Аліса Сізінцава: пра абхазскія традыцыі і дарагія сэрцу мясціны

13:27 / 03.05.2021
375
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна –  пад адным небам.

1.jpg

Аліса разам з маці і жаніхом прыехала на Астравеччыну 25 гадоў таму. Тут з каханым яны пабраліся шлюбам, нарадзілі сыноў, пабудавалі дом – словам, засталіся. 
Пра дарагую сэрцу радзіму і прыезд у нашу краіну расказвае жыхарка Альхоўкі Аліса Сізінцава.


ПРЫВІТАННЕ, БЛАКІТНА­ВОКАЯ!
– У Беларусь мы прыехалі пасля Грузінскага канфлікту. Вайна вайной – нацярпеліся жахаў, і пасля не лепш: ні работы, ні магчымасці вучыцца. Мама сказала: «Беларусь – спакойная краі­на, чаго думаць». Мы пра­­далі маёмасць у Піцундзе і ад­правіліся сюды. Што там гава­рыць, цяжка было расставацца з Радзімай, дзе пражыла 20 гадоў, мясціны прыгожыя – горы, Чор­нае мора. Аднак хацелася цыві­лізацыі, а галоўнае – міру і спакою. 
Не скажу, што было лёгка і тут (увогуле ў 90-я для ўсіх быў складаны перыяд), а мы жылі на кватэры, з грашыма тугавата, на работу не адразу пайшлі – у нас жа пашпарты былі неіснуючай краіны – савецкія. Але, ведаеце, галоўнае, што па сапраўднаму цанілі пасля перажытага, – спакой. 
Пакрысе усё пачало нала­джвацца: муж уладкаваўся на фаб­рыку ў Альхоўку, пазней і я туды пайшла на працу, дом пачалі будаваць – тут вельмі дапамог мой старэйшы брат, падтрымліваў матэрыяльна. 
Складанасці загартоўваюць. Аднак пасля падзей, перажытых на Радзіме, зразумела адно: праблема, якая вырашаецца грашыма, – не праблема. Самае галоўнае – здароўе і жыццё. І потым ад чалавека залежыць, якім ён будзе рабіць сваё жыццё: калі ідзеш да нейкай мэты і ў нейкі час зламаешся – нічога не атрымаецца. Я кіруюся гэтым прынцыпам, тым больш у мяне двое сыноў – не давядзі бог, каб яны бачылі маю слабасць ці слёзы – так быць не павінна. 
Да слова, Беларусь не была мне чужынай – мама родам з Варнян, родзічы тут жывуць. З Астравеччынай я была знаёма – прыязджала да стрыечнай сястры ў госці ў Альхоўку, у мяне з’явіліся сяброўкі, з якімі на танцы разам хадзілі. Неяк трапіла на Івана Купалу – свята адбывалася ля ракі, вогнішча, людзі з факеламі – так прыгожа было! 
Давялося прывыкаць да клі­ма­ту: у Абхазіі 5-10 градусаў цяпла – усім холадна! Пра марозы і размовы не было – іх мы не бачылі. Снегу таксама ніколі не было. Калі ў нас пачынаўся асенне-зімні сезон – ішлі дажджы, пакуль у гарах не выпадзе снег. Мы нават па гэтым арыентаваліся: горы белыя – значыць, закончацца дажджы. 
Не менш здзіўляла і абуладкаванасць двароў: нязвыкла, што гаспадарчыя пабудовы ў адным двары з домам – на маёй Радзіме ўсё было паасобку. 

НАРАДЗІЛАСЯ Ў АБХАЗІІ 

IMG_5745.jpg

– Я родам з пасёлка Піцунда – цяпер гэта горад. 
Па крыві напалову беларус­ка, напалову грачанка. Як ужо казала, маці з гэтых месцаў, а дзядуля з бацькавага боку грэк – родам з пасялення Куйбышава, якое на Украіне заснавалі грэчаскія перасяленцы, дарэчы, і Піцунду таксама заснавалі грэкі. 
У савецкі час у Піцундзе жыло шмат прыезджых украінцаў, рус­кіх, беларусаў. 

  Для даведкі
Піцунда – курортны горад. На адпачынак сюды можна прыязджаць цэлы год. Самы сезон – з сакавіка па лістапад. Там цудоўны рэліктавы гай з 600-гадовымі соснамі, які цягнецца ўздоўж берага дзесьці на 12 кіламетраў. 

Там чыстая прырода, цёплае празрыстае мора – у дзяцінстве гэта было самае любімае месца адпачынку. 
У нас там такі клімат, што бульбу там не вырасціш – галька, пясок, некаторыя садзілі, але гэта трэба было рабіць у лютым. Дарэчы, кустоўі лаўровага ліс­та вырошчвалі ў якасці зялёнай агароджы. Мімозы растуць, віна­граднікі, мандарыны, апель­сіны, фейхуа – амаль у кожным двары. 
Увогуле, калі гаварыць пра аб­хазскую прыроду, – яна ўні­каль­ная. У Гаграх ёсць пячора Крубера-Варонья, яна самая глы­бокая ў свеце, дно яе да гэтай пары не знайшлі. Высока ў гарах – прыгожае возера Рыца, да яго вядзе высечаная ў ска­лах дарога. Непадалёк два вадаспады «Муж­чынскія слёзы» і «Дзявочыя слёзы» – з імі звязана легенда пра каханне юнака і дзяўчыны, якую русалка хацела ўтапіць у рацэ. Хлопец, прадчуваючы, бяду, пра­раніў некалькі слёз – яны і пераўтварыліся ў прыгожы вадаспад. 
Ля падножжа Афонскай гары стаіць вельмі прыгожы манастыр Новы Афон – яго заснавалі рускія манахі з Панцелеймонаўскага ма­­настыра Старога Афона. Там жа ёсць ўнікальная карставая пя­чора з чыстымі падземнымі азё­рамі, Белай гарой і безліччу ста­лактытаў і сталагмітаў – тра­піў­­шы туды, адчуваеш сябе нібы ў казцы! 
Адзін з сімвалаў Абхазіі – старажытны Піцундскі храм. Галоўная яго каштоўнасць – фрэскавы жы­вапіс. 

АБЫСТА, ЛОБІА І АДЖЫКА 
– Што тычыцца хлеба, то ён у Абхазіі быў светлы – «цэглік» альбо лаваш, а вось шэрага ці чорнага не было. Калі прыязджала ў Літву да бабуляў – наядалася.
Самастойныя «стравы» майго дзяцінства, якія мы з сябрамі гатавалі на пляжы, – устрыцы альбо рапаны. Разводзілі агонь, клалі на вуглі жасцянку – і на яе здабытыя хлопцамі ў моры далікатэсы. Устрыцы раскрываліся хутчэй, рапаны вывальваліся пазней – так смачна было! 
Каўказская кухня ў большай ступені склалася з грузінскай і армянскай. Смак маёй Радзімы – гэта ў першую чаргу вострыя  травы і прыправы. Цяпер можна ўсё што заўгодна купіць, а раней, калі мы толькі пераехалі ў Беларусь, мне іх вельмі не хапала. Таму калі прыязджалі ў госці да мужавых бацькоў у Піцунду, абавязкова адтуль везла хмелі-сунэлі, абхазскую аджыку і пепсін, каб зрабіць сапраўдны сыр сулугуні. Кінзу ўжо сама вырошчваю – без яе ніводная страва не абыходзіцца: ткемалі, сацыбелі, сацыві – гэта курыца з арэхам, тое ж лобіа. Базілік, шафран, куркума... Канешне, ёсць розніца з тым, што ёсць тут і ў Абхазіі. 
Самыя любімыя стравы: лобіа, мамалыга (абыста па-абхазску) з сырам, чырвоная грузінская капуста, з марынадаў – турша. 
Ніводнае абхазскае застолле не абыходзіцца без мамалыгі (тугая кукурузная каша без солі). Мамалыгу ядуць рукамі – яе трэба праварыць настолькі, каб яна амаль не ліпла да рук. Яна падаецца гарачай з сырам сулугуні – вэнджаным альбо вараным. 
Армянскія саленні – гэта ўво­гуле нешта! Напэўна, так, як яны, больш не робяць нідзе. Напрыклад, турша – яе і тут раблю. 

  Рэцэпт ад гаспадыні 
Спаржавую фасолю без валакна адварваем да паўгатоўнасці, раскладваем на стол і пасыпаем крыху соллю. Калі астыне, укладваем у слоікі: слой фасолі, слой баклажанаў, апараных кіпенем, востры перац (1 стручок) і балгарскі, зялёныя памідоры, якія крыху пачалі бурэць, і часнок. Заліваем расолам на 80 гр солі на 1 л вады – і ставім укісацца на 3 дні. Зліваем расол, кіпяцім яго, заліваем у слоік і закатваем.
Аджыка, як абхазскае масла, – без яе нікуды. Ткемалі раблю – вельмі люблю. У мяне шмат прыпраў – я іх усюды дадаю.

РАЗМАЎЛЯЛІ ПА-РУСКУ
– Дома мы размаўлялі па-руску. У Піцундзе было 3 школы: грузінская, абхазская, руская. Я хадзіла ў рускую, а другую мову для вывучэння выбрала грузінскую. 
Дарэчы, грузінская і абхаз­ская абсалютна розныя мовы. Нават па графіцы – у аб­хаз­­скай шмат літар падобных да рускіх, толькі да іх да­баў­ляецца зверху альбо знізу коска. Абхазская мова болей шыпячая, грузінская – звонкая. Праўда, цяпер усё што помню «прывітанне» па-грузінску – «гамарджоба». (Усміхаецца.)
Адметнасць грузінскіх проз­віш­чаў: заканчваюцца на -швілі, -дзе, -нія, - лія. Абхазскія – на – -ба, -ва.
Дзед мой ведаў грэчаскую, спрабаваў і мяне вучыць – ды куды там: нашто, думаю, мне – цяпер шкадую. Калі дзядуля прыязджаў на сваю радзіму – гаварыў там на роднай мове. 
А тут я ўжо «злавіла» беларускую мову, нават часам цяжка сфармуляваць думку па-руску. 

IMG_5755.jpg


ХЕЧКОМА, альбо СТАРЫ НОВЫ ГОД
– Пасяванне – з 13 на 14 сту­­дзеня – цудоўнае свята. На­браў­шы розных круп з прыгаворкай «Сею-вею, посеваю, с Новым го­дом поздравляю. Открывайте сундучки, доставайте пятачки» ішлі па хатах з вечара пася­ваць – ранкам устаеш, увесь двор засыпаны. І я хадзіла – раз­ма­лёў­валіся, пера­апраналіся, каб нас не пазналі. За пасяванне давалі грошы і цукеркі.
Абхазцы святкуюць і Стары Новы год – называецца хечкома. Яны ездзяць па вёсках, купляюць пеўняў, рэжуць і потым гатуюць. Традыцыя мае язычніцкія карані – раней гэта быў рытуал ахвярапрынашэння. 
На Радзіме наша сям’я заўсёды адзначала Раство і Пасху – і пра­васлаўныя, і каталіцкія. Хоць маці каталічка, мяне ахрысцілі ў пра­васлаўнай веры – каталіцкага храма не было, а бабця казала, што чалавек абавязкова павінен быць хрышчоным. Потым бабуля навучыла мяне маліцца па-польску, гаварыць ражанец. 
У Абхазіі калі было пахаванне, на могілкі праваджалі памерлага ўсім сялом. За памінальны стол першымі сядалі мужчыны, пасля іх заходзілі жанчыны, а потым – дзеці. Цукеркі раздавалі. На такім стале стаяла лобіа, мамалыга, сыр, рыба смажаная. Калі ў Беларусь прыехала, дзівілася: сапраўдны банкет, а не памінкі, – стол ломіцца ад ежы. У Абхазіі гэты абрад адбываўся нядоўга, ціха, святар не прыходзіў. Жанчыны дапамагалі гаспадыні з памінальным абедам, бралі нажы і ішлі гатаваць – грошай ім за гэта не плацілі, падтрымлівалі ў горы адзін аднаго. 
Так і вяселлі – усе разам: і гатаваць, і святкаваць. 
Дарэчы, абхазскія жанчыны і дзяў­чаты не насілі кароткія рукавы альбо спадніцы – лічылася, што нельга паказваць сваё цела, бо гэта нядобра. 
Што помніцца з дзяцінства, гэта прыгожыя песні падчас за­столляў; святкаванне 1 і 9 Мая, калі давалі ад калгаса аўтобус і дзеці і дарослыя ехалі ў Гагры з транпарантамі, шарыкамі, а пасля дэманстрацыі ішлі катацца на караблях, у гарадскі парк, а там пеліканы, паўліны, шашлыкі, цукеркі-пеўнікі... Бацькі сядзяць святкуюць, а мы – на атракцыёнах. А яшчэ апацхі – плеценыя вялікія альтанкі-кафэ. Там пасярэдзіне столі адтуліна, пад якой вэндзіцца над вогнішчам ялавічына альбо мядзвяжаціна… 
Для дзяцей Алісы Сізінцавай Беларусь стала Радзімай, для яе – другім домам, але і мясціны, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва жанчыны, займаюць у яе сэрцы самы ўтульны куточак. 

Аліса з сынамі Раманам і Эрыкам.jpg




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений