Гудагайскія вучні на вясенніх канікулах адпачылі ў прышкольным летніку
У займальнае падарожжа па касмічнай прасторы змаглі адправіцца гудагайскія школьнікі – на вясенніх канікулах дзеці адпачылі ў прышкольным летніку «Лясная казка».
Кожную змену ў прышкольным лагеры робяць тэматычнай. Вясной выхаванцам атрада «Камета» мы прапанавалі касмічнае падарожжа з нагоды 60-годдзя палёту першага чалавека ў космас.
У атрадзе аформілі стэнд у выглядзе зорнага неба, цэнтрам якога стаў касмічны карабель «Дзяцінства». Кожны дзень адкрывалі адну з незвычайных планет: Сустрэч, Інтэлектуалаў, Казачную, Шчаслівага Дзяцінства, Зялёную і Здаровейка.
А колькі бадзёрасці і добрага настрою дзеці атрымлівалі ад танцавальных зарадак і майстар-класаў па рукадзеллі!
З задавальненнем школьнікі гулялі ў футбол, удзельнічалі ў спартыўных эстафетах і літаратурна-музычных кампазіцыях, хадзілі на аздараўляльныя працэдуры і псіхалагічныя трэнінгі.
Запомніцца вучням і экскурсія ў пагранічную камендатуру «Гудагай», дзе яны ўбачылі ваенную зброю і тэхніку, якая стаіць на абароне Дзяржаўнай мяжы нашай краіны.
Усяго за тыдзень на касмічным небасхіле запалілася шмат яркіх зорачак, а дзеці і выхавацелі адзначылі, што адпачынак у прышкольным лагеры быў насычаным і цікавым.
Юлія КАРОБКА,
дырэктар прышкольнага аздараўленчага лагера Гудагайскай СШ