Фірма «СтАлВіСт-аўта» – «Жаночаму клубу»

11:43 / 15.04.2021

Наша газета ўжо расказвала пра «Жаночы круг», які дзейнічае пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Маладыя маці прыходзяць сюды са сваімі малышамі, і, пакуль дзеці бавяцца, займаюцца рукадзеллем.

Рукадзелле ў іх спецыфічнае: яны вяжуць шарсцяныя рэчы і баваўняныя цацкі для неданошаных дзяцей – на жаль, іх нараджаецца не так мала, як можа падацца недасведчаным.

3.jpg

У астравецкі «Жаночы круг», лідарам якога з’яўляецца Анастасія Гарадзецкая, уліваюцца жанчыны з іншых гарадоў: маладыя маці падтрымліваюць стасункі ан-лайн. Не так даўно нераўнадушныя жанчыны далучыліся да валанцёрскага руху «28 петель Беларусь», мэта якога – дапамагчы немаўлятам, што з’явіліся на свет раней вызначанага прыродай тэрміну, і іх матулям. Раз у квартал яны перадаюць звязаныя дома і на пасяджэннях клуба малюсенькія шкарпэткі, шапачкі, камізэлькі, пледы ў аддзяленні радзільных дамоў, дзе выходжваюць неданошаных дзяцей. Да слова, хутка новая партыя ўбораў для немаўлят паедзе ў радзільны дом № 2 Мінска. Рэчы выключна шарсцяныя: па-першае, гэта цёпла, па-другое, калюча, а значыць, раздражняе нервовыя канчаткі аслабленых дзетак, паляпшае кровазварот, абуджае жыццёвыя сілы немаўлят і прымушае іх інстынктыўна змагацца за жыццё.

5.jpg

Занятак у жанчын, пагадзіцеся, высакародны. Але ён патрабуе пэўных матэрыяльных укладанняў: шарсцяная пража патрэбнай якасці каштуе не танна, ды і купіць яе ў нашым горадзе не так проста. А ўдзельніц клуба, большасць з якіх знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, многія, як і Анастасія Гарадзецкая, – мнагадзетныя мамы, лішніх грошай не бывае. Яны, вядома ж, спрабуюць нешта выкраіць з сямейнага бюджэту, але гэта не вырашае праблему. Да таго ж рэчы, што яны вяжуць, выключна індывідуальныя: іх нельга апрацоўваць, распусціць і звязаць новыя: яны прызначаны толькі для аднаго малыша.

2.jpg

Ды на дапамогу прыходзяць добрыя людзі, якіх нямала і ў нашым горадзе. Набываць пражу для «Жаночага круга» дапамагаюць знаёмыя і сябры яго ўдзельніц, неаднаразова яе перадавалі рукадзельніцам члены пярвічкі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Беларускай атамнай электрастанцыі.

А цяпер да жаночай справы з разуменнем паставіліся мужчыны, супрацоўнікі фірмы «СтАлВіСт-аўта». Дзень нараджэння сваёй фірмы – 1 красавіка ёй споўнілася 13 гадоў – яны вырашылі адзначыць добрай справай. Распытаўшы, якая патрэбна пража і колькі, закупілі неабходную колькасць рознакаляровых шарсцяных нітак. А разам з тым – і матэрыялы для работы гурткоў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

1.jpg

Падарункі былі прыняты з удзячнасцю. А мужчыны, якія папрасілі не называць свае прозвішчы на той падставе, што яны прадстаўляюць усю фірму і яе супрацоўнікаў, паабяцалі, што гэта не апошні іх візіт у «Жаночы круг».

Далучыцца да гэтага дабрачыннага пачынання могуць і іншыя – рабіць добрыя справы так проста і так прыемна!






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик