Унучка ветэрана Крысціна Юргелянец выказалася аб ушанаванні памяці герояў вайны і выхаванні падрастаючага пакалення

16:01 / 30.03.2021
Ушанаванне памяці ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны, расповеды пра лёсы і выпрабаванні, якія давялося перажыць людзям у тыя страшныя часы, – гэта трэба зберагаць і расказваць дзецям. Так лічыць унучка ветэрана, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ гімназіі №1 Крысціна Юргелянец.

2.jpg

– Пакуль мы будзем помніць пра жахі вайны – не дадзім гэтай бядзе паўтарыцца, – упэўнена Крысціна. –  Для мяне Вялікая Айчынная – не проста старонка з падручніка гісторыі, не мастацкая ці дакументальная стужка. Я чула пра яе ад родных, сведкаў той трагедыі.  Мая бабуля, якая  жыла ў Літве, цудам выжыла падчас забойства мірных жыхароў. Людзей сагналі да вялікай ямы і, калі пачалі страляць, куля трапіла ў касу бабулі – яна ўпала ў яму, а зверху яе накрывалі целы памерлых. Не рухаючыся, бабуля праляжала сярод нябожчыкаў ажно да ночы. Так і ўратавалася.


Мой дзед Браніслаў Адамавіч Янкойць ваяваў сувязістам. Родам ён з Астравеччыны з вёскі Кукенішкі, што каля Літвян. На фронт пайшоў разам з мужам сястры Іванам Васюном  – іх прызвалі ў 1944-м. Дзякуй богу, абодва вярнуліся. Дзядуля ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені. Пражыў 88 гадоў.

Мірнае жыццё – гэта неацэнны падарунак пакалення  Перамогі. Асабіста я, гэта так успрымаю. Па-першае, 9 Мая для нашай сям’і заўсёды было святам. Па-другое, у гэты дзень  у Кямелішках, дзе я жыла,  на яўрэйскіх могілках праходзілі ўрачыстасці, на іх запрашалі  дзядулю – у такія моманты былі змешаныя пачуцці: гонар, што ў агульную Перамогу зрабіў унёсак мой дзед, радасць, што не бачыла тых страшных падзей, смутак і горыч за тых, каго забрала вайна. 

Я працую педагогам-арганізатарам. Мы з гімназістамі актыўна ўдзельнічаем у розных мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ахвяр і герояў вайны. Дзецям трэба ведаць гісторыю свайго народа, пра беды, якія давялося перажыць нашым дзядам і прадзедам, каб разумець кошт міру і свабоды.
 
Застаецца ўсё менш сведкаў тых часоў. Расповеды  пра гады ліхалецця моладзь больш чуе з трэціх вуснаў, але ёсць мы, унукі і праўнукі ветэранаў, вязняў, тых людзей, што перажылі вайну, і цяпер ужо наша задача не даць забыць. І рабіць гэта трэба шчыра, пранікнёна, каб брала за душу. 

Мы можам і павінны перадаць гэту памяць.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: