Дзень друку – асаблівы дзень асаблівага года

10:11 / 05.05.2021
5 мая – асаблівы дзень для журналістаў: уся пішучая брація адзначае прафесійнае свята – Дзень друку. 
Сёлетні год для супрацоўнікаў «Астравецкай праўды» асаблівы яшчэ і тым, што 80 гадоў назад выйшаў у друк першы нумар нашай «раёнкі». А 4 мая 2021 года мы выпусцілі ўжо 8 958 нумар.

IMG_7684.jpg

За кожным такім нумарам праца дзясяткаў людзей – часам нябачная і непрыкметная, але вельмі важная. Бо «выпадзі» з гэтай кагорты хаця б адзін работнік – адразу ж калектыву рэдакцыі стане цяжэй!
А такіх – таленавітых, творчых, адказных і адданых справе, роднай газеце і раёну – супрацоўнікаў сапраўды было і застаецца шмат. Вельмі хочацца, але наўрад ці мы зможам аднавіць імёны  і біяграфіі ўсіх тых, хто некалі ўнёс уклад у развіццё і станаўленне «Астравецкай праўды» – рэдактараў, адказных сакратароў, карэспандэнтаў, фотакарэспандэнтаў, работнікаў друкарні… Аднак кожнаму з іх мы ўдзячны за тое, што яны рабілі газету і пакінулі нам яе ў спадчыну. 

1.jpg

За 80 гадоў выданне прайшло вялікі шлях. Двойчы «раёнка» мяняла назву: «Большэвісцкі арганізатар», «Сталінская праўда», «Астравецкая праўда». Адбываліся змены і ў абліччы газеты, перыядычнасці яе выхаду і колькасці старонак, тэматыцы публікацый і паліграфічным выкананні. З’явіўся сайт, групы «раёнкі» ў сацыяльных сетках і тэлепраграма «ТВА. ТВой Астравец». Аднак заўсёды заставалася галоўнае прызначэнне газеты – служыць людзям, расказваць аб галоўных падзеях, якія адбываюцца ў краіне, вобласці і раёне, пра працаўнікоў прадпрыемстваў, якія ўносяць уклад у развіццё Астравеччыны і рэспублікі, пра нашых юных зорачак і многае-многае іншае.
На працягу васьмідзесяці гадоў менавіта з газетных старонак чытач даведваўся, як збіраюць ураджай, будуюць аб’екты, вучаць у школах і лечаць людзей, скараюць спартыўныя вяршыні і выхоўваюць дзяцей.
У газеты вялікая гісторыя – і нам ёсць, чым ганарыцца. Нам шанцавала на актыўных, творчых людзей, у нас заўсёды было шмат і будзе яшчэ больш сяброў.
Сёння калектыў рэдакцыі – гэта невялікая, але дружная каманда, якая жыве агульнай справай, зберагаючы атрыманае і стараючыся прымножыць яго. І мы абавязкова будзем рухацца наперад, радаваць вас новымі праектамі, артыкуламі, конкурсамі, дасягненнямі і разам з вамі пісаць гісторыю роднай Астравеччыны.
Больш за 100 нумароў у год атрымліваеце вы, нашы паважаныя чытачы. За імі хаваюцца тысячы напісаных тэкстаў, размешчаныя на газетнай паласе, сайце і старонках у сацыяльных сетках; сотні сюжэтаў – знятых, зманціраваных і выпушчаных у эфір – тэлепраграмы «ТВА. ТВой Астравец» і сотні выпускаў радыё «Гарадок». Нам прыемна, што побач з намі ўвесь час, знаходзіцеся вы, нашы чытачы і нашы любімыя героі!
Дзень друку – гэта і ваша свята. Бо менавіта вы на працягу васьмі дзесяцігоддзяў падказвалі тэмы для публікацый, клікалі на раён, былі галоўнымі крытыкамі артыкулаў, фотаздымкаў, відэаматэрыялаў многіх пакаленняў журналістаў, якія працавалі і працуюць цяпер у рэдакцыі.
І мы дзякуем вам за тое, што і сёння вы з намі! Што, як і шмат  гадоў таму, вы чытаеце «раёнку», а цяпер яшчэ і заходзіце на наш сайт і ў­ суполкі ў сацыяльных сетках, слухаеце выпускі радыё і глядзіце тэлепраграму – спа­дзяюся, гэта прадоўжаць рабіць вашы дзеці і ўнукі.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: