Нюансы пасяўной у КСУП «Гервяты» раскрывае галоўны аграном

15:53 / 15.04.2021
Запозненая, непрадказальная, выпрабавальная – усё гэта пра пасяўную кампанію, якая сёлета пачалася, лічы, на дзве дэкады пазней, чым летась. Пусціўшы са спазненнем у поле трактары і пасяўныя агрэгаты,  вясна напачатку здеквалася з хлебаробаў: прымаро­жвала, прысыпала колкім снегам – тым не менш аграрыі спраўляюцца: яравымі культурамі ў раёне ўжо засеяна трэць плошчаў. 

Пра спадзяванні на ўраджай, асаблівасці вясенне-палявых работ мы даведаліся ў КСУП «Гервяты». 

Яравы клін у гаспадарцы складае ажно 4 тысячы гектараў, з якіх 1 763 – адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя. На 14 красавіка з іх сяўбой хлебаробы  справіліся больш чым на 80%. Агульнымі намаганнямі трох камбінаваных пасяўных агрэгатаў і адной СПУшкі за дзень у сярэднім засяваецца больш за 110 гектараў. Акрамя гэтага, па адной сеялцы задзейнічана на сяўбе цукровых буракоў і падсеве траў.

Нядрэнныя тэмпы пасяўной кампаніі і лідзіруючыя пазіцыі ў раённым табелі сельгасработ сярод іншых гаспадарак усё ж не радуюць галоўнага агранома КСУП «Гервяты» Аляксандра Кавальку. 

IMG_4624.jpg

Галоўны аграном Аляксандр Кавалька


– У апошні час у раслінаводстве прынята адыходзіць ад тэрміна «зона рызыкоўнага земляробства», – расказвае па дарозе галоўны тэхнолаг гервяцкіх ніў. – Мы плённа папрацавалі з восені: упершыню ў гісторыі развіцця гаспадаркі пасеялі крыху больш за 3 тысячы азімых. Вясной планавалі дасеяць каля 1 200 гектараў ранніх збожжавых. Пры спрыяльным надвор’і і нашых магутнасцях з гэтай задачай справіліся б за тыдзень. Восенню пасевы, якія больш чым на 90% былі праполаты ад пустазелля, падавалі вялікія надзеі на доб­ры ўраджай. Празмерна снежная зіма зрабіла сваю справу: загінула 487 гектараў, якія давя­дзецца перасяваць,  – у асноўным трыцікале польскай селекцыі. На гэтых плошчах пасеем па 150 гектараў кукурузы і ячменю, астатняе адвядзём пад авёс. 

IMG_4615.jpg

Міхаіл Кавалеўскі, які працуе на агрэгаце «Раса», па спецыяльнасці будаўнік, па прызванні – механізатар



Збожжавая група ў КСУП «Гервяты» сёлета значна не змянілася ў параўнанні з мінулым годам: найбольш зойме ячмень – 1 048 гектараў, авёс – 308, пшаніца – 400, зернебабовыя – 407 гектараў. Затое плошчы рапсу павялічыліся з 650 да 850 гектараў. 

Аграрыі працуюць адразу па некалькіх франтах: сеюць збож­жа і цукровыя буракі (пад іх сёлета адвядуць каля 500 гекта­раў), падкормліваюць азімыя…
Не першы год карбамідна-аміяч­­ную сумесь уносіць Віта­лі­юс Гудойціс. 

IMG_4597.jpg

На «Раптары» ўгнаенні ўносіць Віталіюс Гудойціс


– Аб’ёмы работ залежаць ад участка, надвор’я, – расказвае механізатар. – Найбольш за дзень падкормліваю азімыя на плош­чы каля 150-200 гектараў. Хоць зіма была снежная, але вільгаці ў глебе не хапае. 

IMG_4603.jpg

Юрый Рэвака падвозіць на поле вадкія мінеральныя угнаенні. Хутка мужчына будзе сеяць кукурузу



– На вясенне-палявых работах без перабольшання за­дзейнічана ўся тэхніка: ніводны трактар не прастойвае ў меха­нічных майстэрнях, – пра­цягвае Аляксандр Кавалька. 

Увогуле аўтапарк КСУП «Гервяты» пастаянна папаўняецца новай тэхнікай: сёлета, напрыклад, набылі 2 збожжаўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці і 2 корманарыхтоўчыя комплексы. У планах на наступны год – сеялка дакладнага высеву кукурузы. 

IMG_4594.jpg

На поле КАС падвозіць Віктар Мажэйка


– Раслінаводства ў нашай гаспадарцы «заточана» пад патрэбы жывёлагадоўлі. Калі збожжавыя не ўродзяць, канцэнтраты не праблема набыць, а вось якасны сілас – іншае пытанне. Таму ў апошні час стратэгічна важнай культурай стала кукуруза, пад яе сёлета адвядзём 1 415 гектараў, з якіх 180 – на зерне, –  расказвае Аляксандр Кавалька. – Летась пайшлі на эксперымент: плюшчанае зерне кукурузы, зразумела з выкарыстаннем кансервантаў, захоўвалі ў спецыяльных герметычных «рукавах». Рызыкнулі – і не прагадалі! Па-першае, атрымаўся якасны спажыўны корм, не горш за звычайнае кукурузнае зерне, – заатэхнікі вельмі задаволены; па-другое, сэканомілі грошы на давядзенні кукурузнага зерня да патрэбнай кандыцыі. 

IMG_4621.jpg

Віктар Кардзіс сее зернебабовыя


…Хоць пасяўная кампанія сёлета з няпростых, для гервятцаў няма невырашальных задач – вясенне-палявыя работы ў гаспадарцы адладжаны, як механізм гадзінніка: адны – культывуюць, другія – сеюць, трэція – падкормліваюць… Яшчэ б вясна ўсміхалася сонейкам, а не кідалася снегам – зусім шпарка справы пайшлі б!  




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич