Жыццёвыя сцежкі, што прывялі Паліну Зіму на Астравеччыну

09:24 / 10.04.2021
Чалавек – гаспадар свайго лёсу – у гэтым нас пераконвалі ў свой час. Але, калі прыгле­дзецца і пра­аналізаваць, то толькі на першы погляд ты сам выбіраеш шляхі-дарогі – на самой справе нехта нябачны вядзе цябе па жыцці, скіроўваючы на вузкую сцежку ці шырокі абсяг, пасылаючы насустрач людзей, падказва­ючы рашэнні…

Шлях да Астраўца

Восем класаў Паліна Панчанка закончыла ў роднай вёсцы Сцежына, што ў Брагінскім раё­не Гомельскай вобласці. А ў дзявяты пайшла ў Крыўчанскую дзесяцігодку. Страшнавата бы­ло: незнаёмыя настаўнікі, новыя аднакласнікі… З сяброўкай яны сціпла селі ў апошні рад. Ды зухаваты хлопец Міша Зіма забраў яе партфель і пераставіў на першую парту, перад сабой: тут сядзець будзеш! На ўроках літаратуры Паліне часта даводзілася пісаць 3 сачыненні: для сябе, для Мішы і яго сябра. А «аддзячваў» хлопец своеасабліва: раз-пораз тузаў за доўгую касу. Дзяўчына таксама ў даўгу не заставалася – адварочвалася і лупіла сябра кніжкай па галаве. Калі той паспяваў падняць вечка парты, то збівала рукі да крыві. Настаўнікі па­смей­валіся: хто каго чубіць, той таго любіць… «Яго? Ніколі! Ніза­вошта!» – у запале крычала Паліна. Але нездарма кажуць: ніколі не гавары «ніколі»…

1.jpg


Пасля школы яна падала дакументы ў Гомельскі пе­да­гагічны інстытут. У дзяў­чыны былі доб­рыя шансы: Ганаровая грамата па нямецкай мове гарантавала як мінімум адну «пяцёрку» на ўступных экзаменах. Але тут прыеха­ла сястра з Крывога Рога.

– Паехалі са мной! – прапанавала. – У нас таксама ін­с­ты­туты ёсць. Разам будзем…

У Крыварожскім педагагіч­ным інстытуце на Паліну па­глядзелі са здзіўленнем:

– З Беларусі? У вас інстытутаў няма, што да нас прыехалі? – і нават не прынялі дакументы: сваіх абітурыентаў хапае! 

Дахаты яна не вярнулася, пайшла на курсы сакратароў-ма­шыністак. Закончыўшы, стала працаваць у вячэрняй школе.

Міша служыў у арміі. Як толькі дэмабілізаваўся, пры­ехаў у Кры­вы Рог да Паліны, з якой ліста­ваўся такія доўгія і кароткія 2 гады. Сястра дзяўчыны прапа­ноўвала і яму заставацца – знайсці работу ў шахцёрскім горадзе было няцяжка.

– Міша пераначаваў, ранкам пабачыў, што за ноч белыя машыны сталі чырвонымі ад крыварожскага пылу, пабываў на катлаване, куды яго «сваталі» ў якасці вадзіцеля, – зверху машыны, што працуюць на дне, уяўляліся мурашамі – і сказаў: не, не па мне гэта. Вярнуўся ў Беларусь, уладкаваўся на работу ў Хойніках, а потым і мяне забраў, – расказвае Паліна Аляк­­сееўна.

І стала Паліна Панчанка Зімой – дарэчы, нямала жартаў выслу­хала з-за свайго прозвішча тады, чуе іх і цяпер. З цягам часу прывыкла! У іх нарадзілася трое дзяцей: дачушка Танюшка, сыны-пагодкі Сярожа і Алёша.

У Хойніках яна працавала сак­­ратаром у будаўнічай арга­ні­­зацыі. Пасля аварыі на Чарно­быльскай АЭС яе на­чальнік Мі­ка­лай Кава­лёў з амаль усім ка­­лек­­тывам пе­ра­ехаў у Астравец. 

Аднойчы, завітаўшы ў Хойнікі, Мікалай Іванавіч спытаў Паліну:

– Колькі тут сядзець будзеш? Што ты сабе думаеш – у цябе ж трое дзяцей! Прыязджайце, знойдзем работу і табе, і твайму Зіме…

Паліна не стала расказваць, што на карце Беларусі, на якой яны адзначалі магчымыя мес­цы для пераезду – у 1989 го­дзе ў Хойніках гэта была самая злабадзённая тэма, –  Астравец быў закрэслены тлустым чорным крыжам – вельмі ж далёка…

Але пасля той размовы з’ездзі­лі на «свету канец». Астра­вец спа­дабаўся: кампактны – усё побач, да таго ж зялёны, чысты, утульны. На сямей­­ным савеце пры­нялі рашэнне: едзем!

Муж стаў працаваць у МПМК, Паліне былы начальнік дапамог уладкавацца сакратаром ва ўпраў­ленне сельскай гаспадаркі – праўда, толькі на замену дэкрэтнага адпачынку. Дачка пайшла ў школу, старэйшы сын – у дзіцячы садок. А меншаму месца не знайшлося – маці брала яго з сабой на работу.

– Лёша «паштальёнам» пра­цаваў, – з усмешкай успа­мінае Паліна Аляксееўна. – Карэспан­дэнцыю па кабінетах разносіў. Зморыцца – засне ў шафе, скруціўшыся абаранкам. Неяк прыходзіць да начальніка наведвальнік, адкрывае шафу, каб паліто павесіць, – а там мой малы спіць… Толькі праз год Алёшку далі месца ў садку.

Шлях да прызнання

Працу ва ўпраўленні хутка да­вялося пакінуць – вярнуўся з дэ­к­рэтнага асноўны работнік. Пэўны час працавала ў насеннай інспекцыі. А потым начальнік уп­раўлення капітальнага будаў­ніцт­ва Віктар Аксютчык прапа­наваў перайсці да іх. 

З таго часу – 1 красавіка споў­­­нілася 27 гадоў! – Паліна Аляк­се­еўна нязменна працуе ў гэ­тай арга­нізацыі: спачатку сак­ра­­­­таром, а ў 2008 годзе, пасля таго, як закончыла Ашмянскі каледж, яе перавялі на пасаду эка­на­міста.

«Ну што там за работа ў эка­на­міста УКБ? – скажа нехта. – Сядзіць сабе, паперкі пера­бі­рае…»

Але за кожнай з гэтых паперак – грошы, шматтысячныя, а то і мільённыя асігнаванні… А яны, як вядома, любяць дак­ладны падлік і строгі парадак. Да таго ж умовы фінансавання будаўніцтва ўвесь час мяняюцца. Узяць, да прыкладу, узвядзенне жылых дамоў. Спачатку былі жыллёва-будаўнічыя каапе­ратывы – адна схема фінан­савання. Затым – эксперыментальныя дамы, якія будавалі па дзяржаўным заказе, а потым прадавалі тым, хто стаяў на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, – іншая нарматыўная база. Будаўніцтва па Указе № 215, затым – па Указе №240… У кожным дакуменце свае нюансы, і іх трэба ведаць, бо гэта  дзяржаўныя і асабістыя сродкі людзей. Цяпер вось на парадку дня – долевае будаўніцтва, і зноў трэба разбірацца з усімі нюансамі, ехаць да суседзяў, якія ўжо працуюць у гэтым напрамку, вучыцца…

А калі ў 2008 годзе Астравец рыхтаваўся да 540-годдзя і адначасова будавалася ці рэканструявалася больш за 300 аб’ектаў, работнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва ўво­гуле працавалі ў рэжыме нон-стоп. 

– Камп’ютараў у нас тады не было, усе дакументы друкавалі на машынках. Паступяць вечарам грошы – а ранкам плацёжкі трэба палажыць на подпіс начальніку ўпраўлення. Здаралася, да поў­начы сядзім, а то і пазней. Ву­лічныя ліхтары тады ў 12 гадзін ночы выключалі, ідзеш з работы – хоць вока вы­калі. Муж напаўжартам прапаноўваў пера­бірацца жыць на работу. Хоць так, для прыліку бурчэў – на самой справе ўсё разумеў. І вячэра да майго вяртання заў­сёды была згатавана.

Акрамя непасрэдных аба­вяз­каў, Паліна Аляксееўна вядзе кад­равую работу, архіў і выконвае мноства іншых «нічыйных» спраў. Словам, яна з тых лю­дзей, пра якіх гавораць: хто вязе – на таго і грузяць.

– Гэта сапраўды так, – гаворыць начальнік УКБ Тамара Кацяк. – Паліна Аляксееўна – чалавек надзвычай адказны. У яе лек­сіконе няма слоў «Гэта не мая справа», «Я не буду», «Не ўмею». Не ведае нечага – даведаецца, не ўмее – навучыцца, трэба зрабіць тэрмінова – не лічыцца з асабістым часам. Яна ўсё ведае, усё памятае. Зда­раец­ца, толькі пачнём нешта абмяркоўваць, думаць, дзе знайсці патрэбныя дакументы, – а Зіма ўжо прыносіць. Незаменны работнік! І хоць не­калькі гадоў таму аформіла пен­сію, развітвацца мы не збі­раем­ся. Таму, калі ўзнікла пытанне аб кандыдатуры для занясення на раённую Дошку гонару, калектыў без ваганняў назваў імя Паліны Зімы.

Шлях да шчасця

Падзею гэтую – занясенне партрэта жонкі, маці, бабулі на раённую Дошку гонару – сям’я ўспрыняла з радасцю і гонарам. І адзначыла традыцыйна, як і ўсе сямейныя святы, – шашлыкамі ў Бабанішках.

– Калі пераехалі ў Астравец, атрымалі двухпакаёвую кватэру ў адным з «чарнобыльскіх» дамоў, – расказвае пра  шмат­лікія «вялікія перасяленні» Па­лі­на Аляксееўна. – Вядома ж, з трыма дзецьмі было цесна­вата. Пазней аддалі сваю двух­пакаёўку райвыканкаму і атры­малі трохпакаёўку. З цягам  часу сталі марыць пра ўласны калі не дом, то хоць бы дачу: нас, колішніх вяскоўцаў, цягнула да зямлі. Узялі ўчастак у Бабанішках, купілі ў вёсцы хату, перавязлі, злажылі, дабудавалі яшчэ такую ж, каб былі ўсе выгоды… Ужо гадоў 10, калі не больш, паціху нешта будуем, а канца-краю не відаць. Думалі, што спяшацца няма куды. Лёша, калі ажаніўся, пабудаваў каапе­ратыў, Сярожа жыў з намі. А калі і ў яго з’явілася сям’я, мы з мужам вырашылі перабрацца ў Баба­нішкі. Я ж  разумею, што маладым хочацца самастойнасці – сама такой была. 

Самым шчаслівым, насычаным знакавымі падзеямі, па словах жанчыны, у іх быў 2019 год. Тады ажаніўся Сярожа – зрэшты, ужо маёр міліцыі Сяргей Мі­хайлавіч, у яго нарадзілася да­чушка – першая «зімовая» ўнуч­ка, Кацюша. І ў Алёшавага сына Мікіткі з’явіўся брацік На­зар. Муж змяніў работу. А га­лоўнае – яны перабраліся ў свой дом! Работы там яшчэ шмат, але фіранкі на вокнах ужо ві­сяць – а гэта, на думку Паліны Аляк­сееўны, галоўная прыкмета абжытасці селішча.

І цяпер у іх дзяцей і ўнукаў ёсць цэнтр прыцягнення: баць­коў­скі дом у Бабанішках, дзе яны збіраюцца на святы, адзначаюць усе важныя падзеі.

– З мяне калегі часам смяюцца, кажуць, што я – маці-квактуха. А мне і праўда трэба, каб усе яны былі побач, пад маім крылом, каб я ўсё пра іх ведала, кожнага магла абагрэць, накарміць, прылашчыць, – гаворыць жанчына.

І ў гэтым яна бачыць сваё шчасце: каб усё было добра ў дзяцей, каб прыбаўлялася ў сям’і ўнукаў, каб кожную ня­дзе­лю поўніўся галасамі іх дом і каб усім ім былі патрэбны бабуля з дзядулем.

– Калі мае дзеці шчаслівыя, то я – удвая, – гаворыць Паліна Зіма.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик