеснікам рэдактара ў Шчучын. На гэтай паса­дзе ён працаваў да сваёй заўчаснай смерці. 
Уладзімір Іосіфавіч літаральна некалькі месяцаў не дажыў да 50-годдзя, памёр у лютым 1981 года.

Якім ён хлопцам быў!

Якім быў Уладзімір Царэвіч? Пра гэта мы пастараліся даведацца, распытаўшы тых, хто яго ведаў.

Расказвае Таццяна Ступакевіч, у дзявоцтве Сяргей, былы рэдактар, а цяпер карэспандэнт шчучынскай раённай газеты «Дзянніца»:
– Маё знаёмства з Уладзімірам Іосіфавічам  адбылося ў 1978 годзе, калі мяне, зусім юную, залічылі ў штат рэдакцыі карэспандэнтам. У той час у школьнікаў карысталася папулярнасцю газетная падборка (цяпер сказалі б – праект!) «Піянерская зорка». Вучні і піянерважатыя дасылалі ў рэдакцыю пісьмы аб цікавых мерапрыемствах, як гарохам, сыпалі прозвішчамі самых актыўных ды ініцыятыўных. Мне ж належала падрыхтаваць да друку гэтыя допісы. Учарашняя школьніца, я  мала чым адрознівалася ад тых юнкораў, аднак старалася і аўтарскі стыль захаваць, і нейкую творчую іскрынку ўнесці. Адно было дрэнна: не заўжды разбірала почырк – і аднойчы надрукавала, як прачытала. 
Пасля выхаду газеты ў рэдакцыі сталі разрывацца тэлефоны: чытачы абураліся «перакручанымі» прозвішчамі ў заметках «Піянерскай зоркі». Адказваць на званкі давялося намесніку рэдактара Уладзіміру Царэвічу.
Размова, якая пасля таго адбылася ў мяне з Уладзімірам Іосіфавічам, запомнілася на ўсё жыццё. Ён нават не павысіў голасу – толькі растлумачыў, наколькі важна журналісту правяраць і пераправяраць кожнае слова, не кажучы ўжо пра прозвішчы, лічбы і факты. «Не будзе дакладнасці ў адным – табе не павераць ні ў чым!» Гутарка адбывалася без сведак, ніхто, нават галоўны рэдактар, аб ёй не даведаўся. Высакародства Уладзіміра Іосіфавіча мяне ўразіла, а яго наказ стаў прафесійным урокам на ўсё жыццё.
А сам ён быў сапраўдным прафесіяналам. На рэгіяналь­ных лятучках (іх на журналісцкім слэнгу называлі куставымі), дзе калегі з іншых газет рабілі прынцы­повы і далёка не камплі­ментарны агляд газет суседзяў, заўжды адзначаўся высокі ўзровень матэрыялаў па ваенна-патрыятычнай тэматыцы на старонках шчучынскай «Савецкай вёскі» – гэтую тэму, а таксама партыйнае і грамадска-палі­тычнае жыццё раёна  асвят­ляў Уладзімір Царэвіч. Яго дабротная публіцыстыка адпавядала самым высокім крытэрыям таго часу, а нарысы і замалёўкі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, іх эмацыянальныя ўспаміны, запісаныя нераўнадушным журналістам, і сёння надзвычай актуальныя – як адметны радок у летапісе нашай гісторыі. Гартаю пажоўклыя старонкі газетных падшывак: імя У. Царэвіч амаль у кожным нумары. Напісанае застаецца!


Успамінае Сцяпан Яхімчык,былы фотакарэспандэнт шчучынскай раённай газеты:
– Памятаю, як Уладзімір Іосі­фавіч прыехаў у нашу рэдакцыю.  Калектыў у нас быў цудоўны, мы сустрэлі новага «зама» добразычліва. Як паказалі час і жыццё, гэта быў вельмі добры і прыстойны чалавек, надзейны таварыш, выдатны журналіст. Ён не шкадаваў сябе, быў вельмі простым і даступным, дапамагаў людзям у вырашэнні праблем. Часта сам садзіўся на рэдакцыйны матацыкл і калясіў па раёне, збіраючы інфармацыю. 
Так склалася, што ў апош­няй для Уладзіміра Іосіфавіча камандзіроўцы па Перша­май­скім сельсавеце мы працавалі разам. Ён быў вясёлым (увогуле яго адрознівала неверагоднае пачуццё гумару!), зацікаўлена гутарыў з героямі будучых матэрыялаў, здавалася, да краёў напоўніў фактурай свой журналісцкі блакнот – а  на наступны дзень яго не стала…


Успамінае Часлаў Лабачэўскі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Світанак-Л»:
– Я ў тыя гады ўзначальваў ДСТ «Ураджай» і з рэдакцыяй «Астравецкай праўды» мы сябравалі. Ды і як не быць таму: «жылі» па-суседску, у былым будынку райкама партыі – вялікае драўлянае памяшканне стаяла на месцы сённяшняй кінаканцэртнай залы «Астравец». Добра ведаў Славу Хаткевіча – мы з ім нават навагодні «агеньчык» неяк  вялі, Яўгена Кулакова, Васю Бондара. Асаблівыя, паважлівыя адносіны былі да ветэранаў вайны Івана Сцяпанавіча Мельнікава і Леаніда Іосіфавіча Ламекі.
Калектыў рэдакцыі быў ціка­вым, дружным, вясёлым. І газету паважалі, нават пабойваліся. Калі на яе старонках некага пахвалілі – гэта была большая ўзнагарода, чым Ганаровая грамата ці нават прэмія. А вост­рая крытыка магла скончыцца звальненнем героя публікацыі ці нават чым горшым. Таму з журналістамі ўсе стараліся сяб­раваць, улагоджваць іх…
Добра ведаў і Валодзю Ца­рэ­віча. Ён быў такі жартаўнік! Жывым анекдотам стала гісторыя пра тое, як Царэвіч адвучыў жонку лазіць па кішэнях. Не сакрэт, што пасля палучкі мужыкі любілі прапусціць па чарачцы, і журналісты не былі выключэннем. А вечарам Валянціна Аляксандраўна, як і многія жонкі, любіла «пачысціць» мужавы кішэні. Дык Валодзя да чаго дадумаўся: прышыў у кішэню рыбалоўныя кручкі! Вядома,  у першы ж вечар «рыбка» спаймалася! 
Але розыгрышы яго былі не злыя, бяскрыўдныя – бо і сам Царэвіч быў чалавекам добрым.

Гаворыць Віктар Уладзіміравіч Царэвіч, сын:
– Бацька быў вельмі добрым і вясёлым. Я не памятаю, каб у сям’і былі нейкія сваркі, тым больш скандалы: як толькі маці пачынала яго за што-небудзь ушчуваць, тата ўсё пераводзіў у жарт. А дзе смех, там ужо няма месца злосці.
Мы часта ездзілі на Астравеччыну, у Вавяраны, нават калі дзеда з бабай ужо не было, гасцявалі ў дзядзькі Юзіка. Для бацькі гэта быў другі дом. Ды і для нас, дзяцей, таксама. Дарэчы, у адзін з такіх прыездаў я і жонку сабе знайшоў: дзяўчына з Едакланяў Марыя Мурашка працавала касірам на астравецкай аўтастанцыі – там і сустрэліся, аднойчы і на ўсё жыццё, ужо 37 гадоў разам.
Калі бацька памёр, вельмі шмат людзей прыйшло на пахаванне – нават тыя, каго мы не ведалі. Плакалі, гаварылі, якім харошым чалавекам ён быў, колькі дапамагаў людзям. На жаль, часта мы пра сваіх блізкіх даведваемся нешта вельмі важнае, калі іх не стане…

Сённяшнія супрацоўнікі «Аст­равецкай праўды», нават самыя сталыя, нават ветэраны, не ведалі Уладзіміра Царэвіча. Але ў гісторыі нашай газеты ён застанецца такім, якім яго памятаюць былыя калегі, родныя, сяб­ры: цудоўным прафесіяналам, вясёлым і добразычлівым чалавекам. 
І будзе жыць! Бо чалавек жыве, пакуль яго помняць.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик