Фотанарыс: велікодныя традыцыі сям’і Ствол з Міхалішак

08:02 / 04.04.2021
Здаецца, сама прырода затаілася ў нецярплівым чаканні змёртвыхпаўсталага Езуса: кволыя перша­цветы цягнуць цікаўныя галоўкі да жыццядайнага сонца; з далёкага выраю на крылах стомленыя птушкі прынеслі веснавое цяпло, а пушыстыя «коцікі» абляпілі пацеркамі галінкі вярбы…

Гэтак і чалавек: чакае, рыхтуецца да сустрэчы з Езусам, які больш за дзве тысячы гадоў назад аддаў жыццё дзеля нашага збавення, каб у нядзелю з кожным стрэчным падзяліцца радасным прывітаннем «Хрыстос уваскрэс!» І пачуць у адказ шчырае, напоўненае дабрынёй і спагадай «Сапраўды ўваскрэс!».

4.jpg


Новазапаветнае выказванне, што Бог – ёсць любоў, ніколі не згубіць сваёй актуальнасці… Любоў да лю­дзей, сябе, Усявышняга, як і вера, пачынаецца з сям’і. Для Андрэя і Вольгі Ствалоў з аграгарадка Міхалішкі, як і для большасці каталіцкіх сямей Астравеччыны, Вялікдзень – адно з самых галоўных свят. Разам з дачушкамі – сямігадовай Арыянай і трохгадовай Міланай бацькі штотыдзень ходзяць на імшу. Напярэдадні Вербніцы дзяўчынкі дапамагалі матулі ўпрыгожыць вербачкі, а перад Вялікаднем у шэсць рук яны фарбавалі яйкі, упрыгожвалі іх узорамі і замешвалі пульхнае цеста на кулічы… Усё для Езуса! 

1.jpg

6.jpg


Велікодныя традыцыі, якія ў сям’і Ствол беражліва захоўваюцца, верыцца, сваім дзеткам перададуць, калі стануць дарослымі, і Арыяна з Міланай. І ў іх Вялікдзень будзе чырванець яйкамі, пахнуць булкамі і напаўняцца шчырай любоўю адзін да аднаго… 

3.jpg


Другі год запар сям’я Ствол бу­дзе адзначаць Уваскрэсенне Езуса ўчатырох у сваім утульным прыгожым доме. На жаль, пандэмія перакрыла дарогі, сустрэчы з блізкімі – але не змагла патушыць любоў у сэрцах… Пасля ранішняй імшы Андрэй і Вольга з дачушкамі сядуць за велікодны стол, падзеляцца свянцонкай і абавязкова патэлефануюць сваякам і сябрам, каб абвясціць радасную навіну: Хрыстос уваскрэс! А пачутыя ў адказ словы «Сапраўды ўваскрэс!» – узросцяць у іх любячых сэрцах упэўненасць у тым, што дабро перамагае зло, цемра змяняецца святлом, пандэмія не вечная, што ў наступным годзе ўсе блізкія абавязкова збяруцца разам за велікодным сталом…

2.jpg

5.jpg







Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич