Падарункі для адзінокіх сэрцаў

12:59 / 19.03.2021
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла, супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяль­нага абслугоўвання насельніцтва і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, работнікі культуры павіншавалі жанчын філіяла ТЦСАН у Падольцах з 8 Сакавіка.  

…У Дзень жанчын, калі большасць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва купаліся ў вінша­ваннях, кампліментах і падарунках, былі і тыя, хто сустракаў свята ў адзіноце ці раздзяліў яго з такімі ж адзінокімі сэрцамі. 

3.jpg


Выправіць гэтую несправядлівасць вырашылі супра­цоўнікі ТЦСАН – і адразу пасля свята завіталі ў Падольцы, дзе ў так званым доме сумеснага пражывання пажылых людзей  знаходзяцца 24 жыхары нашага раёна. У Падольцы прыехаў і дэпутат парламента Віктар Свіла, які падчас работы намеснікам старшыні райвыканкама курыраваў стварэнне гэтай установы. Павіншаваўшы ўсіх з мінулымі святамі, Віктар Збігневіч нагадаў пра сацыяльную арыентаванасць нашай дзяржавы і падтрымку, якую атрымліваюць нашы грамадзяне, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

1.jpg


Былі ў той дзень і іншыя віншаванні, якія сумяшчаліся з карыснай інфармацыяй. Інспектар РАНС Аляксандр Сачак нагадаў, як трэба паводзіць у небяспечнай сітуацыі, каб захаваць жыццё і здароўе – сваё і тых, хто побач, – тыя, хто ведалі гэта лепш за ўсіх, атрымалі ў дадатак да прыемных слоў салодкія прызы. Педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вераніка Кумішча правяла майстар-клас па вырабе штучных кветак – хоць асвоіць тэхніку пажылым людзям было няпроста, многія паспяхова справіліся – і ў якасці ўзнагароды атрымалі не толькі добры настрой, але і прыгожыя букеты. А дырэктар ТЦСАН Святлана Куцько і дырэктар Рытанскага дома культуры Аляксандр Юргелянец падарылі песні, ад якіх то хацелася ўсміхнуцца, то немагчыма было стрымаць слёзы. 

34.jpg


– Прыязджайце часцей, – прасілі на развітанне насельнікі філіяла ТЦСАН.

Сапраўды, галоўнае, чаго не хапае людзям, якія дажываюць век у цяпле і камфорце, – стасункаў – яны для іх даражэй за любы падарунак.

Ніна АЛЯКСЕЕВА


Текст: Главный администратор